Аўтар “July Morning” і “Lady in Black” даў эксклюзіўны канцэрт у мінскім клубе TNT. Перад выхадам на сцэну славуты музыкант зрабіў некалькі прызнанняў і паразважаў пра шлях Беларусі.
“Бачыце, я маладзею. Валасы ў маім узросце мусяць сівець, а вы паглядзіце ўважліва на мяне”, – хваліцца брытанец Кен Хэнслі за пару гадзінаў да пачатку свайго сольнага выступу ў клубе TNT. 67-гадовы музыкант увайшоў у гісторыю сусветнага року, як аўтар песень “Look At Yourself”, “July Morning”, “Lady in Black” ды іншых залатых хітоў гурта Uriah Heep. 16 год ён сядзеў на ігле, але знайшоў у сябе сілы адмовіцца ад наркотыкаў. Ён распавядае, што вырашыў “аддаць сваё жыццё Ісусу Хрысту”. Хэнслі пераехаў жыць у спакойную Гішпанію, завёў сабе сабак ды рыбак, але з рок-музыкай не завязаў. Яго сольная дыскаграфія налічвае з два дзесяткі рэлізаў, ён працягвае актыўна канцэртаваць па свеце і запісваць новыя песні. Сёлета ў яго запланаваныя канцэрты ў Японіі і ЗША, у сярэдзіне лютага музыкант пачынае запіс новага дыску, вось-вось выйдзе яго live-альбом, акром таго яму хочацца выдаць свае песні, сыграныя разам з сімфанічным аркестрам.
Кэн прызнаецца, што акром музыкі і рабіць больш нічога не ўмее і свята верыць, што яна здольная змяніць свет. Сам ён выхоўваўся на Прэслі. Кажа, што пабачыў Элвіса па тэлевізары, калі меў 11 год: “Ён быў у атачэнні асляпляльных дзяўчын і мне захацелася таго ж. Не дзяўчын, канечне ж, а вялікай сцэны”. Хэнслі дагэтуль з цеплынёй прыгадвае сярэдзіну 60-х гадоў, калі ён практычна не меў грошай, жыў у фургончыку і хадзіў памыцца да свайго сябрука Міка Тэйлара, з якім граў разам у малавядомым гурце The Gods. Усяго праз пару год, Мік стане гітарыстам Rolling Stones, а Кэн увойдзе ў склад гурта Uriah Heep, для якога напіша песні, што стануць сапраўднай класікай року. “Я стварыў “July Morning” у 70-м ці тое ў 71-м годзе, – згадвае Хэнслі, – Шчыра скажу, нават не ўяўляў, што ў яе займае такое доўгае жыццё і што яна будзе значыць так шмат для людзей”. Музыкант сапраўды не можа зразумець да канца маштабы захаплення яго песняй. У Баўгарыі яна лічыцца неафіцыйным гімнам. Там нават ёсць свята July Morning, калі людзі збіраюцца разам на пляжы ўначы і спяваючы гэту песню, сустракаюць світанак. “Быў на адным з свяце, не зразумеў гэтага, але гэта быў надзвычайны эксперыенс”, – кажа Кен.
Квіткі на яго канцэрт у мінскім клубе TNT каштуюць у раёне 100 еўра, але ахвочых паслухаць легенду сусветнага року знаходзіцца нямала. Кен дэманструе абсалютную адкрытасць, заклікае задаваць яму якія заўгодна пытанні і абяцае, што ніхто не выйдзе без аўтографа ці сумеснага фота, калі таго жадае. “Каб не такія людзі, як вы, то і маёй музычнай кар’еры не адбылося б”, – шчыра прызнаецца брытанец. Сваю праграму музыкант збудаваў пераважным чынам на тых песнях, якія ад яго прагнуць пачуць прыхільнікі Uriah Heep, але каб засведчыць сваю творчую адпаведнасць, ён выконвае і творы, напісаныя нядаўна.
У Мінску Хэнслі ўжо быў аднойчы, пяць год таму. Тады яго канцэрт заяўляўся ў Палацы спорту, але быў перанесены ў Night Star. Безумоўна, ён чуў пра тое, што нашай краіна мае не самы лепшы імідж у свеце. Разважаючы перад выхадам на сцэну пра сувязь музыкі і палітыкі Кен намагаецца быць максімальна карэктным: “Я не эксперт у палітыцы, хоць заклапочаны тым, што адбываецца навокал. Я ідэаліст і намагаюся бачыць святло паўсюль. Сваё ўражанне імкнуся фармаваць найперш ад сустрэчаў з людзьмі, а не пад уплывам таго, што пішуць СМІ. Мне здаецца, што Беларусь, як і іншыя постсавецкія краіны, якія атрымалі свабоду ад рэжыма, яшчэ толькі шукае свой шлях. Ведаеце, Гішпанія атрымала незалежнасць ад пануючага рэжыму ў 1977 годе, але там дагэтуль намагаюцца зразумець, што з гэтым рабіць. А ўвагу найперш трэба накіраваць на карупцыю, бо гэта хвароба, што можа зжэрці краіну знутры. І сканцэнтравацца на праўдзе”. Хэнслі прызнаецца, што сам напісаў за сваю кар’еру толькі дзве вострасацыяльныя песні. Гэта было пры канцы 70-х, калі была модна спяваць на антываенную тэматыку. Больш на патрэбу дня не пісаў. Кажа, што для гэтага трэба мець іншы тып мыслення, валодаць іншай лексікай, а ён на тое здольнасцей не мае.
Хэнслі перыядычна змяняе гітары пры выкананні, часам перасаджваецца за сынтэзатар, распавядаючы гісторыю кожнай сваёй песні. “Rain”, напрыклад, ён напісаў у Лондане, за двума піва ў абед. “July Morning” прыблізна ў той жа час, калі Uriah Heep была ў сумесным туры з Sha Na Nа. “Зусім не думаў, што буду яе выконваць перад вамі праз 40 год, бо не ведаў, ці буду жывы”, – шчыра прызнаецца аўтар адной з галоўных рок-песень 70-х і зазначае, што пад наркотыкамі напісаў свае найгоршыя творы. На пытанне ад слухача наконт таго, ці падтрымлівае ён кантакт з іншымі ўдзельнікамі Uriah Heep, Хэнслі адказвае сцісла: “Не”, хоць перад канцэртам з ахвотай распвядаў пра тое, што ўз’яднанне славутай каманды ў прынцыпе магчыма нават нягледзячы на тое, што двух яе ўдзельнікаў няма ў жывых. “Калі нехта знойдзе слушны падыход, то я буду не супраць зрабіць разам пару шоў”, – сказаў музыкант.
Пры канцы вечара ён грае “Lady in Black” і мала хто з прысутных можа паверыць, што тут перад імі гэтую да болю знаёмую песеньку напявае ў арыгінале сам аўтар. Кэн папросіць дзесяць хвілін, каб перапрануцца ды потым выйдзе раздаваць аўтографы. Стомленасці ён не адчувае, бо малады.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч