У Мінску збіраюцца аматары патрэніраваць сваё валоданне беларускай мовай за гульнёй у “Паўстанцы”.
“Людзям дагэтуль не хапае беларускамоўнага асяроддзя”, – адзначае арганізатар гульні “Паўстанцы ў Мінску” Яраслаў Ліхачэўскі. На яго думку, на моўных курсах наведнікі могуць атрымаць тэорыю, але менавіта нагаварыцца па-беларуску там магчымасці не заўсёды хапае.
“Гульня “Паўстанцы” нечым нагадвае вядомую “Мафію”, дзе трэба шмат камунікаваць, пераконваць, перацягваць людзей на свой бок. Гэта выдатная магчымасць выкарыстаць веды, атрыманыя на тых самых моўных курсах”, – мяркуе Яраслаў.
Месца для правядзення гульні арганізатары знайшлі сярод апантаных беларусаў-бізнесоўцаў. Зала для гульні месціцца ў цэнтры “Альянс”. Яна належыць лагістычнай кампаніі Fabeas, што вядомая падтрымкай розных беларускіх праектаў (напрыклад, дае памяшканне для моўных курсаў “Моваведа”).
Як піша адміністратар суполкі “УКантакце”, “з дапамогай “Паўстанцаў” мы адкрываем клуб аматараў беларускай мовы”
У мінулы чацвер адбылася першая “сутычка” паўстанцаў з царскімі служкамі. Удзельнікі гульні адзначаюць, што і атмасфера была ўтульнай, і дабрацца зручна.
“Спачатку проста пагутарылі, потым пагулялі. Расказалі нам, што гэта толькі пачатак, у перспектыве гэта мусіць выліцца у групу беларускамоўных праектаў”, – кажа адзін з удзельнікаў “паўстання” Іван. Па ягоных словах, гэтым разам гульцы збіраліся бясплатна, але удзел у наступных сесіях будзе каштаваць 20 тысяч рублёў. “Гэта ж зразумела, што нічога бясплатнага не бывае, нават гарбата з печывам каштуе грошай”, – мяркуе Іван.
Але, як кажа Ярасмлаў, браць плату за гульню ён вырашыў з філасофска-псіхалагічнай мэтай: “Я лічу, што людзям варта навучыцца браць адказнасць. Мы паставілі цану за ўдзел у гульні такую, якую можа дазволіць сабе любы чалавек. І ён прыйдзе не “на халяву”, а дасць магчымасць развівацца нашаму праекту”.
У Яраслава вялікія планы. На яго думку, з суполкі аматараў картачных гульняў можа атрымацца нешта кшталту “фонду ідэй”. “У людзей багата цікавых думак і планаў, але ім можа бракаваць аднадумцаў. А тут яны могуць што-нішто абмеркаваць ці знайсці неабходныя рэсурсы для ажыццяўлення некаторых мэтаў”, – кажа Ліхачэўскі.
Будзе развівацца і сама пляцоўка. Арганізатар “паўстання” плануе ствараць праекты з удзелам тых, хто можа зацікавіцца развіццём культуры ў нашай краіне. “Але для гэтага спачатку трэба перазнаёміцца”, – перакананы Яраслаў.
Гульня праходзіць кожны чацвер у 20:00.