Ужо шосты дзень вялікія плюшавыя зубры-аніматары забаўляюць заўзятараў на арэнах ЧС па хакеі ў Мінску. Чым запомніўся гасцям турніру талісман па мянушцы Волат — у аглядзе OPEN.BY.
На кожным матчы чэмпіянату гарэзяць па два Волаты, або Валеры, як іх называюць заўзятары. У ролі аніматараў выступаюць не беларусы, а канадцы. Як перадае тэлеканал “Беларусь 24”, “хлопцам ў касцюмах у сярэднім 25 гадоў, яны прайшлі строгі кастынг і прымералі ўсе разам ужо з дзясятак хакейных вобразаў: былі катамі Айсі на мінулым чэмпіянаце, ваўчанятамі Гулі ў 2011…”
З першай жа гульні турніру Волаты пачалі зараджаць хакейную публіку энергетыкай і дзяліцца добрым настроем. Са шматлікіх водгукаў у сацсетках робіцца зразумела, што плюшавыя зубры адпрацоўваюць па поўнай праграме. Абшары сэрвісаў Twitter, Instagram, “Вконтакте” поўняцца фатаграфіямі і відэа з Волатамі, эмацыйнымі каментарамі.
“Я не ведаю, хто быў у роставай ляльцы Волата на чыж.арэне, але гэты чувак адрываўся на славу! Паклон!” — дзеліцца ўражаннямі @oxfordskiy.
@hzname: “Дарэчы, з нагоды Волата. Насамрэч афігенна глядзіцца, калі на трыбунах зубр пад гарлем шэйк каўбасіцца”.
Карыстальнік iskrnji: “Талісман чэмпіянату зубр па імені Волат. Шустры такі. Насіўся па трыбунах як ашалелы. Прыбег да нас і пачаў прапаноўваць фінам нешта дзіўнае. Я спачатку нават напружыўся і фіны ў здзіўленні, але выявілася, гэта проста паравозік такі.)) Збярэ так народ і бегае паміж радамі”.
“Волат (хто не ведае, гэта сімвал ЧС-2014 — зубр) аджыгае не па-дзіцячаму: так актыўна трос попай, танцаваў джыгу і заводзіў фанатаў… Увогуле, у яго ёсць чаму павучыцца <…> А потым гэты забіяка пабіўся з заўзятарам. Вось смехатабыла :)”, — расказала Ксения Рыбка.
“#Волат #Валера не толькі абдымаўся з усімі, танцаваў без супыну, лазіў па галовах, але яшчэ і, падаючы, любіў як мага даўжэй паваляцца на прыдушаных людзях”, — піша vrerka.
Verzhe: “Гэта проста ашалець! Ён лазіў ўсюды і па ўсіх! Катаўся на каленях у мужыкоў, дэнсіў ва ўсю, пачынаў “хвалю”, усюды хадзіў з ахоўнікам, абдымашыўся з усімі і пастаянна быў няўлоўны! І як я ні спрабавала з ім загаварыць – ніводнага слоўца не вымавіў! Як на мяне, гэта самая вясёлая і шчаслівая праца!”
Виктория Корсик у сетцы “Вконтакте” напісала: “Зубр-акрабат на “Чыжоўка-Арэне”. Уражваў сваімі трукамі і танцамі)))”.
Заўзятары, якім запомніўся Волат, могуць купіць у крамах у фан-зонах паменшаную копію зубра. Цана — 280 000 рублёў.