Увосень 2009 году мы перадавалі абвестку пра збор сродкаў на выданне кнігі казак Сяргея Вітушкі. Рады паведаміць, што грошай сабрана дастаткова, і кніга ўжо падрыхтаваная да друку.
Сяргей Вітушка, легендарны лідэр колішняй “Талакі”, нефармальнага моладзевага аб’яднання канца 80-х, кажа, што ягоную кнігу выдавалі таксама талакою, і праблема з грашыма вырашылася вельмі хутка. 500 даляраў зарабіў сам Сяргей. Тры месяцы на хвалях Польскага радыё рэгулярна гучалі ягоныя ўспаміны пра “Талаку”, пра моладзевы рух, ганарар за гэта аўтар цалкам прызначыў на ўласную кнігу. А ўсяго сабралі тры тысячы даляраў не ў эквіваленце, а менавіта ў далярах, дык сума не зменшылася ў сувязі з крызісам у Беларусі. Гэтых грошай хапае, каб заплаціць за друк, а да друку кнігу рыхтавалі па-сяброўску, без аплаты.
Усім ахвярадаўцам, прозвішчы якіх пералічаны ў кнізе, Сяргей падзякаваў яшчэ летась у красавіку.
Сяргей Вітушка: Я вельмі ўдзячны людям – сябрам, знаёмым, незнаёмым, якія адгукнуліся на нашую просьбу і перадалі грошы на кнігу. Грошай, сапраўды, трэба шмат, бо кніжка плянуецца ілюстраваная, гэта казкі. Тут трэба немалая сума грошай. Цяпер я спакойны.
Кніжка пачалася па-талакоўску, па-сяброўску. Я напісаў тэкст, а мае сябры браліся праілюстраваць, адрэдагаваць, зрабіць карэктуру, і ніхто не казаў ні пра якія ганарары! Кніжкаю зацікавілася прыватнае саліднае кніжнае выдавецтва Зміцера Коласа. Я спакойны, кніжка ў надзейных прафэсійных руках.
Аўтар лічыць, што яму пашанцавала з выдаўцом, Зміцер Колас сам быў у 80-я актыўным сябрам моладзевага аб’яднання нефармальнай моладзі “Майстроўня”, якая была папярэдніцаю “Талакі”.
Рэдагаваў кнігу таксама былы “майстровец” Сяргей Дубавец. І справа не толькі ў тым, што ён добры рэдактар, але ён добры сябра. Сяргей Вітушка вельмі хворы чалавек, адным з наступстваў цукровага дыябету, на які ён пакутуе з падлеткавага ўзросту, стала поўная страта зроку. Даймаюць і іншыя цяжкія праблемы са здароўем. Кнігу рэдагавалі ў лякарні. Сяргей Дубавец рэгулярна наведваў Вітушку, і некалькі месяцаў даводзілася выкройваць час паміж медычнымі працэдурамі. Можна толькі ўявіць, як гэта цяжка займацца тэкстам усляпую. Але засяроджаная праца над словам, відаць, і дапамагала, адцягваючы думкі ад балячак.
Малюнкі для кнігі зрабіў Міхал Анемпадыстаў, што выклікае да яе яшчэ большую цікавасць. Карэктуру прачытала сястра Сяргея – Ларыса Сагановіч, якая працуе ў выдавецтве “Роднае слова”.
Такім чынам, кніга падрыхтавана на высокім прафесійным узроўні, засталося яе толькі надрукаваць.
А прымаўка, што лепш мець сто сяброў, чым сто рублёў, пацвердзілася. Тры тысячы даляраў у цвёрдай валюце, сабраныя талакою на кнігу Сяргея Вітушкі, ужо ў выдаўца, у Зміцера Коласа. Яму застаецца толькі заплаціць за друк і забраць тыраж з друкарні. Гэта можна зрабіць за некалькі дзён. Потым кніга павінна прадавацца ў кнігарнях. Не прапусціце!
Нагадаем, кніга Сяргея Вітушкі павінна з’явіцца ў выдавецтве Зміцера Коласа.