Перакладчыца Тацяна Цуканава далучыла Беларусь да міжнароднага праекта Kinderbook і на голым энтузіязме наладзіла сапраўдную вытворчасць ілюстраваных і агучаных беларускіх казак для планшэтаў. Палічка “Кнігі дзеткам” мае ў AppStore ўжо першы дзясятак казак і збіраецца пашырацца ды падаўжацца.
Казачная шафа
Бібліятэку казак Kinderbook прыдумаў хлопец з Піцера Павел Сіманаў, які нечакана для сябе пачаў займацца выданнем рускіх казак. Але, вандруючы па свеце, ён сустракаў людзей з розных краінаў, якія таксама былі гатовыя без грошай, з нуля, ствараць дзіцячыя кнігі для мабільных прыладаў на сваіх мовах. Так утварылася своеасаблівая сетка, дзе энтузіясты не толькі пішуць, малююць і агучваюць свае нацыянальныя казкі, але і перакладаюць творы іншых народаў. Цяпер Сіманаў жыве ў Сінгапуры, да гэтага – у В’етнаме, дзе таксама знайшоў прыхільнікаў сваёй сімпатычнай ідэі. Украінская палічка называецца «Візок казок», нямецкая – Tolly’s Bucher, польская – Kinder sklepik, а каб далучыць беларускую – «Кнігі дзеткам», – Таццяне Цуканавай спатрэбілася толькі напісаць стваральніку Kinderbook мэйл і атрымаць дазвол. Ну, а пасля ўжо шукаць аўтараў, мастакоў, дыктараў і гукарэжысёраў. Гэтая дзейнасць яе поўнасцю захапіла, і цяпер Тацяна аддае ёй увесь вольны час.
«Спачатку я вельмі баялася звяртацца да людзей, бо хто захоча працаваць бясплатна? Але каманда, якая ўдзельнічае ў стварэнні кніг, – проста нерэальная. Напрыклад, дыктары Андрусь Такінданг, Руся, Юры Жыгамонт. Тое, што яны працуюць з радасцю, адчуваецца ў саміх казках, агучаных прафесійна і з любоўю. Мне самой працэс стварэння прыносіць вялізнае задавальненне”.
Сама Таццяна працуе ў выдавецтве рускамоўнай літаратуры, таму ўсе асаблівасці кніжнай справы ёй ужо знаёмыя. Яна даўно марыла ствараць беларускія кнігі – праўда, друкаваныя. Але казкі для планшэтаў лічыць сёння больш практычнымі, штодзённымі, іх зручна спампаваць у вандроўку і прыцягнуць дзіцячую ўвагу ў розных абставінах.
“У мяне ў дзяцінстве была аднолькавая колькасць кніжак на рускай і беларускай мовах, пытання, якая з іх мая родная, ніколі не паўставала, нават калі мы ў сям’і размаўлялі па-руску. Я ведала, што я беларуска, і мова мая – беларуская. Днямі пазнаёмілася з дзяўчынкай гадоў шасці, размаўляем з ёй, яна крывіцца і кажа: “А ты можешь говорить нормально?” Дзеці цяпер не тое што не могуць пераключацца з адной мовы на іншую, яны па-беларуску ўвогуле не разумеюць. Беларускамоўныя дзеткі ў пясочніцы сярод рускамоўных – як іншапланетнікі. Таму гэтая праграма дапаможа пашырыць кола рускамоўных бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці прынамсі ведалі, што ёсць беларуская мова, і разумелі яе”.
Хутка і для Android
Пакуль большасць казак на беларускай палічцы – аўтарскія. Трапляюць у «Кнігі дзеткам» яны па-рознаму: часам казачнікі самі дасылаюць Таццяне тэксты, а бывае, што гісторыі ствараюцца адмыслова для праекта. Алена Церашкова, аўтарка казкі “Твой сябар – нос”, якую праілюстравала мастачка Ганна Коўшар, вучылася на медыка і вырашыла напісаць гісторыі, якія маглі б у смешнай і захапляльнай форме патлумачыць дзецям пра ўзаемадзеянне органаў пачуццяў і мозга. А, напрыклад, кнігу “Ясіны забаўкі”, якая выйдзе ў хуткім часе, напісала мастачка Кацярына Бабок. Спачатку яна даслала ілюстрацыі, якія малявала для сваёй маленькай дачкі, а пасля пад іх напісаліся прыгоды дзяўчынкі, якая гасцюе ў бабулінай вёсцы. Кніга яшчэ не выйшла ў Беларусі, а яе ўжо замовіла для сваёй палічкі рэдактарка з Украіны. Увогуле праз колькі месяцаў “Кнігі дзеткам” плануюць пачаць актыўны абмен з калегамі па сетцы – на нашую мову будуць перакладацца в’етнамская, малайзійская, італьянская казкі. І наадварот – нямецкія, в’етнамскія, французскія дзеці змогуць прачытаць беларускія гісторыі. Пераклады на экзатычныя мовы, як, да прыкладу, на в’етнамскую, будуць ажыццяўляцца праз ангельскую агучку.
«Захаваць адценні стылю было б ідэальна, але пакуль у нас мэта толькі пераказаць гісторыю. Хаця калі знойдуцца людзі, якія змогуць перакладаць з беларускай на іншыя мовы, мы будзем вельмі радыя. Матывы народных казак ва ўсім свеце ў нечым паўтараюцца, можна знайсці сюжэты, падобныя да беларускіх, але з іншым каларытам, антуражам, малюнкамі. Чытаючы з дзецьмі, цікава праводзіць паралелі”.
Цяпер “Кнігі дзеткам” засяродзіліся на беларускіх народных казках. Пакуль выпусцілі толькі адну – “Сабачая грамата”, казка “Страшны звер” у працэсе малявання, а паступова да іх у радок стануць яшчэ восем.
Тое, што праект рухаецца толькі на асабістай зацікаўленасці, Таццяна лічыць нават плюсам: справа незалежная, не спыніцца без грошай. Хаця калі б знайшоўся спонсар, то дастасаванне можна было б зрабіць бясплатным – пакуль жа задарма прапаноўваецца спампаваць першую кнігу, а за кожную наступную просяць сімвалічную плату – 1,99 даляра.
Каляровыя казкі, над якімі працавалі беларускія мастакі і артысты, могуць спампаваць толькі карыстальнікі планшэтаў Apple, але Android-версія распрацоўваецца і з’явіцца неўзабаве.
“Інтэрактыўных элементаў мы прынцыпова не робім, – кажа Тацяна. – Іх увогуле няма ў кнігах Kinderbook, бо Павел лічыць, што гэта адрывала б ад чытання, яно тады ператвараецца ў суцэльную гульню, якіх і так досыць”.
“Вегетарыянскія казкі выклікалі спрэчкі”
Бібліятэчка “Кнігі дзеткам” разлічаная на малых ад трох да шасці гадоў і нясе толькі святло і цеплыню ў традыцыйным разуменні: тут не знойдзеш эксперыментальных, абсурдысцкіх казак альбо сюжэтаў з чорным гумарам, які дзеці ўспрымаюць па-свойму.
“Нават калі ў народных казках ёсць жорсткія моманты, мы стараемся іх пазбягаць. У нас гісторыі пра дабро, пра сяброўства і пра тое, як верыць у сябе і не быць самотным. Мне здаецца, беларусам гэта важна”.
Эксперыменты стваральнікі дазваляюць сабе толькі з кніжкамі, якія маглі б патлумачыць дзецям некаторыя няпростыя пытанні. Напрыклад, нядаўна выйшла кніга “Адкуль бяруцца дзеці” – аналаг савецкай кнігі, якая для многіх сталася першым інтымным адкрыццём у дзяцінстве. У сучасным беларускім варыянце кніга займела менш натуралістычныя малюнкі.
Таксама была ідэя зрабіць казкі на вегетарыянскую і экалагічную тэматыку:
“Мы пыталіся ў нашых чытачоў у суполцы наконт вегетарыянскіх гісторый, гэта выклікала вялікія спрэчкі, чытачы падзяліліся: некаторыя казалі, што гэта жах, нельга малым дзецям пра такое казаць, а некаторыя, хто, відаць, сам вегетарыянец, лічылі, што, наадварот, трэба тлумачыць чым раней, тым лепей. Пакуль тэма спрэчная. А што да экалагічных казак – гэта актуальна, плануем нешта такое зрабіць”.
Мі і Мо прыедуць у Беларусь
Было б дзіўна не скарыстацца магчымасцямі сеткі і не стварыць нешта міжкультурнае . Kinderbook распачаў серыю кніг пра вандроўкі вакол свету, па задумцы зноў жа нечым падобную да атласа “Свет і чалавек” з вялікагаловымі дзецьмі, які многія памятаюць з дзяцінства. Галоўнымі героямі серыі Kinderbook сталі пяцігадовыя хлопчык і дзяўчынка Мі і Мо, якія аглядаюць розныя краіны – пачынаецца вандроўка з Украіны, пасля выйдзе Беларусь, Расія, Тайланд, Японія, дзяцей заносіць таксама ў Камбоджу, Бутан – у глабальных планах зрабіць сотню кніг, якія ў тым ліку будуць перакладзеныя на беларускую мову, а, магчыма, выйдуць і ў папяровым варыянце. Усе кнігі будуць намаляваныя рознымі мастакамі, таму дзеці не занудзяцца ад аднатыпных карцінак.
“Кніга пра вандроўкі па Беларусі ўжо напісаная. Герояў сустракае беларускі цмок, які на ляту паказвае ім нашыя абласныя цэнтры, а таксама Нясвіж, Мір ды іншыя беларускія выбітнасці. У кнізе можна будзе знайсці дадатковую інфармацыю для бацькоў, якія самі любяць вандраваць і змогуць па некаторых дэталях расказаць дзецям трохі больш. Кніжка пра Беларусь таксама будзе перакладзеная на ўсе мовы”.
Чытачы беларускіх казак ёсць у Новай Зеландыі
З кожнай новай кнігай аўдыторыя дастасавання павялічваецца, хаця шырокай папулярнасці праект пакуль не здабыў – слава пра яго разлятаецца ў асноўным праз сацыяльныя сеткі. Шмат пампуюць казкі беларусы замежжа — з Расіі, Канады, ЗША.
“Для нас вялікая радасць і нечаканасць, калі нашыя казкі пампуюць з Новай Зеландыі, з Тайланда, з Арабскіх Эміратаў. Пакуль што няма чытачоў у нас толькі з Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, чакаем і адтуль”.
Тое, што казкі выходзяць на дзвюх мовах – беларускай і ангельскай, – на думку Таццяны, павінна пашырыць аўдыторыю і ўзроставыя межы.
“Казкай па-ангельску можна зацікавіць старэйшых дзяцей, якія вучаць замежную мову. А беларусам замежжа будзе карысна паслухаць спачатку ангельскую версію, а пасля – па-беларуску і такім чынам вучыць родную мову”.
Стваральнікі “Кнігі дзеткам” мараць калі-небудзь пабачыць сваіх чытачоў на ўласныя вочы: “Хацелася б сустрэць рэальнае жывое дзіця, якое чытае нашую кнігу”, – смяецца Таццяна. Таму восенню збіраюцца прэзентаваць палічку афлайн – у выглядзе сапраўднага спектакля тэатра ценяў альбо іншай забаўляльнай імпрэзы для самых маленькіх.
Аляксандра Дорская