За савецкім часам інвалідаў, як вядома, не было. Цяпер тэма людзей з абмежаванымі магчымасцямі, канечне, гучыць больш выразна, але часцей за ўсё з падачы незалежных арганізацыяў. У тым ліку і Офіса па правах людзей з інваліднасцю, які яшчэ не адзначыў і года з дня нараджэння, але ўжо стварыў шмат сур’ёзных інфармацыйных нагодаў.
Возьмем для прыкладу тэму далучэння Беларусі да Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН у 2006 годзе. Сёння гэта адна з самых прыярытэтных тэмаў, бо ў Беларусі, як не так даўно на адной з канферэнцый адзначылі прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі, у 2012 годзе плануецца пачаць карэктаванне заканадаўства з улікам далучэння нашай краіны да Канвенцыі. Пакуль улады збіраюцца з думкамі, грамадскі сектар выдае гатовы прадукт.
Не так даўно Офіс па правах людзей з інваліднасцю прэзентаваў кнігу Аляксандра Тамковіча “Пераадоленне” і сацыяльны відэаролік пра неабходнасць далучэння Беларусі да Канвенцыі. І, нарэшце, трэцяя навіна – тэкст Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю перакладзены на беларускую мову. Прэцэдэнту папярэднічаў конкурс перакладаў, абвешчаны Офісам, імя пераможцы было названае ў галерэі “Ў”.
Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:
“Сёння мы робім усё, каб Беларусь урэшце далучылася да Канвенцыі. Гэты дакумент дэкларуе павагу да чалавечай годнасці, забарону дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю, у ім шмат гаворыцца пра роўныя правы і магчымасці такіх людзей.
Чым нас не задавальняе Канвенцыя ў рускамоўным варыянце? Па-першае, пераклад недасканалы – з гэтым пагаджаюцца мае калегі з Расіі, Казахстана, Украіны ды іншых рускамоўных краін. Нават сама назва выклікае шмат спрэчак – “Конвенция о правах инвалидов”. У беларускай версіі наш перакладчык спыніўся на варыянце “Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю”.
Дарэчы, наконт тэрміналогіі вялося шмат дэбатаў ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН. Яны разглядалі варыянт не “чалавека з інваліднасцю”, а “чалавека з дадатковымі патрэбамі”. Але гэта абсалютна новы тэрмін, патрэбны час, каб напоўніць яго сэнсам. І тады яны спыніліся на больш простым тэрміне “інвалід”, але гэта ўжо цалкам неадэкватны падыход: гэты тэрмін не адпавядае канцэпцыі і духу Канвенцыі. Што да фармулёўкі “чалавек з абмежаванымі магчымасцямі”, якая сёння часта выкарыстоўваецца, у тым ліку і ў СМІ, то яна таксама мае вялікі сэнсавы мінус. Пагадзіцеся, няма на свеце людзей без абмежаваных магчымасцяў”.
Аляксей Шэін, эксперт Офіса па правах людзей з інваліднасцю:
“Для чаго патрэбны гэты пераклад? Вядомы хрысціянскі асветнік XVI стагоддзя Васіль Цяпінскі, які перакладаў на беларускую мову Евангелле, пісаў у сваім уступе: “Нават калі сучаснікі пытаюцца “Навошта?”, гэтага пытання, спадзяюся, не зададуць нашыя дзеці”.
Кожная мова – гэта выразнік душы народа. Да таго ж з перакладам распрацоўваецца і ўдасканальваецца тэрміналогія – а гэта вельмі істотна. І не толькі для навукі. Прывяду просты прыклад з жыцця. Некалькі дзён таму запаўняў дакументы для адной установы. І жанчына, якая іх прымала, запыталася, дзе я працую. Я адказаў, што часова не працую – ёсць такая фармулёўка. Тады яна здзіўлена паглядзела на мяне і запыталася: “Кем?” — “Што — “кем”?” — “Так кем вы работаете в часовне?” Вось што атрымалася з выразу “часова не працую”.
Па словах арганізатараў, на конкурс прыйшло каля 60 работ. Адметная “фішкай” стала тое, што многія ўдзельнікі рабілі не проста тэхнічны пераклад, але стараліся пераасэнсаваць тэкст, глыбей капнуць праблему людзей з інваліднасцю.
Анжаліка Садоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ:
“Была здзіўлена, бо, як высветлілася потым, у конкурсе брала ўдзел шмат маіх калег, якія працуюць у Акадэміі навук, прафесійна займаюцца беларускай мовай і нават складаюць слоўнікі. Было шмат маіх калег з БДУ, удзельнічалі таксама і студэнты – добра, што я не атрымала спіс прозвішчаў спачатку, бо гэта была б ужо неаб’ектыўная ацэнка.
Я звяртала ўвагу на спецыфіку беларускага навуковага тэксту. Было бачна, што многія з удзельнікаў гавораць па-беларуску, але аматарскі падыход адразу адчуваўся. Спецыфічныя канструкцыі, якія мы можам сабе дазволіць у размоўным стылі, нельга ўключыць у навукова-юрыдычныя дакументы. Так атрымалася, што людзі, якія прафесійна валодаюць беларускай мовай, ужываюць шмат канцылярызмаў і штампаў. Таму найлепш удаліся пераклады, якія рабілі юрысты, што маюць досвед працы з навуковай тэрміналогіяй”.
Такім чынам, найлепшым быў прызнаны пераклад Марыны Каліноўскай, юрыста Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Менавіта тэкст Марыны (так палічыла журы) быў створаны на добрай беларускай мове з улікам усіх нюансаў юрыдычнай тэрміналогіі.
Марына Каліноўская, пераможца:
“Гэта было складана, і я шчыра прызнаюся, што кансультавалася з сяброўкай-філолагам. У пачатку года я намалявала сабе своеасаблівую мапу-план – што я хачу зрабіць найбліжэйшым часам. І запісала туды адну фразу з кнігі прарока Ісаі: “Каб чалавек быў даражэйшы за чыстае золата”. Вы не паверыце, але кожны месяц адбываецца нешта, што дапамагае мне зрабіць адпаведнае гэтым словам”.
Дарэчы, конкурс перакладу — гэта адначасова і тэндар. У межах спаборніцтва было перакладзена толькі некалькі частак дакумента, але пераможца аўтаматычна атрымлівае заказ на пераклад усяго тэксту Канвенцыі. Арганізатары спадзяюцца, што гэтая падзея зацікавіць акадэмічныя колы Беларусі, да праекту падключацца дзяржаўныя ўстановы, зацікаўленыя ў нацыянальным перакладзе Канвенцыі.
Таксама арганізатары абяцаюць, што прыкладна праз месяц тэкст частковага перакладу з’явіцца на сайце Офіса па правах людзей з інваліднасцю disright.org. Можна будзе абмеркаваць.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева