Інтэрнэт-партал Tuzin.fm прадстаўляе беларускую прэм’еру праекту «Тузін.Немаўля», у межах якога пройдуць тры кінаканцэрты, выстава ды экслюзыўны сэт замежных гасьцей. Вядомы кінакрытык Ала Бабкова піша, чаму беларускія нямыя фільмы, зьнятыя ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя, вартыя ўвагі сучаснага гледача.
Ці складаюцца нямыя фільмы канца 1920-х гадоў — «Прастытутка» (1926), «Кастусь Каліноўскі» (1927) і «У агні народжаная» (1929) — у кінематаграфічны трыпціх? Не, бо занадта разнабойныя яны па жанры, сюжэту ды рэжысэрскай стылістыцы. Нават іх пракатныя і ідэалягічныя лёсы не супадаюць. Першая стужка, разьлічаная на камэрцыйны посьпех, дасягнула мэты, прынесла трэсту Белдзяржкіно салідныя грошы і дэманстравалася за мяжой. Другі фільм таксама з прыхільнасьцю сустрэлі гледачы тых часоў, хаця яго аўдыторыя абмежавалася савецкай тэрыторыяй. Што тычыцца трэцяй карціны, то зафіксаваны нават калектыўны пратэст на сходзе Ленінградскага гарнізона з патрабаваньнем забараніць яе выхад на экран «як палітычна невытрыманую». Але менавіта «У агні народжаная» мела больш станоўчых водгукаў кінакрытыкаў у параўнаньні з двума першымі.
А вось фінальныя кропкі іх існаваньня.
У цыркуляры, датаваным 1937 годам, Белдзяржкіно рапартавала ў Маскву начальніку галоўнага кіраўніцтва кінапрамысловасьці СССР Шумяцкаму аб абяскоджваньні «варожых» фільмаў. Забарона «Прастытуткі» матывавалася тым, што яна «палітычна няслушная», а «У агні народжаная» — як стужка «фармалістычная, якая няправільна адлюстроўвае ўтварэньне БССР па сцэнары ворага народа – Вольнага». (Няправільна, зразумела, паводле пралетарскай трактоўкі гісторыі). «Кастусь Каліноўскі» пазьбег рэпрэсіўнай меры — трэба думаць, таму, што партыйныя экспэрты дрэнна ведалі польска-беларускую мінуўшчыну. Але афіцыйныя ўстановы імкнуліся не згадваць пра мяцежнага героя, бо тагачасная ідэалёгія вельмі хутка супрацьпаставіла беларусізацыі татальную саветызацыю.
Цяпер пытаньне: навошта вяртацца да фільмаў-мумій, злучаючы іх з мадэрновай музыкай?
А навошта «Песьняры», а за імі дзесяткі і сотні іншых беларускіх рок-гуртоў апрацоўвалі і выконвалі ў новай якасьці, напрыклад, «Ой, рана на Йвана» або «Рэчаньку»? Культурная рэанімацыя заўсёды карысна хаця б таму, што кожны яе матэрыяльны і духоўны носьбіт мае адбітак сваёй эпохі. Ці ж не цікава — хаця б абмежаванаму колу сучасьнікаў — вокам і слыхам адчуць асаблівасьці атмасфэры таго часу, так і «узросту» самога кінематографа?
Стужкі, пра якія ідзе гаворка, належаць «дзяцінству» беларускага кіно зь яго імкненьнем дацягнуцца да больш вопытных савецкіх узораў, што ўжо ўзьбіраліся на кінематаграфічны Алімп: працаў Сяргей Эйзэнштэйна, Дзігі Вертава, Аляксандра Даўжэнкі. Фурору першапраходцы Белдзяржкіно ў кінасьвеце можа і не зрабілі, але ў кожнай стужкі ёсьць свой статус у гісторыі нашага кіно.
Усе тры фільма выйшлі пад маркай Белдзяржкіно, арганізацыі, якой кіраўніцтва краіны даручыла арганізаваць кінавытворчасьць і кіраваць ёю. Яна стужкі здымала і закупала замежную прадукцыю і мела манапольнае права на пракат па ўсёй Беларусі. Начальства Белдзяржкіно базавалася ў Менску, а вытворчая база рыхтавалася ў Ленінградзе, бо там лягчэй было знайсьці тэхнічнае абсталяваньне і прафэсыйныя кадры для гульнявога кіно. Крыху пазьней студыя ў Ленінградзе атрымала назву «Савецкая Беларусь», а потым ужо стала звацца «Беларусьфільм», а ў беларускую сталіцу яна перабазавалася ў 1939 годзе.
Ала Бабкова, для «Тузіна Гітоў»
Ала Бабкова
Беларускі кінакрытык. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсітэт імя Ламаносава. Больш за 20 год працавала рэдактарам і загадчыцай сцэнарнага адзьдзелу аб’яднаньня «Тэлефільм» на Беларускім тэлебачаньні. У 1972-1980 годзе выкладала курс «Гісторыя кіно і тэлебачаньня» у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1990-1997 працавала сакратаром па прэсе і інфармацыі ў Беларускім саюзе кінематаграфістаў. З 1998 году – незалежны крытык. Пісала для часопісаў «Искусство кино», «Кинофорум» (Расея), «Историк и Художник» (Расея-Польшча), «Мастацтва», «На экранах» (Беларусь) ды іншых.
«Тузін. Немаўля». Беларуская прэм’ера!
22 лістапада (чацьвер). Loft cafe (вул.П.Броўкі, 22)
Сяргей Пукст – «Кастусь Каліноўскі» (19.00)
Re1ikt – «У агні народжаная» (20.30)
Кошт квітка: 80 000 (танцпол), 90 000 (столік)
Квіткі прадаюцца толькі ў дзень канцэрта!
Замовіць столік: +375 (29) 380 00 10
24 лістапада (субота). Графіці (зав.Калініна, 16)
Адкрыцьцё выставы афішаў беларускага нямога кіно 20-х (18.00)
Экслюзіўны канцэртны сэт Ilo&friends (Беласток): упершыню ў Беларусі! (19.00)
Кошт квітка: 60 000 (загадзя), 80 000 (у дзень)
Замовіць квіткі: 638-4444 (МТС, Velcom, life)
25 лістапада (нядзеля). Loft cafe (вул.П.Броўкі, 22)
Ilo&friends – «Прастытутка» (19.00)
Электрычны канцэрт Ilo&friends: прэзентацыя альбому “Сланечнікі” (20.30)
Кошт квітка: 80 000 (танцпол), 90 000 (столік)
Квіткі прадаюцца толькі ў дзень канцэрта!
Замовіць столік: +375 (29) 380 00 10