Літоўскі гісторык Рымвідас Пятраўскас неяк задаўся пытаннем: чаму многія магутныя роды, якія знаходзіліся на самым версе ўлады і славы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVI стагоддзях, імкліва згасаюць і трапляюць у хуткае забыццё? Што пасля іх застаецца – у памяці, у творах мастацтва, урэшце – у гістарычных помніках? Мы хочам расказаць пра Іллінічаў – род, які шпарка ўзляцеў на вышыні палітычнай кар’еры і гэтак жа хутка знік. Гэты род не пакінуў наступным пакаленням нічога, вартага ўшанавання і ўспаміну. Так можна было б казаць, калі б Юрый Іванавіч Іллініч не заклаў вялізны мураваны замак у Міры. Тады ён здаваўся ўвасабленнем авантурніцкай пыхі Юрыя Іллініча, сёння – адлюстраваннем велічы беларускай гісторыі.
Мірскі замак і сёння узрушвае сваёй непаўторнай велічнасцю і фундаментальнасцю. Аднак у пачатку XVI стагоддзя будаўніцтва такога агромністага гмаху нават для магната і заможнага чалавека выглядала авантурай. На гэта не адважваліся ні Радзівілы, ні Гаштольды, ні Астрожскія. А Іллініч быў высокім дзяржаўным ураднікам толькі ў першым пакаленні. Што рухала ім – славалюбства і пыха ці асэнсаваны разлік з мэтай інвеставання ў будучыню?
Увогуле, Юрый Іллініч быў чалавекам з неардынарным лёсам. Яго бацька апынуўся ў блізкім атачэнні вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, абараняючы яго ад узяцця ў палон падчас бітвы з крыжакамі пад Хойніцамі. Злавіўшы сваю фартуну, івашка зрабіў някепскі задзел для сына. Але ўсё роўна гэтага было замала дзеля шпаркага росту. Быў патрэбны сапраўдны талент, каб убіцца ў сціслыя шэрагі магнатаў і радных паноў. І Юрый Іллініч здолеў праявіць сябе. Найперш ён удала ажаніўся. Яго абранніцай была не хто іншая, як дачка ўплывовага троцкага ваяводы Яна Юр’евіча Забярэзінскага Ядзвіга. Яна дала роду Іллінічаў значныя землеўладанні.
Юрый Іллініч мог пачувацца цяпер сапраўдным арыстакратам. Яго пачатковая ўрадніцкая кар’ера, безумоўна, прасоўвалася з дапамогай цесця. Дзякуючы апошняму ён атрымаў у 1499 г. прэстыжнае лідскае намесніцтва і ўрад гаспадарскага маршалка. Іллініч стаў набліжанай асобай да манарха, што стварала новыя карысці. Але жыццё на самым версе ўлады і ў тыя часы было напоўненае інтрыгамі, змовамі і паклёпамі. У 1504 г. Іллініч раптоўна робіцца ахвярай тонкіх палітычных гульняў у гаспадарскім атачэнні. Ён трапляе ў няміласць, вялікі князь Аляксандр Казіміравіч адбірае ў Юрыя Іллініча лідскае намесніцтва і перадае яго Андрэю Дрожджу – сваяку новага фаварыта князя Міхайлы Львовіча Глінскага. Але новы намеснік не быў дапушчаны да ўрада тымі раднымі панамі, якія не хацелі мірыцца з самавольствам манарха. Раз’юшаны Аляксандр Казіміравіч па намове князя Глінскага на Берасцейскім сойме 15 студзеня 1505 г. загадаў пасадзіць Юрыя Іванавіча Іллініча ў вязніцу. Тады ж манаршую няміласць адчуў на сябе і яго цесць Ян Юр’евіч Забярэзінскі – у яго адабралі ўрад троцкага ваяводы і выключылі са складу паноў-рады. Юрый Іванавіч Іллініч нядоўга знаходзіўся ў зняволенні. Ужо 19 жніўня 1506 г. польскі кароль і вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч нечакана памёр. Новы манарх Жыгімонт Стары зміласцівіўся над недарэкам. Іллініч не толькі быў вызвалены з турмы, але неўзабаве быў зноў набліжаны да гаспадарскай асобы. Яго адданасць была справядліва ацэненая манархам – і кар’ера Іллініча бурліва расквітнела.
Далейшая гісторыя Юрыя Іллініча яскрава паказвае, што, нягледзячы на ўладу, шырокія ўплывы і значныя матэрыяльныя багацці, магутнасць роду (ці дынастыі, калі хочаце) трымаецца на дзецях, якія могуць зберагчы і памножыць назапашанае бацькамі. Не, ён не быў бяздзетным, як гэта часта здараецца. Наадварот, у Юрыя Іллініча была вялікая сям’я – ажно чатыры сыны і дзве дачкі. Алё лёс распарадзіўся так, што пасля смерці бацькі яго род пачаў імкліва каціцца ўніз. Ніводзін з сыноў не здолеў пераняць эстафету і далей умацоўваць падмуркі родавай славы.
Другі сын Мікалай памёр маладым у 1527 г. Станіслаў, да якога, дарэчы, перайшоў па завяшчанні бацькі Мірскі замак, перажыў Мікалая толькі на тры гады. Смерць Іллініча была гвалтоўнай і незразумелай па матывах – яго атруціла жонка нейкага N Навіцкага (хутчэй за ўсё служэбніка Іллінічаў) . Як высветлілася са скаргі апошняга, яго жонку судзілі мірскі намеснік Леўка Аліфяровіч і іншыя суддзі Шчаснага Юр’евіча Іллініча. Яна сама прызналася ў злачынстве: “без жадного каранья, сама вызнала, иж она з направы некоторых неприятелей своих трутизну п(а)ну Станиславу дала, якъ он у ихъ дому на учсте был…” Суддзі прыгаварылі забойцу да спалення. Жорсткі прысуд быў выкананы братам Станіслава Шчасным Іллінічам. Страціўшы жонку, N Навіцкі патрабаваў ад гаспадара спагнаць са Шчаснага Юр’евіча Іллініча галаўшчыну, аднак Жыгімонт Стары 28 кастрычніка 1533 г. яго цалкам апраўдаў.
Яшчэ падчас жыцця ў Юрыя Іллініча былі даволі нацягнутыя стасункі з сынамі. Цяжка сказаць, адкуль узяўся недавер да родных дзяцей, але відавочна, што Іллініч не бачыў пасля сябе годнага пераемніка. У завяшчанні, напісаным у 1526 г., сваю апошнюю волю ён адрасаваў не сваім паўналетнім сынам, а давераным асобам – “экзекутарам”. Ім перадаваліся пад апеку маёнткі. Толькі пасля выплаты ўсіх пазык яны павінны былі раздзяліць уладанні і маёмасць старога Іллініча. Цікава, што Юрый Іванавіч Іллініч пры жыцці ніяк не паклапаціўся аб прызначэнні сваіх сыноў на дзяржаўныя пасады ці ўладкаванні на гаспадарскую службу. Здаецца, яму было сорамна за дзяцей… Ён не дапускаў іх да вырашэння нават самых простых гаспадарчых спраў: “не рачте ваша милость жадного сына нашого в тыи дворы впущати до тых часовъ, поки жито ярину спродадуть…” Так ён звяртаўся да экзекутараў-апекуноў у сваім завяшчанні. Дзесьці, пэўна, стары Іллініч меў рацыю. Якой вялізнай была прорва ў камунікацыі паміж бацькам і дзецьмі, паказвае той факт, што, захапіўшыся падзелам спадчыны, сыны памерлага магната забыліся… пахаваць бацьку. Дайшло да таго, што сам гаспадар у сваім лісце ад 21 лістапада 1526 г. быў вымушаны нагадаць Іллінічам, каб яны тэрмінова зрабілі гэта.
Ведаючы ўсё гэта, узнікае думка, што напрыканцы жыцця Юрый Іллініч узяўся за будаўніцтва велізарнага замка ў Міры, з’яўленню якога дагэтуль няма ясных рацыянальных тлумачэнняў, дзеля таго, каб укласці грошы ў камень і цэглу, каб яны не дасталіся дзецям, якія ўмомант пусцяць іх у пыл…
Увогуле, Юрый Іллініч быў вельмі катэгарычны і рэзкі ў сваіх рашэннях. Велізарныя пазыкі і разгульнае жыццё старэйшага сына Яна, пра якія згадваецца ў тэстаменце (“иж он мне отцю своему жалости и прикрости великие чинил”), сталі падставай для пазбаўлення яго долі спадчыны. Гэты прэцэдэнт меў вялікі розгалас і дайшоў да самога гаспадара. Жыгімонт Стары палічыў, што Юрый Іллініч праявіў залішняе самавольства, дазволіўшы сабе нечуваную раней рэч. Манарх палічыў, што спачатку варта было ў такой далікатнай справе параіцца з ім. Ён вярнуў Яну Іллінічу права на спадчыну. Праз некалькі гадоў у Першым Статуце ВКЛ 1529 г. была зафіксаваная норма, якая, як выявіла даследчыца Рагнеда Аляхновіч, літаральна паўтарае вырак гаспадара па справе Іллінічаў. Цяпер ніхто не мог проста так, толькі з уласнай волі, пазбавіць дзяцей законнай спадчыны.
Усё гэта не дапамагло Яну, як і другім братам. Бясконцыя судовыя спрэчкі і канфлікты з суседзямі прыводзілі да распродажу маёмасці. Унутры роду таксама назіраліся непераадольныя супярэчнасці. У 1537 г. Ян памірае, і адразу пачынаюцца канфлікты яго братоў з удавой Гальшкай Фрыдрушоўнай. У жывых з сыноў заставаўся толькі Шчасны. Здавалася, яму спрыяе фартуна, і ён можа стаць няхай не самым вартым, але ўсё-такі прадаўжальнікам роду. Як і бацька, ён някепска ажаніўся – жонкай Шчаснага стала Соф’я, дачка Яна Радзівіла Барадатага, маршалка земскага ВКЛ, кашталяна троцкага. Соф’я ў 1540 г. нарадзіла сына Юрыя. Жыццё давала шанец для стварэння дабрабыту і ўмацавання роду. Але Шчасны не кінуў старое. Як і раней, яго цікавілі толькі асабістыя інтарэсы. Праз сваю канфліктнасць ён перасварыўся з усімі, з кім толькі можна было. Раздоры і бясконцыя судовыя працэсы не маглі не адбіцца на здароўі Іллініча. У канцы 1541 г. ён раптоўна захварэў і неўзабаве памёр.
Сына выхаваць ён так і не паспеў. За гэтую справу ўзяліся апекуны Радзівілы. Аднак як праходзіла жыццё апошняга Іллініча – з тытулам графа і набліжанага да двара імператара святой Рымскай імперыі – асобная цікавая гісторыя, да якой яшчэ звернемся. Тут толькі скажам, што род Іллінічаў згас ужо ў 1569 г. Яго гісторыя праляцела, як камета на небасхіле – ярка і імкліва. І толькі Мірскі замак прымушае нас з захапленнем успамінаць стваральнікаў гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры, роўнага якому няма.
Андрэй Янушкевіч