15.02.2017 | Літаратура

Хто ў гэтай краіне паэт?

Гэта Беларусь, дзетка! Толькі тут пасля публікацыі журналістамі “Нашай Нівы” спісу антылітаратуры (экстрэмісцкіх выданняў, прысвечаных пераважна Наваросіі), якія яны ўбачылі на кніжным кірмашы, сумнеўныя кнігі адразу знялі са стэндаў. Але літаральна праз дзень ахоўнікі правапарадку ўварваліся ўначы ў нумар вядомага ўкраінскага паэта Сяргея Жадана, забралі ў пастарунак і забаранілі ўезд у Беларусь. Мая сяброўка не пайшла на “Ноч паэтаў”, арганізаваную ў межах фестывалю “Вершы на асфальце”, бо “там не будзе Жадана…” А я пайшла. І не прагадала.

Першая гадзіна “Ночы паэтаў” праходзіла наверсе, у адной з невялікіх залаў кавярні “Грай”. Усе ахвотныя туды проста не змяшчаліся. Некаторыя нават сыходзілі, бо не маглі трапіць у памяшканне. Але праблема была вырашаная: дзею перанеслі ўніз, на вялікую пляцоўку, бліжэй да бара. Першым пасля перадыслакацыі чытаў Жадан (які ўсё-такі застанецца з намі, бо забарону аператыўна адмянілі!). І ў паветры адразу з’явілася штосьці рок-н-рольнае. У гэтай зале таксама было не надта прасторна. Піва ў бары хутка скончылася, яго тэрмінова аднекуль прывезлі – мяркуйце самі, колькі прыйшло наведнікаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nochpaezii/IMG_0963.jpg

За некалькі дзён да таго я блукала па XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. З Алесем Бадаком і Віктарам Шніпам пагутарылі дзесьці паміж афіцыйнымі мерапрыемствамі. Цікава, што нашы паэты (не лічачы пачаткоўцаў) у гэты дзень выступалі толькі на… расійскім стэндзе. Валярына Кустава, Анатоль Кудласевіч, Алесь Разанаў прачыталі па два свае вершы. Шчыра кажучы, мяне адразу “праняла” іх творчасць, я адчула адкрыты космас. Пра Анатоля Кудласевіча раней хіба што мімаходзь чула з абвестак барда Змітра Захарэвіча. На творы Валярыны Куставай час ад часу натрапляю ў фэйсбуку. А вось Алеся Разанава ў нашай прасторы не хапае найбольш. Надзвычайнай велічыні і яскравасці беларускі паэт, але ці часта мы яго чуем, ці чытаем інтэрв’ю, ці прыходзім на майстар-класы?.. Падаецца, пакідаючы па-за пільнай увагай такіх творцаў, наша нацыя шмат страчвае. Можа быць, я перабольшваю. Але гэтай тройцы, памножанай на два вершы, мне было мала. Трэба іх яшчэ.

Прыўкрасна, што “Ноч паэзіі” ў “Граі” атрымалася такім велізарным святам. Мноства паэтаў і гледачоў, якія завіталі сюды, слухалі вершы, час ад часу апантана камунікавалі адно з адным. Такой шчыльнасці людзей на адным квадратным метры, зацікаўленых агульным – літаратурай, – я дагэтуль не сустракала. Сапраўднай кульмінацыяй стаў выступ Андрэя Хадановіча разам з гуртом “TonqiXod”. Яны выканалі перастворанага па-беларуску Боба Дылана. Зала напоўнілася адчуваннем рамантыкі. Ахвотным прапанавалі патанчыць “медлякі”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nochpaezii/IMG_0884.jpg

Гутарыла з лідарам гурта “Гарадскі вал” Раманам Абрамчуком, які таксама прыйшоў паслухаць. Ён слушна сказаў, што так шмат пляцовак ёсць, на якіх выступаюць розныя аўтары, і гэта вельмі добра. Бо толькі ў шматгалоссі можна расчуць нешта добрае. Паэт Сяргей Прылуцкі, які цяпер жыве ў Кіеве, бо пабраўся шлюбам з тамтэйшай паэткай Аленай Сцепаненка (дарэчы, шлюб – адзіная прыстойная нагода, каб пакінуць сваю краіну), пачытаўшы вершы, сказаў мне, што добра, што ўсё гэта ладзіцца ў бары, дзе больш разняволеная атмасфера.

З Дзмітрыем Строцавым мы жывем непадалёк, ля аднаго прыпынку метро. Акурат сустрэліся, як выйшлі, пагаманілі. Ён распавёў пра шведскага беларуса Дзмітрыя Плакса і пра тое, што цяпер у нас сапраўдны рэнесанс, як у 1980–1990-х гадах. Так шмат таленавітай творчай моладзі, усе пішуць. Трэба даць ім магчымасць выступаць.

Яго сын Андрэй Строцаў заўважыў, што зусім побач з “Граем”, на прыступках дома Ваньковіча, у тыя ж 90-я збіраліся Лявон Вольскі, Кася Камоцкая і кампанія – гэта таксама сімвалічна.

На Стральцоўскім фэсце мне сустрэўся і паэт-першакурснік Алесь Мінаў. Нядаўна ён заснаваў паэтычную суполку “Лямант”. Да Дня роднай мовы яны ладзяць сваю праграму ў інтэрнаце для дзяцей-сірот. Аказваецца, беларускую мову там пачынаюць вывучаць толькі з 5-га класа! Я пакуль не спраўджвала такую інфармацыю, але гэта, відавочна, тэма для асобнага артыкула і для лістоў у Міністэрства адукацыі…

Такое адчуванне, што нешта добрае прарастае ў нашай краіне. Як трава, што прабіваецца скрозь асфальт. Пачынаюць гучаць розныя галасы. І аднаго фэсту імя Стральцова для іх мала. Няхай не крыўдзяцца тыя, каму не прапанавалі выступіць на “Вершах на асфальце” і на кніжнай выставе, спакойна ладзяць уласныя імпрэзы і запрашаюць сваіх слухачоў (у тым ліку патэнцыйных) у прыемныя месцы.

Каго не хапала ў “Граі”, дык хіба паэта Ігара Канановіча, які скончыў жыццё самагубствам. Віталь Рыжкоў прачытаў прысвечаны яму верш, які завяршаецца такімі радкамі: “Цела паэта – джала, зламанае аб асфальт”. Талент зніклага чалавека ўжо не ўваскрасіць. Таму пакуль мы жывыя, трэба чытаць. Вершы.

 

Ніна Лістота

Фота Аляксандра Кісялёва з фэстывалю “Вершы на асфальце”


2 Каментаў у “Хто ў гэтай краіне паэт?”

  1. tob says:

    дарэчы, шлюб – адзіная прыстойная нагода, каб пакінуць сваю краіну

    дарэчы, не адзіная.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика