25 сакавіка з’явілася “Краіна Мараў” – сацыяльная сетка, у якой кожны чалавек можа паставіць сабе мэту і дасягнуць яе. Праект распрацаваны для таго, каб у кожнага чалавека была магчымасць палепшыць сваё жыццё ці змяніць да лепшага свет.
Карыстацца “Краінай Мараў” вельмі проста:
– рэгіструешся;
– ставіш мэту (хоць якую: пахудзець, зарабіць, навучыцца, наведаць);
– вызначаеш этапы;
– робіш справаздачы і сочыш за дасягненнямі іншых;
– атрымліваеш асалоду ад дзеяння і выніку;
– знаёмішся з цікавымі і мэтанакіраванымі людзьмі.
У кожнага чалавека ёсць жаданні, якія ён не выконвае з сапраўдных ці надуманых прычын. “Калі вам не хапае матывацыі, тут яе будзе дастаткова. А калі бракуе дапамогі – знойдуцца патрэбныя людзі. Галоўнае – зрабіць першы крок і хаця б сфармуляваць, агучыць сваю мэту”, – падкрэсліў аўтар ідэі Юрый Юрчанка.
Ёсць у праекта і бок сацыяльнай адказнасці. “Краіна Мараў” зробленая выключна на беларускай. Юрый Юрчанка адзначае, што такім чынам карыстальнікі змогуць палепшыць узровень уласных ведаў нашай роднай мілагучнай мовы: “Калі ты трапляеш у пэўнае асяроддзе, так ці інакш пачынаеш карыстацца яго мовай. Вось я і падумаў, што “Краіна Мараў” стане ідэальным беларускім асяроддзем”.
У “Краіне Мараў” можна знаёміцца, пісаць паведамленні, падпісвацца на ўдзельнікаў, самому вызначыць узровень ведаў мовы, прасачыць за прагрэсам, звяртацца па дапамогу да тых, хто ведае мову лепш, дапамагаць тым, хто звяртаецца да вас, паставіць перад сабой мэты, разбіць працэс іх дасягнення на этапы, пацвярджаць выкананне кожнага этапу.
“Краіна Мараў” толькі пачала развівацца, але там ўжо ёсць процьма магчымасцяў. На думку Юрыя, калі ў грамадстве будзе больш паспяховых людзей, то і само грамадства пяройдзе на вышэйшы ўзровень.
“Гэта доўгатэрміновы праект, бо развіццё мовы і грамадства – не імгненная справа”, – лічыць ён.
Цікавая акалічнасць: рэгістрацыя ў “Краіне Мараў” бясплатная, але доступ да поўнага камплекту магчымасцяў сеткі – 10 даляраў. “Гэта своеасаблівы фільтр, які дазволіць пакінуць па-за “краінай” абыякавых людзей і аб’яднаць па-сапраўднаму вартых. Бясплатна нічога не працуе, а за такія грошы нават дзяўчыну ў кавярню не зводзіш. І мінімальная цана будзе добрым паказчыкам якасцяў людзей”, – тлумачыць Юрый.
Юрчанка ўпэўнены, што сетка па-сапраўднаму карысная і будзе мець водгук у аўдыторыі, “таму хай не адразу, але з цягам часу прыйдуць неабходныя людзі”. “Ужо здымаюцца новыя ролікі, ідзе распрацоўка новых тэхнічных магчымасцяў, будуць размяшчацца новыя артыкулы, ёсць яшчэ шмат ідэй”, – дражніцца ён.
Калі каго ўжо пачало накрываць жаданне памяняць штосьці ў сваім жыцці, а адкладаць да лепшага часу насамрэч надакучыла, можна пачаць з гэтага. http://www.krainamaray.com/podpiska/
Між іншым, сваёй марай Юрый назваў, каб 10 мільёнаў чалавек пачалі размаўляць на беларускай мове.