Калі вы ведаеце пра канцэрт трыа PortMone, які адбыўся 21 мая ў КЗ “Верхні горад”, то вам не трэба тлумачыць, што гэта за гурт, што гэта за альбом і чаму наведаць іх выступ было варта. Калі ж з нейкіх прычынаў у вас гэта не атрымалася, “Будзьма!” спынілася на тых момантах, што стварылі атмасферу імпрэзы, і паспрабавала апісаць эмоцыі адной асобна ўзятай аматаркі.
САПРАЎДНЫ ЗВАНОЧАК. У канцэртную залу “Верхні горад” замест звычайнага сёння нават для тэатраў падобнага на рынгтон першага-другога-трэцяга званка вас запрашае вельмі адказная спадарыня з самым сапраўдным званочкам. На секунду прыгадваеш, што знаходзішся ў канцэртнай зале дзіцячай філармоніі, і ловіш сябе на дзіўным хваляванні, падобным да акадэмічнага экзамену ў музычнай школе.
Што да рынгтонаў. ТОЛЬКІ АДНОЙЧЫ зазвінеў у зале нявыключаны тэлефон слухача канцэрта.
5 ГАДОЎ. Менавіта столькі часу прайшло з апошняга канцэрта PortMone ў Беларусі. Па словах пазаштатнага эксперта праекта experty.by Яўгена Доўгіх, увесь гэты час музыкі шмат выступалі на фестывалях у Расіі, Літве, Партугаліі ды іншых краінах.
Новы альбом PortMone “Thou“, падаецца, і ўвабраў у сябе нешта ад кожнай краіны, якую музыкі наведалі. Той самы момант, калі гітара перахоплівае ініцыятыву ў акардэона, потым іх раптам заглушаюць ударныя – заплюшчваеш вочы, узлятаеш (канечне, як без гэтага :) ), і Зямля паскараецца, а да цябе толькі даносяцца гукі і эмоцыі краін, што пралятаюць унізе.
НІВОДНАГА СЛОВА не сказалі музыкі гурта за ўвесь канцэрт. Толькі ў канцы шчыра і цёпла аддзячылі публіцы за цудоўны вечар.
НЕШТА БОЛЬШАЕ ведаюць музыкі PortMone пра свет вакол нас. Такое ўражанне складаецца, калі глядзіш, як яны загадкава пераглядаюцца і светла ўсміхаюцца адзін аднаму. Хіба звышсур’ёзныя твары ў зале паспрыялі? :)
А калі заўважаеш, як у такт музыцы час ад часу ў вітражах пачынае гуляцца сонейка, упэўніваешся, што нешта ад шаманаў у музыках PortMone адназначна ёсць. І свет за гэтыя 2 гадзіны перажыванняў, натхнення, спакою і шчасця палепшыўся. Прынамсі для тых, хто пражыў іх разам з PortMone.
Тэкст — Лізавета Неўмяржыцкая
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч (Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)