Пакуль у беларускай благасферы вяліся няпростыя спрэчкі з нагоды выхаду “Сучаснага беларускага календара”, у ролі мадэляў якога выступілі сучасныя пісьменніцы, паэткі і спявачкі, каляндар спакойна з’явіўся ў продажы. Спрэчкі што да якасці прадукта, вартасці мадэляў, этычнасці выхаду, этычнасці крытыкі календара і г.д. засталіся, бадай, найгучнейшым і самым запамінальным рэхам, што суправаджала паліграфічныя працэсы падрыхтоўкі каленадара, а потым і яго параўнальна бязгучнае з’яўленне.
Перашага студзеня ў беларускім сегменце ЖЖ з’явіўся і своеасаблівы эстэтычны адказ і працяг дыскусіі з нагоды выхаду жаночага календара – “Беларускі жаночы каляндар: анталогія” – інтэрнэт-макет календара на 2011 год, мэта стварэння якога – пазнаёміць чытача з асобнымі, напісанымі пераважна ў 1990-х, творамі культавых беларускіх пісьменніц.
Паводле яго стваральнікаў, “каляндар створаны ананімна, распаўсюджваецца бясплатна, існуе толькі ў інтрэнэт-версіі. Каляндар прысвячаецца светлай памяці беларускай паэткі Тацяны Сапач.”
Каляндар не утрымлівае аніводнага фотаздымка, а ў якасці мадэляў у ім – тэксты Вольгі Бабковай, Людмілы Рублеўскай, Вольгі Іпатавай, Галіны Дубянецкай, Ніны Мацяш, Святланы Алексіевіч, Веры Бурлак, Тацяны Сапач, Валянціны Аксак, Леры Сом, Алены Казанцавай і Дануты Бічэль.
Нагадаем, што ў 2009 годзе пабачыў свет праект “Вечны” арт-календар “Канец словаў” – з аголенымі беларускімі мужчынамі, датычнымі беларускага літаратурнага і музычнага працэсаў.