28 кастрычніка ў клубе “Реактор” адбыўся канцэрт супольнага музычнага праекту “У нескладовае”.
Прэзентацыя дэбютнага альбому праекту «У нескладовае», якая адбылася 28 кастрычніка ў «Рэактары», пакінула больш пытанняў, чым адказаў. Асноўныя з іх: для чаго гэты праект увогуле быў створаны і якая яго чакае будучыня?
Гісторыя беларускага шоў-бізнэсу бачыла ўжо некалькі ўдалых прыкладаў супольных праектаў. «Я нарадзіўся тут», «Народны альбом», «Святы вечар» — яны збіралі ўсе вяршкі беларускай музыкі пад канкрэтныя музычныя ідэі, давалі беларусам якасны, каларытны і незвычайны прадукт.
“У нескладовае”
гурт Lilac
Віктар Рудэнка, гурт Dali
Якая ідэя закладзена ў аснову праекту «У нескладовае» застаецца незразумелым нават пасля справаздачнага канцэрту. Судзячы па прэс-рэлізах, здымках і па шмат разоў паўтораных учора словах, мэта — пакарэнне «Москвы златоглавой». Гэта ці правінцыйнае жаданне паўтарыць поспех «Песняроў», ці спроба даказаць, што і беларускамоўная музыка можа стаць папулярнай у Расіі, а не толькі рускамоўныя «Серебряная свадьба» ці «Кассиопея». Але і мастацкія сродкі павінны быць адпаведнымі: у Маскве гуртоў, кшталту «У нескладовага», дастаткова (ды й у нас, па вялікім рахунку, таксама) і перамагаць трэба за кошт іншага (і мова, канкрэтна ў дадзеным выпадку, наўрад ці будзе саюзнікам у перамозе), што пацвердзіла прэзентацыя альбому гурта ў гэтай самай Маскве, на якую сабраліся, добра калі, тры дзесяткі чалавек.
Раман Арлоў
У Мінску людзей было болей, але і ня так шмат, як магло быць пасля такой масіраванай атакі па СМІ. На разаграваючых гуртах LILAC і «Дали» пад сцэнай увогуле хадзілі толькі фатографы. На саміх «У нескладовае» гледачы падцягнуліся, але паводзілі сябе занадта стрымана. Першаму разварушыць усіх атрымалася Аляксею Хлястову. І хай ён, як кажуць, адказны за поп-складаючую «У нескладовага», затое песня «Сусвет» сапраўды выглядала прыгожа: такому шыкоўнаму вакалу можа пазайздросціць любы выканаўца.
Уладзімір Пугач
Зусім развесяліліся гледачы толькі калі барозны ў свае рукі ўзяў Аляксандар Памідораў («Ня кожны», «У нескладовае 2»). Ягонай харызмы хапіла на ўвесь разнашэрсны калектыў праекту: ён адразу ўсталяваў кантакт з гледачамі і не выхопліваў іх увагу да канца свайго знаходжання на сцэне. Напярэдадні канцэрту, на прэс-канферэнцыі, фармальны лідэр праекту Раман Арлоў сказаў, што папярэдняя формула супольных праектаў сабе вычарпала, маўляў, там удзельнічалі адны і тыя ж асобы. Але, як бачна, без дапамогі Памідорава, які ўдзельнічаў ва ўсіх узгаданых супольных праектах, «У нескладовае» усё ж не абышліся.
Аляксей Хлястоў
Аляксандр Памідораў
Затое ня ўсе з задзейнічаных у праекце вакалістаў даехалі (Андрэй Краўчанка застаўся ў Канадзе, Руся завісла ў Варшаве, пра Віталя Артыста ўвогуле ніхто не згадаў, а Ганна Хітрык, быццам, была заўважана сярод гасцей канцэрту, але на сцэну не ўздымалася), а намінальную функцыю фронтмэнаў усклалі на Аўгена Чалышава і Віктара Рудэнку, якіх часам дапаўнялі ці змянялі Алег Хаменка, Уладзімір Пугач, Вадзім Касалапаў, ўзгаданыя вышэй Хлястоў і Памідораў, а таксама паэт Андрэй Хадановіч. І гэта яшчэ адна праблема праекту. «У нас няма фронтмэну, няма саліста, гэта праект шматаблічны», — кажуць музыкі. Але ў будучыню такога праекту верыцца з цяжкасцю…
Андрэй Хадановіч
Алег Хаменка, Аляксандр Памідораў, Віктар Рудэнка, Раман Арлоў
на першым фота – гурт “У нескладовае”