У клубе Loft распачаліся паказы беларускага нямога кіно ў жывым агучванні вядомых музыкаў. Падчас першага кінаканцэрту праекту «Тузін. Немаўля» тапёрамі фільмаў 1920-х выступілі Сяргей Пукст і гурт Re1ikt.
Фільм «Кастусь Каліноўскі» 1927 года суправадзіў уводным словам культуролаг Максім Жбанкоў, які задаўся пытаннем, што рабіць з гэтым кіно сёння: «Гэта адначасова геройскае кіно, прывітанне з франтоў класавай барацьбы і слабы закос пад беларускасць з расійскай сэкс-зоркай Мікалаем Сіманавым у галоўнай ролі. А калі я дадам, што ў розныя часы розныя крытыкі абвінавачвалі гэтую стужку адначасова ў ідэалагічных перагібах, нізкай мастацкай якасці, таннай авантурнасці і махровым нацыяналізме, вы зразумееце, што стужка дзіўнаватая і, як на мяне, сёння мёртвая. Але гэтае мёртвае цела паддаецца рэанімацыі». Праўда, у 1937 годзе фільм быў скарочаны на траціну, у тым ліку пазбавіўся фінальнай сцэны, дзе Кастусь Каліноўскі звяртаецца з эшафота з заклікам адбудаваць вольную Беларусь.
Для музычнай ілюстрацыі стужкі выйшаў Сяргей Пукст — «найлепшы доктар Франкенштэйн для парэшткаў Кастуся Каліноўскага», як прадставіў яго Максім Жбанкоў. Ад яго чакалі чаго заўгодна — музычнага перфомансу, хуліганства, незвычайнага вакальнага суправаджэння, але ён прадэманстраваў працу тапёра ў самым класічным яе разуменні, калі піяніст проста ілюструе мелодыяй усё, што адбываецца на экране, гуляючыся лагоднымі трэлямі, калі свеціць сонца, і працінаючы прастору трывожнымі няўстойлівымі акордамі ў моманты асабліва напружанага дзеяння. Толькі фінальныя сцэны паўстання і адчайнага змагання на шаблях Кастуся і сына польскага графа Станіслава Пукст дазволіў сабе праілюстраваць нечалавечымі стогнамі і падвываннямі, што было абсалютна арганічна.
У размове з карэспандэнтам budzma музыка патлумачыў, што ён не хацеў псаваць рамантычна-геройскі фільм, які яму сапраўды спадабаўся, сцёбам ці наданнем нейкіх постмадэрнісцкіх сэнсаў, а наадварот, імкнуўся музычна аздобіць яго гераічнай патэтыкай, дадаць шчымлівых нотаў, бо не трэба забывацца, што фінал стужкі ўсё-такі сумны. Але цалкам класічным свой выступ Сяргей Пукст таксама не лічыць: «Тапёрамі заўсёды былі людзі небяздарныя (сярод іх быў, напрыклад, Шастаковіч), яны выкарыстоўвалі ўвесь свой запас — недзе Шапэна сентыментальны кавалачак сыграюць, дзесьці з Бетховена трохі падкалбасяць, — расказвае Пукст. — У мяне гэтага няма, няма культуры ў пальцах, я, па сутнасці, проста панкаўскі музыка, чалавек з нігілістычным падыходам да гэтай справы».
Ён таксама прызнаўся, што першы кінаканцэрт праекту, які прайшоў у Беластоку ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі, адыграў лепш: «Там, у адрыве ад звыклага атачэння, я быў лепш засяроджаны, затое на беларускім канцэрце мог больш пахуліганіць».
Калі выступ Сяргея Пукста ўсё-такі вылучаўся імправізацыйным падыходам, то музыкі з гурта Re1ikt пачалі прадумваць 40-хвіліннае музычнае суправаджэнне фільма «У агні народжаная» (1929 г.) яшчэ мінулай зімой, а з канца лета прыступілі да шчыльных рэпетыцый, дапасоўваючы музыку да кінакадраў эпізод за эпізодам. «Досвед стварэння такой музыкі, манатоннай і атмасфернай, у нас ужо быў з праекту Re123+», — патлумачыў удзельнік гурта Аляксандр Дземідзенка.
Фільм «У агні народжаная» знакамітага рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна — адзінае савецкае кіно, дзе паказаныя — вядома ж, у здзеклівай, камічнай манеры — чальцы Рады БНР на фоне бел-чырвона-белага сцяга: генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, апошні князь з роду Сапегаў, нават Вацлаў Ластоўскі. У Савецкім Саюзе фільм быў пад забаронай з фармулёўкай «фармалістычна, няправільна адлюстроўвае ўтварэнне БССР па сцэнары ворага народа». Тым ворагам народа быў папулярны пісьменнік Анатоль Вольны (Ажгірэй), які ў 1935 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, а ў 1937 яго адвезлі і «кінулі ў канаўку», як кажа Сяргей Філімонаў, вядоўца культавай перадачы «Відзьмо-невідзьмо». Галоўным сэнсам фільма ён называе кветку шчасця, што нагадала вядоўцу канабіс. Яе пошукі народам, знятыя ў нерэальнай, пульсуючай манеры, мы бачым з першых кадраў. А музыку гурта Re1ikt да гэтага фільма Сяргей Філімонаў прапануе лічыць металічнай рок-сімфоніяй пра пошукі псіхадэлічнай кветкі.
Музыка Re1ikt, нягледзячы на тэхнічныя непаладкі ў пачатку сэту, якія заўважылі толькі рэдкія слухачы, сапраўды надала фільму яшчэ большай утрапёнасці, трагікамічнасці, жахлівай іроніі. Гурт стараўся музычна змяняць канатацыю фільма, дэманстраваць сваё стаўленне, скончыўшы ўвогуле пахавальным маршам, які аплакваў смерць БНР, метафарычную выяву якой мы бачылі на экране. А калі пайшлі фінальныя тытры, музыкі нечакана перайшлі на тэму з «Твін Пікс», што здалося не зусім зразумелым жартам. Хлопцы патлумачылі сваю складаную задуму: «Мелодыяй з «Твін Пікс» мы хацелі паказаць, што гэта серыял з адкрытым фіналам, фільм скончыўся, пачалася рэальнасць, а нам трэба штосьці з ёй рабіць далей».
Аляксандра Дорская, фота – Аляксандр Ждановіч