Некалі ў даўнія часы адна жанчына жала жыта разам са сваёй малою дачкой Еўкай. Раптам пачала насоўвацца вялікая чорная хмара – трэба было паспяшацца, каб скончыць працу да пачатку залевы. Дачушка як раз моцна стамілася і прысела адпачыць, не паслухалася матчынага закліку аб дапамозе. Тады маці ў гневе крыкнула: “Каб ты, каменем стала!”. І ў тое ж імгненне грымнуў гром, блісканула маланка… а калі неба пасвятлела, кабета ўбачыла: на месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень.
Гэтую легенду прыгадваюць жыхары Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, калі апавядаюць пра свае каменныя крыжы – “дзевачкі”. Гісторыя ўзнікнення “дзевачак” – адна на дваіх, аднак “жывуць” яны ў розных месцах – адна на ўскарайку Данілевічаў, другая – у некалькіх кіламетрах ад в. Баравое.
Сваімі формамі крыжы нагадваюць фігуры людзей, на якіх вылучаецца галава і пакатыя плечы. Акруглыя сілуэты і “вопратка” – хусты на “галаве”, фартушкі на “поясе”, упрыгожванні на “шыі” толькі падкрэсліваюць антрапаморфны выгляд камянёў, праз які яны і атрымалі назву “дзевачкі”. Па цэнтры камянёў праглядваюцца сілуэты маніст і нацельны крыжык. Тканіны на “дзевачках” з’яўляюцца дзякуючы шчырай веры вяскоўцаў у іх міфалагічна-цудадзейныя здольнасці – тэкстыль ахвяруюць як аброк на выкананне просьбаў спраўдзіць жыццятворнае – добрае здароўе, лад і шчасце ў сям’і. А як жа не паверыць у існаванне іррацыянальнага, калі здараюцца невытлумачальныя рэчы?
Былая жыхарка вёскі Данілевічы Сукач Ніна Сямёнаўна (цяпер жыве ў Лельчыцах) расказвае выпадак, які здарыўся з ёю. Жанчына вельмі хацела мець дачку, а пасля нараджэння двух сыноў амаль страціла надзею на гэта, і вырашыла папрасіць аб спагадзе ў каменя, ля якога паабяцала прынесці аброк, калі народзіцца дзяўчынка.
Мінуў час, у Ніны Сямёнаўны сапраўды нарадзілася доўгачаканая дачка, але за клопатамі яна забылася на аброк. Жанчына пачала заўважаць: на папраных высахлых дзіцячых плюшках, што віселі на дварэ, сталі праяўляцца крыжыкі. Так доўжылася некаторы час. Занепакоеная маці пайшла да сваёй бабулі, а тая адразу ж скеміла – трэба неадкладна несці абяцаны аброк да каменнага крыжа. Ніна Сямёнаўна так і зрабіла, і ад той пары на дзіцячых пялюшках крыжыкі больш не з’яўляліся.
Каменных “дзевачак” вяскоўцы наведваюць напрацягу года. Моляцца ля іх, просяць дапамогі ў збаўленні ад розных хваробаў. Ніколі не абмінаюць, калі ідуць з лесу – абавязкова пачастуюць назбіраным, бо “дзевачкі” – не толькі прыродныя аб’екты надзеленыя сакральным значэннем, яны – паўнавартасныя члены супольнасці, і як астатнія вяскоўцы, “рыхтуюцца” да вялікіх святаў, асабліва да Вялікадня.
Раніцай у Красную суботу (субота напярэдадні Вялікадня) жанчыны в. Данілевічы “пераапранаюць” каменны крыж. Дарогаю ідуць усе разам, а падыходзяць да крыжа па адной, каб асабіста павітацца і пакланіцца, пасля моляцца, просяць у Бога і каменнай “дзевачкі” прабачэння за свае грахі, здымаюць з каменя фартушкі і хустачкі, якія віселі мінулы год. Старую “вопратку” выносяць за агароджу і спальваюць, прамаўляючы: “Ідзі да Бога дымам”. Кожная з жанчын прыносіць з сабой кавалкі тканіны, вышытыя ручнікі, сурвэткі, рознакаляровыя стужкі, якія і паслужаць новым убраннем для крыжа.
На Вялікдзень тутэйшыя імкнуцца як мага раней, каб ля каменя нікога не было, прынесці да крыжа пафарбаваныя яйкі, пірагі і ўсе тыя прысмакі, якія звычайна гатуюць да свята, а таксама новыя аброкі – фартушкі, хусты, ленты, грошы.
Каля каменнай Еўкі в. Баравое заўсёды многа мёду, ягад, бярозавага соку, грыбоў. Такое лясное багацце вяскоўцы тлумачаць клопатам “дзевачкі” аб тых, хто яе наведвае: “У нас дзевочко ўсё доросціла”. Напярэдадні Вялікадня крыж таксама прыбіраюць. На само свята да каменнай “дзевачкі” прыходзяць жыхаркі асобнай вуліцы вёскі. Ля крыжа перахрышчваюцца, кланяюцца і прамаўляюць малітвы. Затым адбываецца святочнае частаванне: жанчыны, крыху адыйшоўшы ад сакральнага месца, раскладаюць на зямлі ежу, якую прынеслі з сабой, і, павіншаваўшы адна адну з Хрыстовым Уваскрашэннем, харчуюцца, спяваюць велікодныя песні.
Часта да крыжа завітваюць у іншыя святочныя дні, па нядзелях, каб папрасіць у “дзевачкі” здароўя “дзеткам, унучкам і ўсяму міру” ці проста “схадзіць у госці”, праявіць клопат, бо каменная “дзевачка” акрамя звышнатуральных здольнасцяў дапамагаць, адметная і выкананнем значнай не толькі ў маштабах вёскі функцыі: у Баравым лічаць, што крыж па-трошку хаваецца ў зямлю і, калі ён канчаткова заглыбіцца і знікне з паверхні, то перастанне існаваць і Сусвет.
Таццяна Мармыш
Фота: Аляксй Сталяроў