23.02.2017 | Літаратура

Космас, Вольскі, кабачкі. Андрусь Горват і квіткі ў мінулае

Я апынуўся ўжо пасярод чарнічніку, на адным з найвышэйшых

нашых пагоркаў, за дзве мілі ад горада, і зусім згубіў з вачэй дзяржаву.

 

Генры Дэвід Тора “Аб грамадзянскім непадпарадкаванні” (1848)

Нейкі няправільны аўтар. Ненастаяшчы. Ну як так – каб у краме кніжкі не купіць? Абы-што. Зрабіў бы як усе: прэзентацыя, фуршэцік, прэс-рэліз, “Белсат”. Крытыкам там па асобнічку. Каб паважалі і напісалі харашо. А то шукай яго раз на год у тым Купалаўскім! Шыфруецца. Мо каб сапраўдныя пісьменнікі не пабілі.

Мой унутраны Горват зранку п’е каву без цукру ды размаўляе праз акно з галкамі.

Мой унутраны Горват ператварае адсутнасць грошай у прысутнасць драйву.

Мой унутраны Горват не чытаў Дэрыду і нічога не ведае пра грамадства спектаклю.

Мой унутраны Горват сніць чырвоныя кеды.

Мой унутраны Горват паміж Львом Сапегам і самаробным цыбулевым мармеладам абірае мармелад.

Ён не слухае Вольскага, бо навошта грузіцца тым, што і так даўно тваё.

Мой ўнутраны Горват праполвае мяне, як граду. Неістотнае знікае. Застаюцца космас і кабачкі.

Чаго тут няма? Джэймса Джойса. Мікалая Чаргінца. Кока-колы. Журфака. Парыжа.

Што ёсць? Лірычны мінімалізм. Дзед Гануша. Спрошчанасць абавязкаў, чысціня эмоцыяў. Лёд у студні. Агульная няспешнасць. Думкі як аблокі, пакуль дадумаеш – паспеў бульбу абабраць.

Дзве крыніцы і два складнікі падзеі: медыйнасць і вясковасць. Хуткастрэльная фэйсбучнасць, памножаная на правінцыйныя сантыменты. Як той казаў, rural romantics. Андрусік Іванавіч – новы герой для млявай краіны, задзяўбанай незавершанымі паскарэннямі ды насценнай агітацыяй. Стоп, машына! Усё проста: каб паспець, трэба спыніцца. Рамантыка адмовы, эміграцыя ў сябе. Ціхі побытавы нацыяналізм.

Вясковы дзэн: сесці з коцікам памурчэць удваіх і каб знічкі падалі ў твой кубак з гарбатай. Гэтага замала? Гэтага не замала.

“Радзіва “Прудок” падманвае быццам спрошчанасцю і нібыта павярхоўнасцю. Дзе высокае? Дзе глабальнае? Дзе, блін, адказнасць аўтара ды рэдактура тэксту? Што за мова? Што за героі? Лухта нейкая. Не дурыце галавы, гэта не літаратура! Спакойна, спадарства. Гэта проста не тое, што вы прызвычаіліся лічыць літаратурай.

Тут ужо кажуць, што Андрусь вынайшаў беларускі космас. Відавочнае перабольшванне: ён проста наладзіў адтуль жывую трансляцыю.

Горват – самадзейны памежнік, інтуітыўны кантрабандыст. Лапікавая коўдра ягоных тэкстаў спалучае вясковую настальжы з гарадской шызой, аўтаіронію з пафасам, адчай з самарэкламай. Мова маўчання, паэтыка пустэчаў ды разрываў. Праз гэты стыль ды апяванне меланхалічнага шчасця жыць Андрусь трапляе у доўгі спіс іншых сведак дажджу і калекцыянераў драбязы. Мысляра пазамінулага стагоддзя Генры Тора з ягонымі хронікамі асабістых уцёкаў у лясы. Майстроў назіраннняў за бегам часу ад Сей-Сенагон да Эндзі Ўорхала. Лірычнага фікшну нулявых накшталт Эрленда Лу і Яўгена Грышкаўца. І ўсіх фэйсбучных абыштошак.

Ты яго пралічваеш, а ён пазбягае дэфініцыяў. Цячэ праз пальцы, як вада. Хіпстар беларускі. Творца спрэчнай арыентацыі.

У гэтым і сэнс: Горват адразу пра ўсё. Ён адразу ўсё. Адмысловы і пазнавальны. Маднявы і архаічны. Лёгкі і важкі. Хуткасны і тармазнуты. Часам у межах аднаго і таго ж сказа. Часам у межах той самай думкі.

Кніжка Горвата – сапраўднае радзіва: мантаж пярэстых сігналаў, гукавыя хвалі невідавочнага зместу, плыні супольнай прудкоўскай (пад)свядомасці з пераходам у атмасферныя эфекты. Практыкаванні ў несупадзенні перажытага і агучанага. Бо людзі не прамаўляюць трактатамі і не жывуць раманамі. А пра галоўнае ўсё адно не кажуць.

Прафаннасць сеткавых медыяў сустракаецца тут з паэтыкай штодзённасці. І канчаткова маргіналізуе аўтара. Жыццё здараецца. Жыццё прамаўляе праз мяне. Як можа, так і прамаўляе. А я адно ягоны дыктафончык з абмежаваным тэрмінам прыдатнасці.

“Радзіва…” можна чытаць як нізку інфантыльных вясковых замалёвак. Вось дзевачкам інцярэсна, калі Андрусік асцепяніцца. Аднак паглядзі бліжэй – і маеш гісторыю жыццёвай паразы. Таму што лірычнага героя-разумніка нідзе не хочуць. Ніякія пасады не свецяць. І пяшчотна ўзгадаваная нефарматнасць – не абяцанне шчасця, а знак бяды. Акей, лавіце атветку. Вы ад мяне адмовіліся? Не, гэта я адмаўляюся ад вас. Праз фэйсбучны гон пра тое, як гарадскі чувак казу даіў, прарастае моцная тэма: трансфармацыя свайго лузерства ў перамогу.

Чэсны беларускі дзэн: чым горш – тым лепш. Чым менш – тым больш. Замест паснулай “вертыкалі” – гарызантальныя чалавечыя лінкі. Сваякі. Суседзі. Сябрукі. Нізавая нацыя, несістэмная талака.

А вось зараз – галоўнае. Праз “Радзіва…” мы трапляем не проста ў вясковасць – у прастору архаічнага міфа. Гарадскія матрыцы сэнсаў рэзка сыходзяць у нябыт. Як і спробы іх аднавіць/паправіць. Час не проста тармазіць – ён адмотваецца назад. Лінія жыцця закручваецца ў кола прыродных цыклаў, прадказальных і непазбежных. Замест лёсу – бягучыя справы ў нязменным ландшафце. І ты сам са сваімі тэксцікамі, “Народнай воляй” і Вольскім у галаве – проста закладнік сусвету. Жыві як студня, жыві як трава. Жыві, пакуль жывы. Космас, ты – клёвы.

Што ўражвае? Шчырасць аўтара, трапнасць позірку, энергетыка прамаўлення, музыка мовы, лёгкі подых празрыстага тэксту. Зроблена тут. Зроблена добра. Але канцэптуальна – усё ж параза. Пачэсная капітуляцыя гарадскога разумніка перад роднай старонкай. Катэгарычная згода з наяўным. Вы там як хочаце, а ў мяне памідоры пасохлі.

 

Максім Жбанкоў, budzma.by

Глядзіце таксама:

Андрусь Горват як пачатак беларускага цуду


2 Каментаў у “Космас, Вольскі, кабачкі. Андрусь Горват і квіткі ў мінулае”

  1. Наталля says:

    “Але канцэптуальна – усё ж параза.”

    У мяне ад Горвата такія ж адчуванні. Жывучы у вёсцы неяк не звяртаеш увагі на вясковыя перлы, ці той гарод – гэта абыдзеннасць. Горвата ж гэта ўсё дзівіць , як малое дзіця. Гэта пісаніна для гараджан, “вясковая рамантыка”. Вяскоўцам – не цікава.

    • Чытач says:

      Такое ж меркаванне. Горвата чытаюць мінчукі, якія ніколі не бывалі летам у сваёй бабулі. Гэтыя вясковыя замалёўкі іх здзіўляюць. Распавёў бы Андрусь тое ж самае вяскоўцам і ніхто не здзівіўся, бо жывуць такім жыццём кожны дзень.
      Асобным пунктам трэба выдзяліць дзяўчат-чытачак, якім Горват падабаецца як хлопец.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика