Фестываль беларускага кароткаметражнага кіно «One Short Film» праходзіць гэтымі днямі ў Мінску. Кафэ «Loft» на два дні зрабілася пляцоўкай для паказаў і абмеркаванняў найлепшых кароткаметражак, знятых маладымі беларускімі кінарэжысёрамі за апошні год. Пра сёлетні фестываль і планы яго развіцця расказала адзін з арганізатараў «One Short Film», Антаніна Серакова.
— Фестываль «One Short Film» існуе ўжо 3 гады. Як ён узнік і ці быў навінкай для сферы беларускага кіно?
— Калі б мы з самага пачатку ведалі, як будзе цяжка, напэўна, не ўзяліся б за арганізацыю гэтага фестывалю. Пачалося ўсё са студэнцкіх даследаванняў беларускай культуры, у працэсе якіх да мяне зусім выпадкова трапілі некалькі дыскаў з кароткаметражнымі фільмамі маладых рэжысёраў, студэнтаў БДАМ. Убачыўшы гэтае кіно, я зразумела, што такія фільмы маглі б зацікавіць не толькі даследчыкаў у сферы культуры, але і проста гледача. Ідэя была новая: у Беларусі ёсць розныя фестывалі кіно, але менавіта такога, прысвечанага ўжо знятаму кароткаметражнаму кіно, не было. Першапачаткова мы думалі зрабіць проста кінапаказ, але пазней ідэя дарасла да паўнавартаснага фестывалю. Адбылося гэта таму, што мы адчулі патрэбу ў такім фестывалі як для рэжысёраў, так і для гледачоў.
— «One short film» — гэта праект, народжаны на голай ініцыятыве? Ці ёсць нейкая сур’ёзная падтрымка з боку нейкіх інстанцый, спонсараў?
— Мы адразу вырашылі, што не будзем рабіць камерцыйны праект. Інакш мы дакладна сутыкнуліся б з цэнзурай. Нам пачалі б дыктаваць ўмовы, казаць, якія фільмы паказваць, а якія — не. Да прыкладу, калі б мы звярнуліся за падтрымкай у Акадэмію Мастацтваў, мы напэўна не змаглі б дапускаць да ўдзелу ў фестывалі рэжысёраў, якія не вучацца там. Тая ж сітуацыя і з бізнесам. Напэўна, былі б зачыненыя нейкія пэўныя тэмы, якія гэтаму бізнесу ці спонсарам маглі б пашкодзіць. Таму фестываль першапачаткова задумваўся як некамерцыйны. Да таго ж рэсурсаў нам хапае — дзякуючы знаёмствам мы атрымліваем дапамогу ад розных людзей. Яркі прыклад — уладальнікі кафэ «Loft», якія з году ў год з радасцю даюць нам памяшканне.
— У якой сітуацыі знаходзіцца цяпер кароткаметражнае кіно Беларусі? Становішча ў цэлым лепшае, чым у «вялікага кіно»?
— Так, з кароткім метрам усё значна лепш. Кароткаметражку прасцей зняць з фінансавага пункту гледжання. Для 20-ці хвіліннага кіно не патрэбныя мільённыя бюджэты. Здымаюць, як правіла, маладыя рэжысёры. І з году ў год мы назіраем вельмі прыемныя тэндэнцыі развіцця. Першыя фільмы, прадстаўленыя ў рамках фестывалю, былі, як правіла, «капіркамі» стыляў і тэхнічных прыёмаў нейкіх знакамітых рэжысёраў — еўрапейскіх, агульнасусветных. Праз тры гады існавання фестывалю мы заўважаем, што маладыя беларускія рэжысёры сталі менш капіяваць, а больш спрабаваць стварыць нешта ўнікальнае, сваё.
— Ці значыць гэта, што фестываль у пэўным сэнсе нараджае сваё ўнікальнае беларускае кароткаметражнае кіно?
— Вельмі прыемна думаць, што гэта сапраўды так. Але я б хутчэй сказала, што мы ўносім свой уклад у развіццё кароткаметражнага кіно ў Беларусі. Ёсць рэжысёры, якія ўдзельнічаюць у фестывалі штогод, і мы назіраем іх сур’ёзны рост. Гэта натуральна. Раней студэнт БДАМ здымаў фільм і ад пачатку ведаў, што гэты фільм убачаць толькі аднакурснікі і выкладчык. Цяпер жа ёсць пляцоўка, дзе сваю працу можна паказаць гледачу. Адпаведна ёсць стымул расці і развівацца.
— Хіба не можа быць такой пляцоўкай інтэрнэт? У чым менавіта фестываль унікальны для маладых рэжысёраў?
— У адрозненне ад інтэрнэт-пляцовак, на фестывалі рэжысёр бачыць імгненную зваротную сувязь. Мы запрашаем на фестываль крытыкаў, гледачоў. І адметнасць нашага фестывалю ў параўнанні з астатнімі ў тым, што момант абмеркавання і вынясення адзнак мы зрабілі публічным. Гэта значыць, што адразу пасля паказу фільма крытыкі фэсту адкрыта абмяркоўваюць кожную стужку, выносяць свае адзнакі. Прычым у склад журы мы стараемся падабраць людзей з розных сфер, з розным поглядам на кіно. Там і рэжысёры, і крытыкі, і даследчыкі, і прадзюсары. Погляды іх часта бываюць вельмі рознымі, і ў цэлым складаецца цікавая, досыць аб’ектыўная карцінка. Так фестываль дае маладому рэжысёру разуменне, што далей рабіць і ў які бок развівацца.
— Кароткаметражнымі фільмамі займаюцца, як правіла, аматары або прафесіяналы? Ці падзяляеце вы ў конкурснай праграме фэсту дзве гэтыя катэгорыі рэжысёраў?
— «One Short Film» — гэта фестываль маладога кіно. У фестывалі могуць браць удзел рэжысёры ва ўзросце да 35-37 гадоў. Таму сэнсу дзяліць іх на аматараў і прафесіяналаў няма. Яны ўсё яшчэ маладыя і, як правіла, знаходзяцца ў творчым пошуку. Што тычыцца непрафесійных рэжысёраў, то часта менавіта іх фільмы бываюць на галаву вышэйшыя за тыя, якія знялі студэнты або выпускнікі Акадэміі мастацтваў. Сёлета на першым фестывальным дні найбольшы фурор выклікаў фільм «У траве сядзеў конік» (арыгінальная назва «В траве сидел кузнечик»). Гэта кіно рэжысёра Алены Алексанэ, якая паводле адукацыі юрыст і ніякага дачынення да прафесійнага кіно не мае. І гэта нармальная практыка нават у вялікім, прафесійным кіно.
— Узнагароды для пераможцаў «One Short Film» — толькі пашана і любоў?
— Фінансавых узнагародаў на фэсце няма. Мы ўручаем пераможцам конкурсных паказаў сертыфікаты фестывалю, але галоўнае тут тое, што мы і далей працуем з іх фільмамі. Прасоўваем фільмы-пераможцы на розныя міжнародныя конкурсы, фестывалі, ладзім дадатковыя паказы, у тым ліку ў рэгіёнах Беларусі. У нас ёсць такая магчымасць, і для нас вельмі важна працаваць з гэтым кіно далей, прасоўваць рэжысёраў, развіваць іх.
— У гэтым годзе ў праграме фэсту толькі адзін фільм на беларускай мове. Беларуская тэматыка не ў пашане ў маладых беларускіх рэжысёраў?
— У мінулым годзе было больш фільмаў на беларускай мове. Я думала пра тое, чаму іх робіцца менш. Думаю, у першую чаргу гэта звязана з тым, што рэжысёры арыентуюцца на вонкавы рынак, жадаюць паказваць гэтыя фільмы на замежных фестывалях. Таму вельмі шмат фільмаў знятыя на англійскай мове альбо на рускай з англійскімі субтытрамі. Другі ж момант у тым, што агулам у Беларусі існуе рэальная праблема з беларускай мовай. Мне здаецца, што апошнімі гадамі гэтая мова робіцца ўсё менш і менш папулярнай, а некаторыя і зусім забываюць пра тое, што яна існуе. Гэта сумная тэндэнцыя, і на нашым фэсце яна, на жаль, таксама адлюстроўваецца.
— Вы кажаце, што з году ў год бачыце прафесійны рост рэжысёраў. А як наконт самога фестывалю? Як ён вырас за тры гады існавання?
— Мы стараемся развівацца. Для гэтага штогод збіраем водгукі гледачоў, рэжысёраў, крытыкаў. І кожны наступны год стараемся штосьці палепшыць, дадаць, улічыць заўвагі, зробленыя нам летась. Асноўная праблема — гэта пошук фільмаў. Калі фэст выдатна арганізаваны, крытыкі запрошаныя добрыя, гледачоў шмат, але фільмы не вельмі якасныя, то ў выніку ўсё роўна фестываль будзе кепскі. Таму для нас асноўная задача — на працягу года знайсці па-сапраўднаму цікавыя фільмы. А маладыя кінарэжысёры, як і прадстаўнікі любых іншых відаў мастацтва ў Беларусі, часта разбітыя на невялікія гурткі, тусоўкі, закрытыя для доступу звонку. Часам, выпадкова наткнуўшыся на нейкі фільм, думаеш: нічога сабе, аказваецца ў нас і такое ёсць! Таму пошукі фільмаў на працягу года — гэта самы вялікі кавалак працы, і калі з гэтым усё добра, то астатняе зрабіць ужо не цяжка.
— Ці шмат у фестывалю публікі і хто гэтыя людзі?
— Кожны год усё больш і больш людзей прыходзяць паглядзець фестывальныя фільмы. Гэта не можа не радаваць. Больш за тое, мне здаецца, што самі рэжысёры не гатовыя да такога ажыятажу і не могуць здымаць столькі фільмаў, колькі хацелі б бачыць гледачы. Як правіла, гэта маладыя людзі, але ёсць сярод гледачоў і людзі сталага ўзросту. Публіка вельмі розная.
— І ўсё ж гэты фестываль — «кіно не для ўсіх»? Ці для тых гледачоў, што ходзяць у кінатэатры на галівудскія блакбастары, вашыя кінапаказы таксама могуць быць цікавымі?
— У цэлым я б не сказала, што публіка фестывалю — гэта нейкая закрытая тусоўка, уваход у якую магчымы толькі для дасведчаных. Кіно ў нас вельмі рознае, і любы глядач знойдзе нешта, што яму будзе даспадобы. Ёсць фільмы, простыя для разумення, а ёсць і досыць цяжкае кіно з аўтарскімі прыёмамі. Больш за ўсё я не зайздрошчу журы, якому давядзецца ацэньваць працы ўдзельнікаў (смяецца). Кіно сапраўды вельмі рознае, і часам параўноўваць яго — гэта тое самае, што выбіраць найлепшага ў музыцы паміж «Beatles» і «Led Zeppelin».
— Ці цяжка рабіць фэст на энтузіязме, захоўваючы яго штогадовы фармат?
— Бывае так, што пасля чарговага фестывалю надыходзіць стомленасць, і я думаю, што, напэўна, займалася гэтым у апошні раз. Але потым да нас пачынаюць прыходзіць новыя і новыя фільмы, я гляджу іх, разумею, як мне самой гэта цікава, пачынаю на гэта «хварэць». Радуе, што энтузіязму пакуль хапае.
— Але энтузіязм рана ці позна можа скончыцца. Ці ёсць думкі рухацца ў камерцыйны бок?
— Так, мы разумеем, што энтузіязм можа скончыцца, і таму трэба кудысьці рухацца, неяк развіваць «One Short Film». Але рабіць камерцыйны кінафестываль у нашай краіне вельмі праблемна. У нас хутчэй ёсць думкі пра пашырэнне фармату. Магчыма, у будучыні мы будзем рабіць не толькі сам фестываль, але праяўляць і іншую актыўнасць, якая прынясе прыбытак нам як для арганізатараў. Адкрыю маленькі сакрэт — над гэтым мы якраз і працуем. Фестываль — гэта ўсяго адна падзея ў год. Хочацца, каб і рэжысёры, і крытыкі, і публіка мелі пляцоўку для камунікацыі. І такая пляцоўка — гэта хутчэй ужо больш маштабны праект, чым двухдзённы кінафэст. Калі праект зробіцца больш маштабным і шырокім, мы зможам думаць і пра камерцыйныя складнікі. Фестываль «One Short Film», безумоўна, будзе мяняцца, развівацца, але як гэта будзе адбывацца, мы даведаемся толькі ў наступныя гады.
Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларуамі!»