Беларускі саюз дызайнераў сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь аб’яўляе конкурс аўтарскай паштоўкі. Конкурс праводзіцца ў межах выставы аўтарскай і гістарычнай паштоўкі, якая прымеркавана да міжнародных святаў “Дзень Святога Валянціна” і “8 сакавіка”.
Конкурс не мае тэматычнай абмежаванасці.
Арганізатарамі прапануецца распрацоўка паштовак у наступных намінацыях:
- “Віншаванка” (паштоўкі, прымеркаваныя да міжнародных і беларускіх каляндарных святаў)
- “Патрыётка” (паштоўкі, якія асвятляюць гісторыка-культурную, этнаграфічную спецыфіку Беларусі, памятныя даты і падзеі, выбітныя персаналіі)
- “Пазітыўка” (паштоўкі гумарыстычнага зместу)
Мэта конкурсу:
Распрацоўка арыгінальнай аўтарскай паштоўкі, якая выяўляе беларускі нацыянальны каларыт.
Умовы ўдзелу ў конкурсе:
Выслаць паўнаколерны варыянт макету паштоўкі з пазнакай “Паштоўка” у назве тэмы на электронную паштовую скрыню: [email protected]
Дадаткова ўдзельнік павінен выслаць наступную інфармацыю:
Імя, прозвішча
Кантактны тэлефон і e-mail
Патрабаванні да файлаў:
(TIFF, JPEG, 300 dpi, прадубляваны ў pdf).
Пры наяўнасці арыгіналу паштоўкі дасылаюцца на наступны адрас:
220039, г. Мінск, а/с 78
Конкурс не мае абмежаванняў у выбары тэхнікі, у якой будзе распрацоўвацца паштоўка, толькі пры ўмове прадастаўлення арыгіналу. У электронным варыянце прадастаўляюцца паштоўкі, выкананыя пры дапамозе кампутарных графічных праграмаў.
Заяўкі прымаюцца да 5 лютага 2015 г.
Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя прэміі пасля правядзення конкурсу ў памеры, вызначаным арганізатарамі.
Апроч гэтага для ўдзельнікаў конкурсу заснаваны спецыяльны прыз Грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Да ўдзелу запрашаюцца дызайнеры, навучэнцы, творчыя людзі.
Дадатковая інфармацыя:
Выстава конкурсных прац пройдзе ў Музеі гісторыі беларускага кіно (г.Мінск, Свярдлова, 4)
Журы конкурсу будзе сфарміравана падчас яго правядзення. Вынікі конкурсу будуць абвешчаны 8 сакавіка.
Заключныя палажэнні
Бяручы ўдзел у Конкурсе, Удзельнік тым самым заяўляе свае аўтарскія правы на пададзеныя на Конкурс праекты і падцвярджае, што не парушае аўтарскіх правоў трэціх асобаў. Удзел у конкурсе не азначае страты аўтарам аўтарскіх правоў на заяўленыя работы. Намінацыя альбо атрыманне ўзнагароды таксама не цягне за сабой страты аўтарам аўтарскіх правоў на заяўленыя працы. Бяручы ўдзел у конкурсе, аўтар тым самым выказвае згоду на публікацыю сваіх работ і інфармацыі аб аўтары ў медыях выключна ў некамерцыйных прамацыйных мэтах. У выпадках, не прадугледжаных гэтымі Умовамі, дзейнічаюць існуючыя заканадаўчыя нормы.
Адказнасць Арганізатара
Арганізатар не нясе адказнасці за матэрыяльную, альбо нематэрыяльную шкоду, у тым ліку цялесныя пашкоджанні альбо маральныя страты, панесеныя ў выніку ўдзелу Удзельніка ў Конкурсе, атрымання альбо неатрымання ім узнагароды. Удзельнік нясе поўную адказнасць у выпадку, калі ягоная конкурсная заяўка будзе парушаць правы трэціх асобаў, палажэнні Умоваў Конкурса альбо дзейнае заканадаўства. Арганізатар не нясе адказнасці за маючыя ўплыў на вердыкт журы фактары: тэхнічныя і іншыя памылкі, некарэктную падрыхтоўку файлаў, недакладнасці пададзенай інфармацыі, несанкцыянаваны доступ да файлаў, іх крадзеж, знішчэнне, замену, страту альбо іх запозненае атрыманне, калі гэта было выклікана чыннікамі па-за ўплывам Арганізатара альбо форс-мажорнымі абставінамі.
Кантакт з Арганізатарам
Усю інфармацыю адносна Конкурса можна атрымаць па электроннай пошце ў Беларускім саюзе дызайнераў (Мінск, вул.Брылеўская 14)
e-mail: [email protected], [email protected]
Паштовы адрас: 220039 г.Мінск а/я 78