У літаратуры заўсёды ёсць кнігі, якія катэгарычна акрэсліваюцца як “must rеаd” — кнігі, абавязковыя для чытання. Вядома, можна спрачацца пра адпаведныя спісы для школьніцы і пенсіянера, але корпус такіх тэкстаў у любой літаратуры паступова назапашваецца, праціскаецца ў школьную праграму, робіцца агульным для ўсёй нацыі полем знакаў і сэнсаў, тым, што грамадзяне краіны ведаюць, нават калі не чыталі.
Класічная літаратура — гэта форма нацыянальнай рэфлексіі. І “чытаць абавязкова” — не для асалоды ці модных размоў. Гаворка ідзе пра перыядычную фіксацыю гісторыі краіны, пра мастацкі аналіз таго, што адбываецца з пэўным народам. Калі не асэнсоўваць сваю рэчаіснасць, жыццё ператвараецца ў жывёльнае існаванне. Літаратура дае магчымасць азнаёміцца з плёнам пісьменніцкай рэфлексіі. Мяняць нешта па прачытанні неабавязкова, дастаткова — ведаць.
Тэксты з кананічнага спіса, як бы цынічна гэта ні гучала — кароткі змест папярэдніх стагоддзяў. Можна прачытаць “Новую зямлю” Я. Коласа і “Людзі на балоце” з “Палескай хронікі” І. Мележа — і вы ўсё ведаеце пра вёску адпаведнага перыяду. Для азнаямлення з заняпадам на мяжы 1980-1990-х гг. можна прачытаць “Вёску” А. Федарэнкі. Разумнаму дастаткова…
У “кананізацыі” твораў ёсць свая небяспека. Матэрыялізаваная мудрасць народа запакоўваецца ў бронзу літаратуразнаўчага ўзнясення і шаблонна-правільнага выкладання, каб захавацца для нашчадкаў, якія, магчыма, не змогуць разляпіць надзейна абароненыя “бронзавыя” старонкі.
У пакаленні цяперашніх 50-гадовых Андрэй Федарэнка быў адным з маладзейшых: пішу “быў” пра жывога, бо гэтая розніца ва ўзросце важнай была тады, напрыканцы 1980-х гг., а цяпер 48-гадовы пісьменнік ацэньваецца не па колькасці гадоў, а па значнасці твораў. Ён цяпер той, каго можна любіць ці не, але чые творы — “чытаць абавязкова”.
Існуе і іншы, часам больш важны кшталт тэкстаў, калі кананізуецца не твор, але аўтар. Пісьменнік стварае магчымасць для чытача (у нейкім сэнсе — шчырага і адданага прыхільніка) пазнаёміцца бліжэй, даведацца, чым жыве аўтар. Гэта рызыкоўны манеўр: праз адчыненыя ў творчую кухню дзверы можна ўбачыць і бляск, і мізэрнасць свайго куміра.
“Асабістае” знаёмства часта адбываецца ў жанры мініяцюры: не патрабуе здароўя і часу ад пісьменніка, які стала працуе дзесьці яшчэ; пільнае вока і майстравітае пяро не маюць праблем з формай “еду, бачу і пяю”. “Сечка” Андрэя Федарэнкі, на першы погляд, убудоўваецца ў гэтую традыцыю. Але натыкаешся на “Збіраючы матэрыял для гэтага эсэ…” — і разумееш, што аўтарскае вызначэнне жанру “літаратурныя эсэ” — не какецтва.
А. Федарэнка піша пра мову, пра літаратурны працэс, пра лёсы пісьменнікаў-сучаснікаў без іх грэблівага прыніжэння, пра быццё пісьменнікам і рэдактарам, пра першакрыніцы фраз, думак і літаратурных знаходак. Ён выступае як “Пільны Бібліятэкар у літаратуры”: перачытваючы “тоны руды”, прапануе чытачу скарб — адшуканую цікавінку.
Калі ў чытача і пісьменніка супадуць у гэты момант сістэмы каштоўнасцяў — шчаслівае суперажыванне гарантавана, калі не — росшукі аўтара будуць выглядаць марнатраўнымі.
Трэба давяраць аўтару, які шмат гадоў працаваў літаратурным рэдактарам, трэба верыць у яго рацыю дагматычна і несумнеўна, каб прыняць свой твор з заўвагамі і з суправаджэннем: “Можна мець багаты жыццёвы вопыт, можна вывучацца ў розных універсітэтах, можна пакутаваць душою — словам, адчуваць у сабе ўсе неабходныя для пісьменніцкага рамяства атрыбуты. Але вось жа! — чамусьці не атрымоўваецца… Прычына адна — няведанне, як карыстацца прыладамі працы”.
Такая нібыта вясковая з назвы “Сечка”, пра якую аўтар кажа, маўляў, “з доўгага робіцца кароткае, з вялікага — малое, але яно толькі на карысць”, насамрэч з’яўляецца канцэнтратам, вытрымкай з інтэлектуальна-эмацыйнага жыцця аўтара. А гэта — пастка! Падазроны чытач можа спытаць: “Ды хто ён такі, каб мяне цікавілі яго меркаванні?”
Я ж не спытаю пра такое, бо даўно ў шэрагах прыхільнікаў творчасці Андрэя Федарэнкі. У мяне да яго іншыя пытанні. Напрыклад, ён разважае аб правільным, больш лагічным і натуральным пісанні слоў і пакорліва прымае заўвагі пра дробнатэм’е. А я, апошнімі гадамі захоплена злоўжываючы канструкцыяй “падчас”, шторазу — без перабольшання — успамінаю меркаванне пра яе Андрэя Федарэнкі. І стаўлю прабел. Для мэтавай аўдыторыі — гэта не дробнатэм’е. На такой асабістай тэрыторыі іншадумцаў лепей ігнараваць.
Андрэй Федарэнка, апавядальнік “Сечкі”, тут выглядае бясконца беларускім: мець страснасць у адстойванні сваіх каштоўнасцяў (адступаць няма куды), мець смеласць іранізаваць з сябе (пажартую я — не будуць жартаваць іншыя), схіліць голаў перад апанентамі (і ўжо не разбярэш — гэта какецтва? Прыём для ўлагоджвання? Ці шчырае ўсведамленне таго, што выказанае не з’яўляецца абавязковым для ўсіх?). Дзве душы? Крок наперад, два — назад? Ці прыадчыненыя дзверы на творчую кухню, калі вельмі хочацца экскурсіі па ўсім доме?
Аксана Бязлепкіна, “Звязда”