Аповесць Ксеніі Шталянковай “Адваротны бок люстра” пабудаваная на мастацкім дапушчэнні, што старажытныя люстры могуць служыць парталамі, праз якія людзі любой эпохі здольныя трапіць у мінулае ці будучыню. Менавіта такім чынам жыхарка Вільні Бася Станкевіч пераносіцца з 2008-га ў 1550 год, дзе знаёміцца са сваім равеснікам, шляхціцам Міхалам Саколічам, і атрымлівае магчымасць быць сведкай найгістарычнейшых падзей XVI стагоддзя. У тым ліку каранацыі княгіні Барбары Радзівіл на польскі сталец у Кракаве. 5 красавіка ў кнігарні “логвінаЎ” 20-гадовая пісьменніца прэзентавала сваю дэбютную аповесць.
…І вось ачмурэлая, нібы ўладальнік халяўнага білета на паўфінал “Еўра-2012”, госця з будучыні Бася прыбывае ў сабор на Вавелі, дзе мае адбыцца каранацыя, і займае найвыгоднейшае месца. У гэты момант яе таварышкі распачынаюць сварку. Дзяўчаты страчваюць пазіцыі, і натоўп адцірае іх да сценкі. Гераіня, лічы, нічога не паспявае пабачыць…
Калі б раптам камусьці з публікі, якая прыбыла ўвечары 5 красавіка на прэзентацыю кнігі, заманулася высветліць стасункі, напрыклад, на тэму, які верш – белы ці рыфмаваны – больш літаратура, іх бы напаткаў лёс персанажаў Ксеніі. Натоўп вынес бы іх на маргінэс дзеі: зала была забітая, і іх бы проста на аўтамаце выштурхалі са свята літаратурна-свецкага дэбюту Ксеніі Шталянковай.
Паколькі літбамонд у гэты вечар дыслакаваўся ў Пушкінцы на прэзентацыі трэцяга паэтычнага зборніка Віктара Жыбуля, уся без выключэння публіка была цвярозай. Яе складалі тры катэгорыі слухачоў – сваякі Ксеніі, сябры Ксеніі і журналісты. Першых і другіх можна было пазнаць па кветках, трэціх – па дыктафонах і камерах. Ці то праз поўную адсутнасць алкагалічнага літбамонду, ці то праз мноства букетаў памяшканне проста выбухала свежасцю.
Прэзентацыя, прадуманая да дробязяў харызматычным вядоўцам Аляксандрам Корзюкам, цякла, аднак, вельмі імправізацыйна – гэта было абумоўлена шквалам пытанняў з залы. Замест нуднага чытання атрымалася прыемная жывая гутарка. Маладая аўтарка, якая, па яе словах, “даўно не выступала”, спачатку заўважна хвалявалася, а потым асмялела і прамаўляла смела, цікава ды нязмушана.
Атмасферу да патрэбнага градусу падагравалі інтэрмедыі ад майстра класічнай гітары Рамана Сугакава (скажыце мне, які бард размінаецца ў холе перад літаратурнай вечарынай, і я скажу вам, пра што кніга). “Сільвіюс Леапольд Вайс, прэлюдыя з фантазіі рэ мінор!” – урачыста абвяшчаў вядоўца, і нават сам выдавец Ігар Логвінаў шляхетнеў пад гукі сярэднявечнай музыкі.
Маладаватая для “Маладосці”
Не абышлося без дробных правакацый. У Ксеніі спыталіся, ці баіцца яна трапіць у “чорныя спісы”, выдаўшы кнігу ў прыватным выдавецтве, якому, да таго ж, пры кожнай нагодзе пагражае закрыццём сам Мікалай Чаргінец. Ксенія сказала, што не, не баіцца, бо піша “не пра палітыку”, пра пагрозу Логвінаву з боку Чаргінца раней не чула, а выдавецтва “Логвінаў” яны з бацькамі абралі таму, што ў Ксеніным кнігазборы ёсць кнігі Уладзіміра Арлова гэтага ж выдавецтва, ім было важна, што “тут выдаюцца кнігі на беларускай мове”. Знакава, што сярод сваіх натхняльнікаў Ксенія таксама згадвае аўтара гістарычных бэстсэлераў дзевяностых Вітаўта Чаропку, на кнігах якога вырасла і ад якога пераняла замілаванне эпохай княгіні Барбары.
Увогуле, гісторыя з выданнем “Адваротнага боку люстра” так і засталася пад покрывам змроку. Рэч у тым, што канчатковы варыянт тэксту аўтарка мела яшчэ чатыры гады таму, у свае шаснаццаць. І калі сама яна сказала, маўляў, адразу звярнулася ў “Логвінаў”, то яе бацька прадпрымальнік Ілля Шталянкоў, крыху патлумачыў дзіўную паўзу ў чатыры гады, расказаўшы, што кнігу прапаноўвалі і ў “Мастацкую літаратуру”, і ў “Харвест”, але там яе адмовіліся выдаваць “не за палітыку, а з іншых прычынаў: наклад, каштарыс, мэтазгоднасць”…
Ну і найцікавейшую інфармацыю на гэты конт утрымлівала прывітанне ад пісьменніцы Алены Масла, якая працавала рэдактаркай часопіса “Бярозка”, калі там надрукавалі самы пачатак аповесці. Па яе словах, рукапіс ім перадаў рэдактар часопіса “Маладосць” Андрэй Федарэнка, які вельмі хваліў Ксенію, маўляў, піша няблага, але “для “Маладосці” маладаватая”. “Не адстаць ад іхнага жыцця – вельмі істотна”, – сказала спадарыня Алена пра падлеткаў і тое, як важна падтрымліваць маладыя таленты і літаратуру для моладзі.
Так ці іначай, усё скончылася ўдала – кніга пабачыла свет задоўга да саракагоддзя аўтаркі (сярэдні ўзрост аўтараў часопіса “Маладосць”).
Гегемонія Шталя(е)нковай
Пісьменніца бараніла і дызайн кнігі, які “многія сябры палічылі занадта простым і бляклым”. Па яе словах, у дзяцінстве, чытаючы кідка аформленую падлеткавую прозу, ёй было “сорамна хадзіць з каляровай вокладкай”, і яна абгортвала кнігі ў газеты. Аўтарка нават крыху павучыла выдаўцоў, маўляў, не варта думаць, што тынэйджары кідаюцца на ўсё яркае і стракатае. “Тынэйджары – вельмі складаны народ, і ім падабаецца ўсё, што насуперак плыні”. Таму Ксенія настаяла, каб вокладка была аскетычнай.
Таксама ў дзяўчыны папрасілі патлумачыць, чаму яна піша сваё прозвішча з арфаграфічнай памылкай – “Шталенкова”.
“Як вы напішаце па-беларуску слова “гегемонія”?” – адказала Ксенія пытаннем на пытанне.
“Праз “е”, бо пазычанне з іншай мовы”, – быў адказ.
“Вось! Маё прозвішча – таксама пазычанне!”
Па словах Ксеніі, прозвішча “Шталенкова” павінна пісацца па-беларуску праз “е”, бо паходзіць з Расіі. Для яе такое напісанне – памяць пра дзядулю, якога, на жаль, ужо няма з намі.
У астатнім пытанні былі самыя зычлівыя. Традыцыйна высвятлялі, як пісьменніца арганізоўвае творчую працу, што адбудзецца з героямі далей і ці плануе аўтарка заваёўваць заходнія рынкі. Нейкаму хлопцу карцела даведацца, ці мае Міхал Саколіч канкрэтнага прататыпа. Але Ксенія загадкава пасміхалася, адрасы, паролі, яўкі не выдавала і прамаўляла абцякальна: “Усё найлепшае ў маіх героях – абагульненыя рысы маіх сяброў”. Міхала, закатваючы вочы ўгару, яго стваральніца характарызавала як “высакароднага”. Басю называла “нязноснай”.
Увогуле, аўтарка какетліва раскайвалася ў залішняй рамантычнасці таго, што пачала пісаць у дванаццаць гадоў, а скончыла ў шаснаццаць. “У другой і трэцяй частцы трылогіі будзе больш таго, што называюць экшн”, – паабяцала яна. Сталее пісьменнік, сталеюць і яго героі… Зрэшты, акурат апошняе адносна, бо праход праз люстра можа састарыць героя, а можа амаладзіць яго. Такі вось тызер ад стваральнікаў серыяла. Карацей, у беларускага чытача гэта яшчэ наперадзе – учытацца ў сусветы Ксеніі Шталянковай. Дарэчы, другую частку трылогіі, дзе адбудзецца алаверды, то бок жыхар Вялікага Княства Літоўскага трапіць у наш час, пісьменніца абяцала скончыць да восені.
Лакмусавы дэбют
Кнігу Ксеніі Шталянковай ужо паспелі ахрысціць прарывам беларускай моладзевай прозы. Няпоўнагадовыя аўтары бэстсэлераў заўжды прыцягваюць увагу чытача і прэсы. Кожная з суседніх нам літаратураў у апошняе дзесяцігоддзе зазнала свайго вундэркінда. У 2002 годзе Украіна адкрыла для сябе 17-гадовага львавяніна Любка Дэрэша, чый раман “Культ” сапраўды стаў культавым, прагрымеўшы па Еўропе ў безлічы перакладаў. У тым жа годзе польская школьніца Дарота Маслоўска выдала сапраўды фенаменальную “Польска-рускую вайну пад бела-чырвоным сцягам”, дзе адлюстравала карціну свету звычайнага гданьскага гопніка. У тым жа годзе выйшла кніга “Дай мне!” 20-гадовай Ірыны Дзенежкінай з Екацерынбургу, якую выдаўцы літаральна адкапалі на рускім сайце для графаманаў “Проза.Ру”. “Мне здавалася, што вельмі мала літаратуры, якую я сама люблю чытаць, – пра моладзь. Пра цётак і дзядзек мне чытаць нецікава”, – гаварыла тады Дзенежкіна журналістам.
Пры ўсім адрозненні паэтыкі гэтых трох аўтараў ад жвавага і крыху інфантыльнага пісьма Ксеніі Шталянковай, тут ёсць пра што падумаць. Нармальная літаратура чакае шаснаццацігадовых, як лекцыйная зала – праветрывання падчас перапынку. Менавіта маладыя таленты, якія яшчэ не ўпрэгліся ў традыцыю, выдаюць на гара тое чытво, якога бракуе ім, іх пакаленню. Проза Шталянковай – выразны сігнал, што падлеткавай прозы ў Беларусі як жанру, лічы, не існуе. (Пардон, падлеткавай прозы без дарослага маралізатарства – бо, здаецца, у нас выдаюць толькі такую).
Як прынялі ў Беларусі талент Ксеніі Шталянковай, можна меркаваць па апісаным мной крыху вышэй. З усяго відаць, што калі б Ксенія і яе родныя былі менш настойлівымі, яе проза назаўжды засталася б у сямейным архіве.
Дэкаратыўная мінуўшчына
Крыху пра аповесць (як бы так расказаць, каб не спаліць, чым скончылася?). Галоўная ўдача Ксенінай пісьменніцкай стратэгіі ў тым, што яна не займалася рэканструкцыяй падзеяў шаснаццатага стагоддзя, яе больш займалі стасункі герояў. Узяць хоць бы ўжо апісаную мной сцэну каранацыі Барбары. Калі б аўтарка абклалася манускрыптамі і пачала ў дэталях узнаўляць ход цырымоніі, на кнігу наехалі б усе спецыялісты па ВКЛ разам узятыя. А вось дзявочая сварка ў вавельскім саборы і адчайныя спробы гераіні вылузнуцца з сукенкі, але пабачыць праз галовы тлуму хоць нешта, апісаныя вельмі пераканаўча. Асабліва замілаваў момант, калі ў каранацыйны натоўп праціснуліся гандляры ласункамі – рыхтык на восеньскім кірмашы ля Палаца спорту! Такіх кранальных дэталяў у адносна невялікай аповесці безліч. Шталянкова надзіва ўважлівая назіральніца і прыроджаны псіхолаг – гэтыя якасці жыццёва неабходныя добраму празаіку.
Нечым, сукупна са сціплай вокладкай, “Адваротны бок люстра” ўзнаўляе кніжную атмасферу пачатку ХХ стагоддзя, нагадвае масавыя выданні на газетнай паперы, калі за пару капеек рамантычная пакаёўка купляла магчымасць занурыцца ў дзівосны свет шляхетных прыгажунь і іх прынцаў. Калі ў гераіні фільма Франсуа Азона “Анёл” – ангельскай маладой аўтаркі жаночых раманаў Энджэл Дэвэрэл – пытаюцца, як ёй удалося так трапна апісаць Італію ХІХ стагоддзя, тая рэагуе прыкладна так: “Італія? А дзе гэта?” У рамантычнай прозе і сапраўды галоўнае – каханне-морква, эпоха і краіна патрэбныя выключна як дэкарацыі. Ну… проста прыемна, што ў дадзеным выпадку мы маем беларускія дэкарацыі.
Зрэшты, у адрозненне ад гераіні Азона, Шталянкова падышла да сваёй місіі пісьменніка адказна. Разам з бацькамі яна здзейсніла адмысловыя экскурсіі ў Кракаў і Вільню, каб яе дэкарацыі выглядалі праўдападобна.
Усё астатняе прачытаеце ў кнізе, якую, як вы зразумелі, вельмі раім усім аматарам прыгодніцкага чытва. Дарэчы, толькі ў вечар прэзентацыі прадалося каля 40 асобнікаў. Нягледзячы на вокладку.
Шура Лепель, фота – Зарына Кандрацьева