Пра тое, ці можа быць плюсам паўпадпольнасць і нерастыражаванасць актуальнай беларускай літаратуры, Еўрарадыё размаўляе з вядомым паэтам Андрэем Хадановічам.
У інтэрв’ю Еўрарадыё Максім Жбанкоў сказаў: сёння, калі заходзіш у кнігарню, на палічцы з беларускімі кніжкамі будуць стаяць кніжкі альбо занадта разумныя, альбо нецікавыя. Чаму так?
Хадановіч: Ведаеце, кожная формула спрашчае, таму я пры ўсёй каласальнай павазе да Максіма згодны не да канца. Так, ёсць тэндэнцыя, і яна такая, што чытач актуальнай беларускай літаратуры купляе гэтую літаратуру не ў кнігарнях. І гэта праблема.
Заходзячы ў кніжную краму, чытач часам знойдзе штосьці па-беларуску ў атачэнні расійскіх бэстсэлераў глянцавага друку, папсы. Ён знойдзе школьную класіку, якая гарантавана купляецца ў кнігарнях. Ён знойдзе найтрадыцыйнейшую частку беларускай літаратуры, легальную частку беларускай літаратуры — літаратараў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам… Часам літаратараў незалежных выдавецтваў, але яны там у меншасці. Таму, хутчэй за ўсё, чытач пойдзе па трох-чатырох культавых вядомых яму кропках, напрыклад, у галерэю «Падземка», а не ў кніжны магазін.
З іншага боку, актуальная літаратура існуе ў межах цэлай сеткі прэзентацый. У краіне сёння без літаратурных агентаў, культурных прадзюсараў, кнігавыдаўцоў, зацікаўленых у дэстрыбуцыі, пісьменнік сам павінен быць сабе агентам, прадзюсарам… Таму беларуская сітуацыя надзвычай актыўная на кніжныя прэзентацыі. І чытачы ходзяць на жывыя сустрэчы з аўтарамі. Самыя папулярныя пісьменнікі, кшталту Ўладзіміра Арлова, Рыгора Барадуліна, Альгерда Бахарэвіча, могуць пахваліцца доўгімі чэргамі і вялікай колькасцю падпісаных на прэзентацыях кніжак. Тэкст цалкам.