Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” запрашае вас узяць удзел у праграме, скіраванай на стварэнне і падтрымку дзейнасці Мясцовых грамадскіх інфармацыйных цэнтраў.
З дапамогай актыўных і ініцыятыўных грамадзян мы плануем стварыць у трох гарадах Беларусі мясцовыя інтэрнэт-рэсурсы (блогі альбо сайты), якія стануць пляцоўкай для інфармавання насельніцтва пра важныя мясцовыя падзеі, пра магчымасці ўдзелу ў жыцці грамадства (дабрачынных акцыях, грамадска-карысных праектах, навучальных і культурніцкіх мерапрыемствах і г.д.).
Мы плануем таксама, што ўдзельнікі праекта будуць у стане арганізаваць і правесці разам з жыхарамі свайго горада некалькі невялікіх мерапрыемстваў, якія будуць адпавядаць патрэбам мясцовай супольнасці.
У праграме трэнінгі па распрацоўцы канцэпцыі Мясцовых грамадскіх інфармацыйных цэнтраў, а таксама па асновах інтэрнэт-журналістыкі і асновах планавання грамадска-карысных праектаў для мясцовай супольнасці.
Да вашых паслугаў будуць кансультанты па пытаннях, звязаных са стварэннем інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама планаваннем і правядзеннем грамадска-карысных мерапрыемстваў.
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца каманды ў складзе 4-5 чалавек з аднаго горада. У склад такіх каманд могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, блогеры, актыўныя грамадзяне, якія хацелі б зрабіць свой унёсак у паляпшэнне якасці жыцця мясцовай супольнасці.
Наяўнасць спецыяльных ведаў і ўменняў, звязаных са стварэннем сайтаў і г.д., не з’яўляецца абавязковай умовай удзелу ў праграме.
Адбор удзельнікаў будзе адбывацца на конкурснай аснове на аснове пазначаных ніжэй крытэрыяў:
– сумесная заяўка як мінімум ад 4-х (максімум 5) чалавек з аднаго гораду;
– гатоўнасць да дынамічнай працы ў межах праграмы (на працягу траўня-жніўня 2011 г.);
– наяўнасць першапачатковага бачання таго, як будзе працаваць створаны ў вашай мясцовасці Інфармацыйны рэсурс (якая інфармацыя будзе змяшчацца на створанай у межах праграмы вэб-старонцы, як часта і кім яна будзе абнаўляцца і г.д.);
– наяўнасць ідэй грамадска-карысных мерапрыемстваў, якія можна было рэалізаваць на працягу ліпеня-жніўня;
– гатоўнасць укласці ў рэалізацыю праграмы ўласныя рэсурсы (памяшканні, аргтэхніка, валанцёрская праца і г.д.).
Удзел у праграме дазволіць вам не толькі авалодаць у кароткі час карыснымі ведамі і ўменнямі, але і зрабіць шэраг добрых справаў для сваёй мясцовай супольнасці!
Заяўкі на ўдзел у праграме трэба даслаць да 10 красавіка на адрас [email protected] з пазнакай “Конкурс”.
Адабраным для ўдзелу ў праграме камандам будзе паведамлена пра гэта да 20 красавіка.
Першая працоўная сустрэча ў межах праграмы адбудзецца 14-15 траўня ў Гродне.