“Сёлета мы ўводзім яшчэ адну намінацыю, як на мяне, вельмі важную – “Найлепшая кінастужка на беларускай мове”. Мы лічым, што наш святы абавязак і святая місія – такім чынам спрыяць развіццю (адраджэнню) нацыянальнага кіно”, – адзначыў на прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку чацвертага фестывалю альтэрнатыўнага малабюджэтнага кіно прадусар Уладзімір Максімкаў.
“У пазамінулым годзе было беларускамоўнае пастановачнае кіно, прычым яно было такога оруэлаўскага напрамку, своеасаблівая антыўтопія, з людзьмі ў падвалах, якія вырываліся на волю. Было відавочна, што фільм зроблены “на злобу дня”. Але сама гісторыя вечная – колькі існуе чалавецтва, будзе існаваць і барацьба паміж уладалюбствам і чалавекам”, – зазначыў спадар Максімкаў.
“Мы цяпер кожны год будзем здымаць маленькае кіно “на злобу дня”. Яно будзе пазаконкурснае, таму што здымаць яго будзем мы самі. У гэтым годзе мы хочам зрабіць дакументальна-пастановачны кароткаметражны фільм, у якім будуць удзельнічаць толькі журналісты. І фільм гэты будзе прысвечаны пытанням наладжвання камунікацыі, адказнасці за камунікацыю і вынікам камунікацыі ў чалавечым грамадстве”, – падкрэсліў прадусар яшчэ адну адметную асаблівасць «КінаVaркі-2012». Дарэчы, у гэтым праекце запрашаюцца да ўдзелу ўсе зацікаўленыя журналісты.
Перад пачаткам прэс-канферэнцыі сярод журналістаў быў праведзены ўмоўны кастынг пры спрыянні Андрэя Курэйчыка: камусьці даставаліся цытаты з класікі савецкага кіно (“Я требую продолжения банкета” или “Муля, не нервируй меня”), але былі задачкі і складанейшыя (з “Матрыцы” ці “Уладара пярсцёнкаў”).
У сваю чаргу, прадусар тэлекампаніі “Экстрым-ТБ” Юлія Дубоўская падкрэсліла: “Я ўжо чацверты год у журы і адчуваю сябе неад’емнай часткай гэтага праекту. Прыемна адзначыць, што кожны год тут з’яўляюцца інавацыі, якія пасля робяцца традыцыямі”.
“Ёсць адчуванне, што спрацуе філасофскі закон, і колькасць пяройдзе ў якасць. Народ смялее, разумее, што рабіць можна, і пачынаецца творчасць. Калі я бачу шчанячае захапленне людзей, якія здымаюць сваё кіно, гэта дарагога варта. Калі сёлета больш-менш удала складзецца фінансавая сітуацыя, то, можа, паспрабуем зрабіць за Гран-пры які-небудзь матэрыяльны або грашовы прыз. Не абяцаю, але паспрабуем”, – сказаў Уладзімір Максімкаў.
На думку Андрэя Курэйчыка, мы падышлі да той крытычнай масы, калі нейкі прарыў у нашым кіно непазбежны: “Я гляджу па сваіх студэнтах, як растуць у Мінску кінашколы, па тым, як прыязджаюць у Мінск спецыялісты самага высокага ўзроўню. Я бачу маладых людзей, якія хочуць здымаць кіно, і іх не спыняе нішто, нават адсутнасць грошай. Гэта значыць, што зараз пачнецца. І я спадзяюся, што гэта адбудзецца сёлета, і будуць прадстаўленыя работы, якія адкрыюць новую старонку нацыянальнага беларускага кінематографа. Гэта можна зрабіць праз кароткі метр, я абсалютна ў гэтым перакананы”.
“Па вялікім рахунку, зараз трэба ствараць культурны пласт незалежнага сучаснага беларускага кіно. У фестывальным кіно, у адрозненне ад літоўцаў, латышоў, палякаў, румынаў, якія цяпер заўсёды ёсць у праграме любога еўрапейскага кінафэсту, мы вельмі адсталі. У гэтым сэнсе “КінаVaрка”, можа стаць start up для многіх, каб стала бачна, што фестывальнае кіно магчыма рабіць тут. Разумнае, складанае, эстэтычна пісьменнае. Хочацца менавіта такога кіно, таму што для блакбастараў у беларусаў пакуль чагосьці не хапае, а ваенны фільм – гэта ўтопія, якой нам трэба хутчэй пазбаўляцца. Пакуль нельга сказаць, што беларусы знайшлі свой жанр, ім яшчэ трэба гэта зрабіць”, – лічыць сцэнарыст.
Што да непасрэдна конкурсу, то нязменнымі застаюцца асноўныя прынцыпы “КінаVaркі”: бясплатны ўдзел і дапамога ў арганізацыі здымачнага працэсу. Заяўкі на сцэнары прымаюцца да 1 ліпеня. Спашукальнікі “рондаляў”, якія будуць здымаць кіно самастойна, могуць дасылаць свае працы да 1 кастрычніка. Аўтараў абмяжоўвае толькі хронаметраж – 30 хвілін.
“Рэжысура і сцэнар – прэрагатыва аўтара. Гэта выразны водападзел: мы не будзем умешвацца ў творчы працэс. Таму што аўтар рэалізуе сваё бачанне, яму толькі могуць дапамагчы тэхналагічнымі парадамі. І на выхадзе аўтар адказвае за сваю працу”, – падкрэсліў Уладзімір Максімкаў і заклікаў не змешваць дэманстрацыю магчымасцяў тэхнікі з творчасцю.
“Па вялікім рахунку, нам усё роўна, хто пераможа. Не таму, што мы абыякавыя, а таму, што нам самім цікава. У гэтым сэнсе ў нас самае празрыстае галасаванне: кожны ўдзельнік журы прастаўляе свае прыярытэты па намінацыях, а мы садзімся і складаем іх. І кожны раз, калі мы збіраемся для падвядзення вынікаў, усе сябры журы па чарзе крывяцца (калі не супадае). Вось гэта выдатна і вельмі мне падабаецца, – падзяліўся сакрэтамі працэсу галасавання Максімкаў. – Нам не патрэбныя назіральнікі з вэб-камерай”.
Падвядзенне вынікаў і ўручэнне прызоў адбудзецца традыцыйна ў пачатку снежня. Будзе працягнутая і ўдала пачатая традыцыя кінапаказаў.
А ці здарыцца прарыў, паглядзім.
Зарына Кандрацьева