Кашуля з арнаментам – не толькі для купальскіх карагодаў, вясельнага строю ці ў якасці падарунка беларусу замежжа. Сямейная пара з Мінска стварыла брэнд Honar і шые стылёвае адзенне з нацыянальнымі матывамі на кожны дзень.
У свет кройкі ды шыцця Павел Доўнар і Карына Адзесенка трапілі нечакана для сябе. Абое скончылі журфак, Карына працавала карэспандэнтам «Народнай волі», Павел мае студыю відэапрадакшну «Zvonka», а таксама ёсць адным са стваральнікаў і рэжысёрам літаратурнага праекта «Litara A». Пра сучаснае адзенне з нацыянальнай адметнасцю пара марыла даўно. Паколькі ніхто з модных дызайнераў гэтай простай ідэі так і не падхапіў, вырашылі: чаму б не зрабіць самім? «Штуршком стала нараджэнне дачкі, – кажа Карына. – З аднаго боку, дзіця патрабуе шмат увагі, але разам з тым мы пачалі больш часу праводзіць дома, і паўстала неабходнасць прыдумаць сабе нейкі занятак. Так і ўзнік Honar».
Пазнака «ручная праца» ў суполцы брэнда часам выклікае недаверлівыя воклічы: «Імёны майстрых у студыю!» Ніякай арміі падпольных швачак Honar пакуль не мае. Усё робіцца сямейнымі высілкамі. Шые ў асноўным Карына. «Але і я магу нешта падцыраваць, гузік прышыць», – устаўляе Павел. Мадэлі – агульная творчасць, эскізы малюе Павел, тканіны і іншыя матэрыялы таксама шукаюць разам. «Самае складанае ў пашыве кашулі – гэта апрацоўка каўняра, манжэтаў, – дзеліцца Павел. – А ўвогуле ёсць праграмы, якія дапамагаюць пабудаваць выкрайкі, зрабіць лінейку памераў, не маючы спецыяльнай адукацыі. Вось раней шыць было цяжэй. У мяне дзед быў кравец…” – “У мяне таксама дзед быў кравец!” – перапыняе Карына. “Відаць, так мы і сышліся”, – смяецца Павел.
Паколькі брэнд узнік напярэдадні зімы, то пачыналі са швэдраў, якія Карына вязала сама, але хутка зразумелі, што надалей давядзецца перайсці на машынную вязку. Арнамент на кашулях і торбах таксама робіцца на машынцы. «Мы нават не разглядалі варыянту ручной вышыўкі», – каментуе Павел. «Мне аднойчы спадабалася вышываная кашуля, і каштавала яна чатырыста даляраў, – кажа Карына. – Гэта была б вельмі дарагая праца». Такім чынам, сямейны тандэм пакуль не аперуе словамі «новая калекцыя» і ўвогуле не атаясамлівае сябе з моднай сферай, а выпускае адзінкавыя рэчы і рэкламуе сваю прадукцыю толькі ў сацыяльных сетках. Замоваў багата, чарга з пакупнікоў расце, таму ў планах усё ж займець міні-вытворчасць з наёмнымі працаўнікамі.
«Нам, напрыклад, нядаўна напісалі беларусы Вялікабрытаніі, што хочуць набыць у нас цэлую партыю кашуляў, – згадвае Карына. – Але як мы можам зрабіць партыю, калі толькі паспяваем пашыць, як адразу ўсё раскупляецца?»
– Мабыць, вашае адзенне запатрабаванае збольшага беларускім культурніцкім асяродкам, то бок калі-небудзь сустрэнуцца… ну, напрыклад, Франак Вячорка і Глеб Лабадзенка на імпрэзе ў аднолькавых кашулях, – падводжу я да пытання пра аўдыторыю брэнда.
«Мы ўлічвалі такую небяспеку, але не прыдумалі, што з гэтым рабіць, – усміхаецца Павел. – Насамрэч мы шыем вельмі невялікую колькасць рэчаў адной мадэлі, так што наўрад ці беларуская тусоўка будзе хадзіць у аднолькавым, быццам гэта нейкі флэшмоб. А калі сур’ёзна, то, як ні дзіўна, сярод нашых пакупнікоў шмат людзей, увогуле не звязаных з беларускім асяродкам». Карына дадае: «Часам прыходзяць і такія сур’ёзныя бізнесоўцы ў касцюмах, хаця ў іх высокія патрабаванні да якасці пашыву». – «А мне хацелася б, каб замаўлялі і простыя рабацягі з заводаў, гэта было б цікава, няхай бы самыя розныя людзі прыходзілі», – фантазіруе Павел.
– Але вышыванка для беларусаў мае асаблівы сакральны сэнс, ці не абясцэньваецца такім чынам традыцыя, калі вы ператвараеце яе ў паўсядзённасць? – намагаюся справакаваць парачку.
“Я б увогуле не параўноўваў нашае адзенне з традыцыйнымі вышыванкамі, гэта зусім розныя рэчы, – кажа Павел. – Нашае адзенне хутчэй для тых людзей, якія і так носяць белыя кашулі, але замест гальштуку ўрачыстасці іх вобразу надае арнамент. Пра сакральны сэнс я б тут не казаў. Краме “Скарбніца” мы ніякія не канкурэнты”.
– Калі адзін беларускі дызайнер паказаў майткі з арнаментам, на яго абрынулася хваля абурэння. Усё-такі да якой ступені нацыянальнае можа быць паўсядзённым?
“Майткі з арнаментам мы не плануем шыць, – кажа Карына. – Станікі таксама. Цяпер канцэнтруемся на кашулях. Пазней будуць спадніцы і дзіцячае адзенне”. – “Пакуль нічога мы не прыдумалі з мужчынскімі нагавіцамі”, – дадае Павел.
Арнаменты альбо іх асобныя элементы для сваіх рэчаў Павел і Карына шукаюць у кнігах. Паўсядзённым адзенне Honar усё адно можна назваць вельмі ўмоўна, бо чалавек у кашулі з нацыянальнай вышыўкай заўжды глядзіцца ярка ды прыцягвае позіркі. Нядрэнны спосаб вылучыцца з натоўпу.
Аляксандра Дорская, budzma.by