У першай дуэлі Адзінай лігі ВТБ мужчынская каманда “Цмокі-Мінск” запісала ў актыў першую сенсацыю новага сезона. Падапечные Ігара Грышчука, якія правялі адну з лепшых гульняў у гісторыі існавання клуба, упэўнена перамаглі казанскі УНІКС. Тым самым адзначыліся дэбютнай перамогай над казанцамі за ўвесь час удзелу ў міжнародных паядынках.
(22:20, 16:22, 23:31, 22:18)
КАЗАНЬ. 7 кастрычніка
ЦМОКІ-МІНСК: Міркавіч (17), Кудраўцаў (11), Хіліярд (10 + 7 пад), Мараш (16), Штутц (16); Грэй (13), Лютыч (6), Лашкевіч (2), Ульянка (0), Белянкоў (н.в.), Паляшчук (н.в.), Семянюк (н.в.).
У гісторыі выступленняў у лізе ВТБ наша каманда 4 разы сустракался з УНІКСам – і кожны раз саступала. У першым паядынку новага сезана казанцы зноў лічыліся фаварытамі. Нават ня гледзячы на масавае аднаўленне складу – і, як вынік, неабходнасць у настройванні каманднай “хіміі”. Працэса, які не вырашаецца за дзень, тыдзень і нават месяц.
Тым не менш, у пачатку гульні УНІКС выглядаў так, як і павінен выглядаць адзін з мацнейшых клубаў краіны. Не прайшло і хвіліны, як спадары ўжо вялі 6:0, адзначыўшыся дзвума дальнімі кідкамі. Адзін з іх запісаў у актыў Ліхадзей, які і ўвогуле стаў галоўным героем чвэрці. Так, за стартавую 10-хвілінку форвард накідаў 11 балаў – роўна палову ўсёй спажывы дружыны. Натхнення аднаго з лідараў хапала “бела-зялёным” для таго, каб утрымліваць лідарства ў дэбюце. Аднак ужо на мяжы першага і другога перыядаў мінчукі намякнулі на скорае змяненне становішча. Пры гэтым ініцыятарам “рэвалюцыі” выступіў Віталь Лютыч. У гэтай гульні абаронца правёў на пляцоўцы менш 5 хвілін, аднак і гэтага было дастаткова, каб адзначыцца 6 баламі і ўпершыню вывесці гасцей наперад.
Адное толькі кароткачасовае лідарста мінчукоў не задаволіла. У хуткім часе яны арганізавалі рывок 14:5 і захапілі перавагу ў “+9” бліжэй да экватару другой чвэрці. Вядома, УНІКС не быў бы УНІКСам, каб дазволіў візаві канчаткова прыбраць да рук ініцыятыву. Як-ніяк падапечныя Яўгена Пашуціна прайшлі шмат выпрабаванняў у багатай і слаўнай кар’еры – і з трыумфам выходзілі і з больш складанага становішча. Таму нядзіўна, што казанцы адказалі спуртам на спурт – і зраўнялі лік за хвіліну да фінішу першай паловы. Аднак у якасці лідара на перапынак сышлі ўсё ж такі чэмпіёны Беларусі дзякуючы ўдаламу дальняму кідку Мараша. Дарэчы, дазволім забегчы наперад і адзначым, што ў гэтай дуэлі “Цмокі” рэалізавалі 9 з 21 кідка з-за дугі – больш, чым 40%!
Пасля ж поспеху форварда з Чарнагорыі госці стабільна валодалі перавагай. У хуткім часе пасля ўзнаўлення гульні Ігар Грышчук пайшоў на цікавы эксперымент. Так, пасля выхаду Грэя на пляцоўцы знаходзіліся адначасова тры абаронцы – узгаданы Грэй, Міркавіч і Кудраўцаў. Аднак і акрэсліць “лёгкай” тую абойму таксама нельга, бо трыа падрымліваў класічны дуэт “вялікіх” – Мараш і Штутц. Менавіта на гэтую пяцёрку прыйшоўся лепшы адрэзак у выкананні мінчукоў. Пераўзыходзячы суперніка ў мабільнасці, але і не саступаючы ў барацьбе ў “фарбе”, наша каманда арганізовала чарговы спурт – і скончыла трэцюю чвэрць з перавагай у 12 балаў!
У заключнай чвэрці наш галоўны трэнер выкарыстоўваў больш класічны варыянт складу, як таго і патрабавала сітуацыя. Збавіўшыя тэмп гульні “Цмокі” хладнакроўна і ўпэўнена давялі матч да вікторыі – і ні ініцыятывы Лэнгфарда, ні актыўны прэсінг казанцаў у апошнія хвіліны нічога не змянілі. Прыгожы слэм-данк Штутца напрыканцы сустрэчы падвёў рысу пад адным з лепшых паядынкаў мінчукоў у гісторыі выступлення ў Адзінай лізе, у якім наша каманда ў гасцях перамагла УНІКС і тым самым прымусіла з яшчэ большым аптымізмам глядзець у бліжэйшую будучыню.
Галоўны трэнер УНІКСа Яўген ПАШУЦІН: – Мы дрэнна гулялі ў абароне – прапусціць 93 ачкі недапушчальна. Не было індывідуальнай адказнасці ў абароне. Мінчукі забівалі мячы з любой пазіцыі, шлях да нашага коша быў адкрыты. Будзем выпраўляць недахопы, чым зоймемся ўжо заўтра.
Галоўны трэнер «Цмокаў» Ігар ГРЫШЧУК: – Я падзякаваў сёння хлопцам за перамогу. Мы добра падрыхтаваліся, разабралі дзеянні УНІКСа, зрабілі аналіз гульняў казанцаў на Кубку Гомельскага. Нам пашанцавала, што мы гулялі першую гульню з гэтым супернікам, мне здаецца, казанцы яшчэ недастаткова згуляныя. Мы ж перамаглі за кошт добрай каманднай абароны.