У клубе Re:Public малады гурт Martin S. прэзентаваў свой першы аднайменны альбом, які некалькі месяцаў выходзіў па каляровых частках – «Red», «Blue» і «Green», адпаведна настрою песняў. Афарбоўка ж самога канцэрту была выключна пазітыўная, напоўненая радасцю і юнацкім самалюбаваннем.
Поп-рок гурт Martin S. зусім нядаўна вылузнуўся з калектыву пад назвай moZart. Цяпер гэты бойз-бэнд, які складаецца з шасці маладых музыкаў, імкліва раскручваецца – ужо ёсць і альбом, і вялікі сольны канцэрт, на якім, дарэчы, каманда паказала некалькі зусім новых песняў. Публіка працэнтаў на 80 складалася са старшакласнікаў, што часам стварала атмасферу школьнай дыскатэкі. Пад адну з песняў быў нават абвешчаны мядляк, і ўсе паслухмяна разбіліся на пары. З іншага боку, асноўная аўдыторыя гурта года Akute, з якімі Martin S. хочацца параўноўваць праз аранжыроўкі і прынцыпова беларускамоўныя тэксты, выглядае прыкладна гэтак жа. Магчыма, беларускай моладзі проста патрэбная менавіта такая музыка, і канцэрты такіх хлапчуковых каманд будуць гарантавана збіраць поўныя залы бесклапотных падлеткаў.
Музыкі стараліся дэманстраваць песенную разнастайнасць. Пачыналі з «Мы зробім усё, што не зможаш ты», якая змушала аўдыторыю шалёна торгацца ў танцы, пасля была лірычная «Блізкія», што пачынаецца з доўгай партыі клавішных, да якіх далучаецца кантрабас. «Ой, гэта ж Торы Амас, «Winter», – сказала на першых акордах музычны журналіст Таццяна Заміроўская. А ў якасці аднаго з сюрпрызаў каманда сыграла скажоную вельмі спецыфічнай аранжыроўкай «Купалінку», пасля чаго саліст спытаў: «Што, спалохаліся? Можна ставіцца да гэтай песні як заўгодна, але яна добра перадае нашу беларускую шматпакутную душу».
Пра візуальную эфектнасць хлопцы таксама паклапаціліся. У выступ упляліся пластычныя сцэнкі эксперыментальнага тэатра студэнтаў журфака «Рука-нага».
Хаця і самі музыкі смела тэатральнічалі і красаваліся. Саліст зрываў з сябе бутафорскія пінжак і кашулю, самазахоплена танчыў і прапаноўваў зале падпяваць, быццам перад ім быў разгарачаны стадыён, скрыпач таксама часам удаваў Ванэсу Мэй – вядома ж, не ігрой, а эмацыйнымі рухамі.
Хаця яго можна зразумець, улічваючы, што чакала наперадзе. У канцы канцэрту ён папрасіў выйсці на сцэну сваю дзяўчыну Лізу. Публіка, вядома ж, адразу здагадалася, што будзе далей. Ён пачаў са словаў: «Нашаму гурту 9 месяцаў…» – «Оёё», – спачувальна сказаў хтосьці. «Не, гэта не тое, што вы падумалі, – працягваў скрыпач, – а з Лізай мы сустракаемся год і дзевяць месяцаў, яна цярпіць мяне ўвесь гэты час. Я скандаліст, сарвігалава, а яна добры спакойны чалавек». Затым спрытна стаў на адно калена і зрабіў прапанову. «Так! Так!» – закрычала Ліза, і на гэтым лёсавырашальная сцэна скончылася.
Выступ гурта прайшоў не без хібаў. Гук быў даволі дрэнны, словаў зусім не чуваць, музыка гучала так, быццам даносілася з-за зачыненых дзвярэй, час ад часу выдавалі пратэстны свіст мікрафоны – карацей, у запісе каманда выглядала нашмат сімпатычнейшай. «Тэхніка не мае значэння, галоўнае, што вы нас адчуваеце», – сказаў саліст Уладзімір Боська. І гэта была праўда, аўдыторыя слэмілася і танчыла, не зважаючы ні на што. Трэба ўдакладніць, што канцэрт быў бясплатным. Цікава, якую залу збярэ гурт, калі за ўваход трэба будзе плаціць?
Аляксандра Дорская
Фота: Воля Баркоўская