Унікальная выстава “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600–1800” сусветна вядомага Музея Вікторыі і Альберта (Лондан) упершыню прыехала ў Беларусь.
Публіка пазнаёміцца з 83 шэдэўрамі, што ўваходзяць у адну з найбуйнейшых у свеце калекцый еўрапейскага дэкаратыўнага мастацтва XVII–XVIII стст., якой валодае музей Вікторыі і Альберта, – творамі жывапісу і скульптуры, керамікі і шкла, тэкстылю і адзення, друкаванай графікі і малюнкаў. Цяпер беларусы на ўласныя вочы пабачаць, у што апраналіся еўрапейскія каралі і прыдворная шляхта, на чым сядзелі, з чаго елі.
Выстава складаецца з пяці тэматычных секцый: “Каралеўскае апякунства”, “Магутнасць і слава”, “Рэлігійная веліч”, “Выстава ў інтэр’еры”, “Мода і асабістыя ўпрыгожанні”, якія, паводле словаў куратара выставы Святланы Пракоп’евай, “павінныя максімальна поўна скласці ў гледача ўяўленне пра жыццё еўрапейскага грамадства і падзеі, якія фармавалі культуру і мастацтва ў XVII–XVIIIст.”.
“Як вядома, у музеі Вікторыі і Альберта на сённяшні момант праходзіць рэканструкцыя еўрапейскіх галерэй, простымі словамі, рамонт. З’яўляючыся людзьмі арганізаванымі і камерцыйна падкаванымі, нашыя брытанскія калегі своечасова зразумелі, што экспанаты не павінныя проста ляжаць у сховішчы, займаць месца і пыліцца, а могуць паехаць і папрацаваць на карысць музея. Асабліва калі ўлічыць той факт, што ўваход у музей Вікторыі і Альберта бясплатны. Таму быў сфармаваны выставачны камплект з фондаў еўрапейскіх галерэй, які прапанавалі для экспанавання. Выстава ўжо адбылася ў музеі ў Карэі, пабывала ў Аклахома-сіці і ў Аўстраліі. Беларусь стала адзінай еўрапейскай краінай, якая экспануе дадзеныя прадметы. Калі зайсці на сайт музея Вікторыі і Альберта, можна даведацца, што ёсць такая перасоўная выстава.
Мы вытрымалі два прыезды экспертаў, якія ацэньвалі магчымасці беларускіх музеяў, правяралі ўмовы экспанавання і захоўвання, якія мы можам прапанаваць. У красавіку з усіх нашых музейных пляцовак быў абраны Нацыянальны мастацкі музей. Па рашэнні Міністэрства культуры і па ўзгадненні з брытанскім бокам выстава была яшчэ прапанаваная Нацыянальнаму гістарычна-культурнаму музею-запаведніку Нясвіж.
Для экспанавання ў Нясвіжы адабраныя 34 прадметы, у Мінску – 49. Але канцэпцыя была захаваная і там, і там. Не ўсе экспанаты ўвайшлі ў склад выставы. На жаль, мы былі вымушаныя адмовіцца ад некалькіх экспанатаў, бо проста фізічна не маглі іх размясціць (гэта буйнагабарытныя працы: габелены, драўляныя і мармуровыя панэлі, якія некалі знаходзіліся ў храме).
Найярчэйшыя ўражанні і эмоцыі выклікае захаванасць прадметаў тэкстылю, бо, у адрозненне ад керамікі, фарфору, жалеза, іх досыць цяжка зберагчы.
На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у РБ, бізнэсоўцы, прадстаўнікі культурных колаў і, вядома, журналісты.
Як адзначыў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, за “першым міжнародным выставачны праектам, які рыхтаваўся амаль цэлы год”, пойдуць іншыя, якія “будуць рэалізаваныя найбліжэйшым часам”.
Зарына Кандрацьева