27 сакавіка 1891 года – дзень нараджэння чалавека, які не так вядомы ў гісторыі краіны, як Вітаўт, Кастусь Каліноўскі ці Янка Купала. Але заслугоўвае не меншага шанавання, чым яны. Гэта Клаўдзій Сцяпанавіч Душ-Душэўскі – чалавек, які стварыў бел-чырвона белы сцяг.
У гісторыі Беларусі, як і любой краіны, шмат міфаў – цікавых і не вельмі. Іх можна ведаць, імі можна захапляцца, але верыць ім… напэўна, усё ж такі не трэба. Гэта перашкаджае аб’ектыўнай ацэнцы рэальнасці і прыводзіць да пэўнай зашоранасці ў поглядах на свет.
Адным з вельмі жывучых міфаў беларускай гісторыі з’яўляецца міф пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга. Згодна з ім, беларускаму князю ў баі рассеклі мячом лоб, потым ён “зняў з чала” акрываўленае палатно з забінтаванай галавы і павёў пад ім, як пад штандарам, сваіх рыцараў у бой. Як сюжэт для казкі ці песні гэта, безумоўна, падыходзіць. Але кожны, хто хоць раз бачыў, як бінтуюць галаву, можа здагадацца, што, каб атрымаць суцэльную чырвоную паласу на палатне, трэба папросту зняць з чалавека скальп па перыметры галавы. А пра баі продкаў беларусаў з індзейцамі пакуль невядома. Таму легенда моцна памыляецца – і тым не менш у яе вераць многія і сёння.
Праўда, як водзіцца, прасцейшая. Сцяг намаляваў канкрэтны чалавек, Клаўдзій Душ-Душэўскі. І гэта проста шчасце, што мы можам дакладна ведаць, хто ён, калі жыў і чым вядомы. У гэтым наша краіна адрозніваецца ў лепшы бок ад многіх іншых, дзе паходжанне сцяга пакрытае цемрай.
Клаўдзій Сцяпанавіч Душ-Душэўскі нарадзіўся ў Глыбокім Віленскай губерні (цяпер Глыбокае Віцебскай вобласці) у сям’і збяднелых шляхціцаў. І бацька, і дзед Клаўдзія былі прафесійнымі будаўнікамі, сам ён таксама быў таленавітым будаўніком, але пайшоў значна далей. Вучыўся хлопец спачатку дома, потым у рэальным вучылішчы, дзе праявіў талент у матэматыцы. У 1910 годзе ён у віленскай кнігарні сустрэў Вацлава Ластоўскага і Луцкевіча і пасля ўспамінаў, што менавіта з той пары стаў атаясамліваць сабе як беларус.
У 1912 годзе Душ-Душэўскі скончыў вучылішча і працягнуў адукацыю ў Пецярбургскім горным інстытуце. Дзесьці ў той час юнак пачаў цікавіцца не толькі тэхнічнымі навукамі – Клаўдзій становіцца сябрам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, выдае часопіс “Раніца”, працуе над пытаннем аховы гістарычных помнікаў. Нарэшце, грае у тэатры – вядомае яго бліскучае выкананне ролі Сцяпана Крыніцкага ў студэнцкай пастаноўцы купалаўскай “Паўлінкі”. Творчыя заняткі не адарвалі працавітага маладога чалавека ад асноўнай спецыяльнасці – ён шмат працуе (на цэментным заводзе ў Жыгулях, у якасці гідролага і г.д.)
У часы Першай сусветнай вайны Душ-Душэўскі ўладкаваўся працаваць у Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Санкт-Пецярбургу. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён пачынае больш актыўна займацца палітыкай (хоць і да гэтага быў дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху). Так, у чэрвені 1917 года Клаўдзій Душ-Душэўскі стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ).
Менавіта ў час працы ў гэтай установе ствараецца тое, што праславіць Клаўзія Душ-Душэўскага ў гісторыі. Перабраўшы мноства варыянтаў на аснове беларускіх народных арнаментаў і найбольш папулярных колераў, ён стварыў сапраўдны цуд – бел-чырвона-белы сцяг. Невядома, калі дакладна і як дакладна нарадзіўся канчатковы варыянт эскізу – амерыканскі “Флэг бюлетэнь” і выдадзеная ў ФРГ праца “Сцягі і гербы свету” Геслера дату называюць дакладна – 25 сакавіка 1917 года, роўна за год да абвяшчэння БНР. Іншыя крыніцы гэта абвяргаюць. Сам Душ-Душэўскі ў сваіх успамінах пісаў у 1934 годзе:
“Цікава адзначыць, што беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і летувісы, г. зн. белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг”.
Так ці інакш, прыгожы і элегантны бел-чырвона-белы сцяг быў створаны. І ўжо ў снежні 1917 года, падчас Першага Усебеларускага з’езду гэты сімвал быў усеагульна прызнаны як дзяржаўны.
Вернемся да жыцця Клаўдзія Душ-Душэўскага. У 1919 годзе дзеяч перабіраецца ў Вільню, дзе хутка абраны старшынёю Цэнтральнага беларускага савета Віленшчыны і Гродзеншчыны. Затым – работа дыпламатычным прадстаўніком БНР у прыбалтыйскіх краінах. У снежні 1919 года Душ-Душэўскі абраны дзяржаўным сакратаром БНР ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. У 1921 годзе за сваю дзейнасць Клаўдзій Душ-Душэўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення перабраўся ў Коўна, тагачасную сталіцу Літвы, з сям’ёй.
З 1923 года дзеяч працягвае заняткі літаратурай і журналістыкай, сумесна з Ластоўскім выдае часопіс “Крывіч” (выйшла 12 нумароў). З’яўляючыся сапраўдным паліглотам (ведаў ангельскую, літоўскую, польскую, рускую, нямецкую, французскую, партугальскую і украінскую мовы) і добра ведаючы шмат навук, Душ-Душэўскі стварыў мноства якасных перакладаў падручнікаў па батаніцы, матэматыцы, гісторыі для беларускамоўных школ.
Асобнай тэмай з’яўляецца дзейнасць Душ-Душэўскага як дойліда. Будаваў ён настолькі шмат і так выбітна, што ў 30-х гадах з калегамі стварыў асобны стыль, які так і называўся – “ковенскі мадэрнізм”. У прыватнасці, менавіта па праекце Клаўдзія Сцяпанавіча пабудаваны кінатэатр “Метрапалітэн”, пошта ў Расейняі, якая працуе і сёння, завод керамічнай пліткі ў Таўрагу, будынак, дзе зараз “кватаруе” Каўнаскі драматычны тэатр.
Аднак спакойна жыць і працаваць таленавітаму чалавеку ў ХХ стагоддзі было ва Усходняй Еўропе амаль немагчыма. Калі ў Літву прыйшлі Саветы, дзеяч быў арыштаваны, ад сумнага лёсу яго выратавала толькі 22 чэрвеня 1941 года – Душ-Душэўскага не паспелі эвакуяваць у глыб СССР. Пры “новым парадку” яму прапанавалі супрацоўніцтва і пасаду намесніка мінскага бургамістра, але Клаўдзій Сцяпанавіч не хацеў служыць ніводнаму таталітарнаму рэжыму. Затое хацеў дапамагаць безабаронным людзям – і ў 1943 годзе трапіў у канцэнтрацыйны лагер за дапамогу мясцовым яўрэям. Ратавала высокая кваліфікацыя – інжынеры былі патрэбныя заўсёды, і праз чатыры месяцы яго вызвалілі. Разам з жонкай Клаўдзій Душ-Душэўскі выхоўваў у гады вайны сваіх дзяцей і двух сірот.
У канцы вайны перайшоў выкладаць ва ўніверсітэты гісторыю архітэктуры, але 1945 год стаў для яго не вызваленнем, а вяртаннем старога жаху – вярнулася савецкая ўлада. Восенню 1946 года Клаўдзій Душ-Душэўскі быў зноў арыштаваны, у 1950 – зноў, артыкулы 50 пункт 13 і 58-10 частка 2-я УК РСФСР, абвінавачанне ў нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці – і 25 гадоў зняволення.
Гэтым разам веды і кваліфікацыя яго не ратавалі. Ратавала смерць Сталіна і “адліга”. Спачатку – скарачэнне тэрміну да 10 гадоў, потым датэрміновае вызваленне ў 1955 годзе.
25 лютага 1959 годзе Клаўдзій Сцяпанавіч Душ-Душэўскі памёр у Коўне. Пахаваны на Петрашунскіх могілках.
Дзяніс Пыхалаў