14.08.2015 | Краіна

“Краіна”: Літва, рыцары, татары — і ўсё ў межах Беларусі

Спякота: 36, 38, таму “Краіна” схавалася ў лясах. Разбілі лагер на Сябрыньскіх азёрах у Налібоцкай пушчы , адсюль робім наезды на старажытную Літву. У працэсе знайшліся нават татары …

Як у горадзе спякотай прыціснула, дык адразу госці ў госці да нас: стаянка пачала нагадваць нармальны еўрапейскі кемпінг. Матацыклы, жанчыны, дзеці. А вы кажаце, беларусы не ездзяць па краіне: гэта ўсяго толькі пытанне тэмпературы.

Непрыкметна наступіў жнівень: быццам бы ўчора выехалі, а ўжо хутка фінал тулянняў па краіне. Я прывык жыць у прычэпе: калі б не працаваць, а ездзіць з сям’ёй — пайшоў бы на паўгода ў даўншыфтынг, памеры Беларусі дазваляюць. Не смейцеся: жывем у вялікай краіне пад зорным небам.

Наша стаянка нагадвае лагер цыган: з Мінска ў прахалоду зорнай ночы ўцякаюць усе.

Але трэба ж працаваць! Хоць працу я вельмі напружанай не назаву: асядлаўшы жалезнага каня, выпраўляемся на пошукі старажытнай Літвы. Яна недзе тут: у плыні Нёмана, Бярэзіны. І калі Палессе і палешукі выглядаюць асобным народам, што зваліўся з Месяца, то Навагрудчына — калыска ВКЛ, сумеснай дзяржавы балтаў і славян.

“О Літва, мая Айчына!” — так пісаў адліты ў помнік Адам Міцкевіч. Паэт радком пацвярджае два факты: той, што мяжа старажытнай Літвы праходзіла па сучаснай Беларусі, і той, што паэт лічыў сябе літвінам, грамадзянінам ВКЛ. Не ён адзін, запіс XVII стагоддзя: “Ондрюшка Иванов, литвин из города Орши”.

Не будзем пачынаць гістарычны дыспут, адзначу толькі, што для разумення гісторыі нашай краіны трэба разбіць лагер на Сябрыньскіх азёрах і паездзіць на матацыкле па лініі Навагрудак-Іўе-Ліда-Крэва-Рымдзюны. Тады ўвесь гістарычны пазл стане ясным святлом у галаве. Для тых, хто хоча ведаць больш, пачытайце Міколу Ермаловіча і іншых аўтараў, якія ўсё падрабязна тлумачаць.

Наш народ: сумесь балтаў і славян. Асіміляцыя адбывалася мірна, пра гэта сведчаць і назвы вёсак. Вёска Крывічы? Значыць, жылі тут славяне.

У суседняй вёсцы жылі балты: Крывічы і Дайнова ўступалі ў змешаныя шлюбы, жылі побач, так і атрымаліся беларусы, сплаў балтаў і славян. “Вавёрка”, “патэльня” — у літоўскай і беларускай моваў каля 30% агульных слоў. Таму ўзнікненне ВКЛ было лагічным: на поўдні на ўсю моц варочалі татары, з мора падціскалі крыжакі. І стагоддзі сумеснага жыцця зрабілі падобнымі літоўцаў і беларусаў.

“Беларусы, як і літоўцы, вельмі спакойныя…” — гэта меркаванне грамадзянкі Літвы, ды і няўзброеным вокам бачна, што ў нас з суседзямі шмат агульных рыс. Падкрэсліваю: гаворка ідзе пра тэрыторыю, якая была “сэрцам” ВКЛ. Ва ўсходніх раёнах можа быць усё па-іншаму, як даедзем — абавязкова раскажам.

Літва, Літоўка, Дайнова — балцкія вёскі, тэрыторыя балцкіх плямёнаў. Усё гэта па дарозе ў Навагрудак і пацвярджае генетычныя даследаванні: калі паскрэбці беларуса, выявіш славянізаванага балта.

— Назвы “Беларусь” і “беларусы” былі прыдуманыя ў XIX стагоддзі, каб даць назву аскепку ВКЛ — так у інтэрв’ю казаў гісторык Анатоль Грыцкевіч, — да гэтага і русіны, і жамойты былі грамадзянамі адной дзяржавы, ВКЛ…

З развагамі пра нялёгкі лёс айчыны прыбываем у старажытны Навагрудак, першую сталіцу ВКЛ. Выдатна, што ў 2015 годзе да яго не дабралася ўшчыльняльная забудова: выглядае як сярэднявечны горад, самыя высокія пункты — царква і касцёл.


Тырчаць абломкі замка выбітымі зубамі, вось яны, нашы гістарычныя карані. Разбураныя, абламаныя — хто хоць нешта ведае, адкуль яго род?

Калі сцісла, гісторыя Беларусі выглядае так:
– Полацкае княства. Выток дзяржаўнасці беларусаў.
– ВКЛ. Першая сталіца: Навагрудак. Агульная дзяржава балтаў і славян, якія называлі сябе літвінамі.
– Рэч Паспалітая: саюз двух народаў, палякаў і літвінаў.
– Паўночна-Заходні край, гады ў складзе Расійскай імперыі: менавіта тады з’яўляецца назва “Белая Русь” і назва народа “беларусы”.

Усё, заканчваем з гісторыяй, вяртаемся ў дзень сённяшні: сядлаем матацыкл, па Навагрудку едзем.


Цяпер Навагрудак не пульсуе, не палае пасіянарныя запалам, але выглядае нядрэнна. Па гэтым горадзе можна сумаваць, чым і займаўся Адам Міцкевіч. У Швейцарыі, з відам на Жэнеўскае возера, ён пісаў: “…часта нападае сум па Лiтве, i ўвесь час бачу ў сне Навагрудак i Туганавiчы”.
Літва, дарэчы, згадваецца ў летапісе першы раз у 1009 годзе: на мяжы Літвы і Русі быў забіты каталіцкі манах, нашы гісторыкі лічаць, што здарылася гэта пад Наваградкам.

Каб не забіцца спякотай ў Наваградку, у кампаніі сяброў з www.retromoto.by выскокваем на возера Свіцязь: яно што пры ВКЛ, што пры СССР — аднолькава выдатнае.


Мiж дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку
Там возера Свiцязь, як дзiва.
Бы хтосьцi чысцюткую шыбу звысоку
Сюды апусцiў беражлiва.

Так пісаў Адам Міцкевіч да таго, як возера Свіцязь стала паўднёвым берагам Крыма: падобна, усе, хто не трапіў у Крым, прыехалі ў гэтым годзе на Свіцязь. Тут усё як на Нарачы: возера ёсць, але сэрвісу няма.

Таму вяртаемся на базу, у дрымучы лес, дзе дзецям можна прачытаць лекцыю, што балты часта хавалі вершніка з канём. Матацыклістаў цяпер з матацыклам не хаваюць.

Сядзім на Сябрыньскіх азёрах, спякоту перачэкваем: няма лепшага варыянту, чым хавацца ад пацяплення ў лясах.

Чым гарачэй ў горадзе, тым большыя на месцы стаянкі людзей:

— Мне здаецца, у вас усё старыя “Явы” Мінска сабраліся — каментуе вартаўнік, а мы тым часам выязджаем на татараў.

Парв года абраная вельмі па-татарску: тэрмометр “Беларуснафты” кажа пра 38, таму праз 600 гадоў пасля перасялення татары ў Іўі адчуваюць сябе як дома.

Іўе — тыповы горад ВКЛ, графіці перад музеем нагадвае, што ў Іўі былі: праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога і мячэць. Прадстаўнікі ўсіх канфесій заўсёды сябравалі, і “лаяльныя” традыцыі ВКЛ працягваюцца і ў сучаснай Беларусі: зазірніце ў каляндар, Вялікдзень каталіцкі і праваслаўны. І так па ўсіх святах: традыцыі талерантнасці падхопленыя ў сучаснай БССР.

— Татараў у Іўе прывёз Вітаўт, але жылі яны і ў Наваградку, і ў іншых гарадах. Мэта запрашэння татараў на нашы землі? Яны былі выдатнымі ваярамі, а ад крыжакоў трэба было абараняцца, — кажа экскурсавод.

Таму татары хутка сталі беларускай шляхтай, а пра татара-мангольскае іга беларусы даведаліся толькі ў школах.

Што цікава, як і пяцідзясятнікі ў Альшанах, татары вераць, не п’юць і працуюць у цяпліцах.


Мяркуючы па ўсім, няма іншага варыянту зарабіць на сучаснай беларускай зямлі.

І калі не піць — можна і жыць нядрэнна, што даказваюць татарскія дамы: чыстыя, дагледжаныя, адносна дарагія.


Татары ў Іўі асіміляваліся настолькі, што пачалі пісаць кітабы на беларускай мове арабскім пісьмом.


Мячэць. Хлопчык-мусульманін. Іўе, 2015.

Усім мусульманам прывітанне!

Назва мясцовай крамы я не рызыкну правільна прачытаць. Усё гэта — карані ВКЛ, калі ў адной краіне мірна ўжываліся розныя народы. Габрэі, татары, продкі сучасных літоўцаў і беларусаў: беларуская мяккасць і талерантнасць мае гістарычнае тлумачэнне.

У Іўя ёсць “гістарычны прысмак”: Горад не знявечаны савецкай забудовай, захаваўся гістарычны цэнтр, яўрэйскія крамы-хаты, таму на карце маршрутаў можаце смела ставіць галачку і ехаць да братоў-мусульманаў.

Гэта не Турцыя, гэта 36, татары, Іўе, Беларусь — уключыўшы арабскую музыку, далей едзем па “Краіне”.

Чарговы дзень сустракаем у Крэве: рухаемся ўздоўж замкаў ВКЛ, і няма ў Беларусі лепшага месца для вывучэння сярэднявечча, чым лінія Наваградак — Астравец. Калі хочаце зразумець пра сярэднявечную Беларусь усё, адпраўляйцеся па гэтым маршруце.

Што характэрна, на здымку выразна бачны аўтамабільны след і месца развароту: значыць, суайчыннікі актыўна цікавяцца гісторыяй краіны. Жыве Беларусь.

А наш “патруль” прыязджае ў вёску Рымдзюны: тут людзі размаўляюць дома на літоўскай мове і працуе літоўская школа. Памятаеце, пад Наваградкам я казаў аб сплаве балтаў і славян, з якога ў выніку атрымаліся беларусы? У Рымдзюнах працэс зліцця двух народаў ідзе да гэтага часу.

— У краме кажам адзін аднаму “лабас”, а потым пераходзім на дзяржаўную мову…

Звярніце ўвагу на прывітальны плакат: можна толькі дадаць, што дзеці ў Рымдзюнах вывучаюць 4 мовы. Беларуская, руская, літоўская і англійская.
— У школе мы выхоўваем “людзей свету”, адкрытых розным культурам. Гэта ж выдатна, калі дзіця расце, убіраючы і рускую, і літоўскую, і беларускую культуру. Некаторыя бацькі так і кажуць: дадайце яшчэ і французскую мову…

Для жыхароў навакольных вёсак такая школа — проста падарунак неба: дзяцей можна пакідаць у інтэрнаце, пражыванне і харчаванне бясплатнае, на выходных дзіця вяртаецца ў сям’ю.

Пры гэтым выпускнікі паступаюць у літоўскія ВНУ на ільготных умовах, прыгажосць!

Меркаванне жыхаркі Літвы, настаўніцы хіміі, пра Беларусь: №У Беларусі жыць выдатна, адчуваецца, гаспадар ёсць…” У Беларусі, яна кажа, парадку больш, чым у Літве.

Дзеці ў вёсцы паміж сабой гавораць на беларускай мове, максімальна набліжанай да арыгіналу: рускай і трасянкі ў Рымдзюнах амаль няма.

Найлепшыя дзеці школы. Артурас, мне здаецца, далёка пойдзе.

Настаўнікі школы ў Рымдзюнах “гараць” справай і ўсіх запрашаюць пераязджаць да сябе.

— Праца цяпер у раёне ёсць, будуюць АЭС, школа самі бачыце якая, лепшая, чым многія гарадскія. Пераязджайце ў Рымдзюны!

Але мы валацугі, нас чакае прычэп-дача і рыцары ў мястэчку Ліда. Таму разварочваемся да месца стаянкі, ціснем на газ, пралятаючы знакаміты касцёл у Гервятах. Я згадваў яго ў аповедзе-калонцы, калі цікава, пачытайце.

Чарговае прыгожае месца Беларусі: на лініі Навагрудак — Астравец вас чакае сярэднявечная Беларусь і адчуванне ВКЛ.

“Краінай замкаў” называлі наш рэгіён, і так яно і ёсць. Ад замкаў мала што засталося, але “Краіна” — жыве!

Патрыятычна настроеныя, прыязджаем у Ліду.

Тут сустракаюць рыцары клуба “Дайнова”: які ж замак без іх?

Па словах рыцарства, жывецца ў сезоне-205 не вельмі добра.

— Турыстаў стала нашмат менш, людзі, мабыць, акрамя выжывання не цікавяцца нічым…

Таму калі казаць пра рыцарства, адраджэннем пакуль не пахне: “народ не ходзіць”, ды і ў рыцары цяпер ніхто асабліва не рвецца.

Раней усё было па-іншаму: беларусам ганарыцца рыцарамі можна не менш, чым іспанцам. Ці жарт, татара-мангольскага іга не было, тэўтонцаў-крыжакам навалялі.

— Рыцарскія даспехі ВКЛ былі зробленыя паводле вобразу і падабенства еўрапейскіх, проста адставалі ад моды на 15-20 гадоў. Потым мы былі з Еўропай нароўні, а потым… вы і самі ведаеце, што было потым.

Што цікава: даспехі рыцараў ВКЛ адрозніваліся ад даспехаў Маскоўскага княства. Тыя ў асноўным ваявалі з татарамі ў стэпе, нашым даводзілася змагацца з крыжакамі. Таму даспехі нашых былі цяжэйшыя, масіўнейшыя.

Вось такія простыя лідскія хлопцы, Максім і Юрый, клуб імя балцкага племені “Дайнова”.

Атрымаўшы гатоўкай старажытныя талеры ў “Альфа-банку”, караван вяртаецца на Сябрыньскія азёры, каб напісаць гэты рэпартаж.

 

З лесу перадаем усім прывітанне, збіраемся ехаць далей — сачыце за “Краінай”.

 

Тэкст: Дзмітрый Навіцкі.
Фота: Глеб Малафееў, Антон Шалковіч, Аляксандр Ждановіч.

 

Партнёры праекта:

Інфармацыйныя партнёры:

autotut1


Адзін каментар у ““Краіна”: Літва, рыцары, татары — і ўсё ў межах Беларусі”

  1. “З лесу перадаем усім прывітанне, збіраемся ехаць далей — сачыце за “Краінай”.”(c) 14.08
    Усё сочыш, сочыш, а потым раптам на вуліцы кастрычнік!
    Будуць яшчэ ‘гісторыі’ пра Краіну?
    Вельмі ж зараз патрэбна нешта такое…
    летняе

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика