Прадстаўнікі харвацкай царквы забаранілі здымачнай групе «Гульні тронаў» здымаць аголеную сцэну для пятага сезону серыяла ў царкве Святога Мікалая ў Дуброўніку.
Гаворка ідзе пра эпізод з выхадам цалкам аголенай Сэрсэі Ланістэр (Лена Хідзі) з царквы на вуліцы аднаго з гарадоў Каралеўскіх зямель. Мяркуецца, што Ланістэр павінная такім чынам загладзіць сваю віну. Аднак мясцовая кінематаграфічная арганізацыя забараніла камандзе серыяла пачынаць працу ў царкве Святога Мікалая, якая раней была ўнесеная ў яе здымачны графік. У якасці прычыны адмовы названая забарона на здымкі з боку прадстаўнікоў царквы. Удакладняецца, што апошнія маюць «жорсткую палітыку ў дачыненні да публічных праяваў сэксуальнасці».
Прадзюсары серыяла заявілі, што не могуць выразаць сцэну з пятага сезону, бо яна мае вырашальнае значэнне для сюжэту серыяла. Пра альтэрнатыўныя варыянты нічога не паведамлялася.