Беларуская рок-князёўна дала канцэрт у невялічкай кавярні “Йо-ма-йо”, які стаў яе першым сольным выступам на публіцы з кастрычніка 2004 года.
У ДК МТЗ — свята. Уся зала запоўненая людзьмі, якія пляскаюць і тупаюць у такт спевам нейкага шчуплага і нахабнага з выгляду мужычка з гармонікам, што пад мінус спявае нешта пра восень. Збоку ад сцэны боўтаецца вялізны дзяржаўны сцяг, пасярод — расцяжка з выявай вялікага трактара і надпісам “МТЗ-66!”. У холе паўсюль п’юць задаволеныя сабой мужчыны сталага ўзросту. Праз колькі хвілінаў сюды хлынуць усе, хто ў зале, і пачнецца бязлітасная дыскатэка ў стылі 90-х.
Тут жа, літаральна праз сцяну, свой рэдкі канцэрт дае Кася Камоцкая. У кавярні ДК МТЗ, якая чамусьці завецца “Йо-ма-йо”, утульна і прахалодна. З два дзясяткі чалавек сядзяць за сталамі і ўважліва слухаюць спявачку. Яна дзеліцца самымі апошнімі навінамі. Камоцкую відавочна ўзрушыў той факт, што песня ў яе выкананні “Мой паляўнічы” з “Народнага альбома” прагучала на Канскім фестывалі падчас праходу па чырвонай дарожцы стваральнікаў фільма “У тумане”. “Калі мне патэлефанавалі з нумара з кодам Францыі і расказалі пра гэтую ідэю, я падумала, што жартуюць, але калі назвалі песню, то зразумела, што так выкшталцона нельга жартаваць. Сяргею Лазніцу падалося, што менавіта яна добра прэзентуе беларускі характар”, — кажа яна і пачынае канцэрт якраз з гэтага твора. Гэта быў апошні трэк, запісаны для “Народнага альбома”, прычым Кася не тое каб надта хацела яго спяваць, а выявілася, што ён займеў доўгае жыццё.
Апошні сольны канцэрт у Камоцкай быў у кастрычніку 2004 года. Першая рок-князёўна Беларусі фактычна спыніла музычную кар’еру і больш не піша песняў. Яна занялася дакументалістыкай разам з мужам Віктарам Корзунам. Здымкі стужак яе паглынаюць, бо ёй цікава назіраць, што адбываецца з людзьмі. Тым не менш, на пытанне з залы наконт таго, ці існуе яшчэ гурт “Новае Неба”, Кася адказвае, што гэта адкрыты праект, які можа існаваць заўжды. Гукі шалёнага гармоніка далятаюць і сюды, хоць дзверы кавярні шчыльна зачыненыя, але Касю гэты факт не бянтэжыць, яна спявае “Божа, забяры маё жыццё” і “Дзеці чорнага горада”.
“У мяне няма сваіх любімых песняў, — прызнаецца Кася. — Я не лічу музыку сваёй прафесіяй, таму і не пішу твораў, якіх не люблю”. Але потым, калі нехта з залы папросіць заспяваць “Прэзідэнт, ідзі дамоў”, яна прызнаецца, што ёсць усё ж у яе нелюбімая песня — якраз гэтая — і адмовіцца яе выконваць. Кася наогул досыць скептычна ставіцца да сваёй творчасці. На яе думку, з палову яе этапнага альбома “Сон у трамваі” цяпер зусім не гучыць.
Калі зайшла размова пра “чорныя спісы”, Камоцкая прызналася, што не верыць у іх. Яе спевы з 1995 года ігнаруюць дзяржаўнае радыё і тэлевізія, пару гадоў таму Мінгарвыканкам нават забараніў яе выступ у Чырвоным касцёле, але прозвішча яе ў “чорных спісах”, як 8-гадовай даўніны, так і цяперашніх, няма. “Мае самыя адданыя слухачы сядзяць у выканкаме, — жартаўліва кажа Кася. — А самі гэтыя спісы — унутры, а не на паперы”.
Дыскатэка ў холе была ў самым разгары, калі Камоцкая спявала Караткевіча, якога лічыць топавым беларускім аўтарам на ўсе часы. Арганізатары канцэрту з кампаніі “Рок-салідарнасць” у гэты ж час вырашылі скарыстацца момантам ды выйшлі да падпітых танцораў, каб раздаць беларускія дыскі, якія бралі з ахвотай.
А ў Касі ізноў пытаюцца пра Каны ды пра Лазніцу. Ці ганарыцца? “Калі б мая песня ў саўндтрэку прагучала, дык быў бы гонар, а так проста прыемна, што нехта ў Еўропе слухае мае спевы”, — заўважае яна і спявае “Чаканне Калядаў”.
Сама рок-князёўна музыку не слухае яшчэ з тых часоў, як працавала музычным рэдактарам на “Радыё 101,2”. Яна яе раздражняе і дагэтуль успрымаецца як праца, але гэтае адчуванне зусім не замінае ёй спяваць. Праўда, свае песні яна зрэдчас выконвае, а на сяброўскіх сустрэчах наогул не пяе свайго, але з радасцю згадвае Высоцкага ды Акуджаву. Каб даць зразумець прысутным, што час вечарыны скончыўся, яна бярэцца за выкананне самай меладычнай і гарманічнай песні са свайго рэпертуару — “Мая краіна”.
Кася дала выдатны канцэрт, і невядома, ці паўторыцца нешта падобнае найбліжэйшым часам.
Тэкст: Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч