Танцавальны клуб “СІТА” і капэла “На Таку ” аднаўляюць танцы ў Мінску і запрашаюць на першую ў гэтым сезоне танцавальную вечарыну, што адбудзецца 28 студзеня ў Палацы Моладзі на Камсамольскім возеры (Рыцарская заля).
У праграме – старыя вясковыя і гарадскія пабытовыя танцы. Пераважная большасць – беларускія, але танцуюць тут таксама і літоўскія, латышскія, эстонскія, украінскія, польскія ды інш.
На вечарыны клуба прыходзяць і моладзь, і людзі сталага веку. З сябрамі, замежнымі гасцямі, сем’ямі і дзецьмі, у парах і паасобку. Значная частка гасцей не займаецца танцамі прафесійна і прыходзіць патанчыць для душы. Людзі вучацца і вучаць адно аднаго падчас самой вечарыны. Заўсёды ёсць сябры клуба, што могуць паказаць той ці іншы танец. Тыя ж, хто танцаў ня ведаюць, проста прыходзяць і ўліваюцца.
Уваходны квіток – 40 тыс. бел. руб.
Праезд ад ст. м. “Плошча Перамогі” трамваямі №3 ці 4, або ад ст.м. “Плошча Якуба Коласа” трамваем №5 у кірунку “Возера” да прыпынку “Палац дзяцей і моладзі”.
За навінамі можна сачыць тут:
https://www.facebook.com/pages/Sita%D0%A1%D1%96%D1%82%D0%B0/426598967408072 .
Тэл. для даведак 8029 275 27 71 Ганна.
Дадатковая інфармацыя пра клуб:
Клуб традыцыйнага танца “СІТА” утварыўся ў студзені 2012 года. Напачатку клуб ладзіў танцы ў дзіцячай кавярні “Жар-Птушка”, а з 2013 года – у памяшканні ДК імя Шарко Беларускага таварыства глухіх (Уральская, 3). Цёплаю парой нашыя музыкі і танцоры збіраюцца на вольным паветры, сёлета ў Верхнім горадзе.
Сябры клуба імкнуцца ўзнаўляць танцы паводле этнаграфічных крыніц, засвойваць манеру выканання непасрэдна ад носьбітаў (падчас этнаграфічных экспедыцый, з відэадакументальных матэрыялаў) і ў часе майстар-класаў этнахарэографаў. Досвед выканання замежных танцаў пераймаецца дзякуючы кантактам з клубамі традыцыйных танцаў суседніх краін. Значная частка сяброў клуба з’яўляецца сябрамі РМГА „Студэнцкае этнаграфічнае таварыства“.