Мы працягваем праект “Краіна”, супольную працу часопіса “Большой”, партала tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Што такое “Краіна”? Журналіст і фатограф, якія чатыры месяцы пражывуць у прычэпе-дачы і за гэты час аб’едуць усю краіну, імя якой — Беларусь. Сядайце каля камп’ютараў камфортна, да канца восені вас чакае серыял.
Пасля заплыву па Прыпяці каманда сумеснай экспедыцыі часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!” стала на колы і адправілася па гарадах і вёсках, каб зразумець Палессе і палешукоў.
Мы пакідаем Прыпяць, каб зафіксаваць Палессе ў 2015-м годзе: як выглядаюць гарады, што думаюць людзі.
Ад месца высадкі з Прыпяці ад’ехалі недалёка: каб папрацаваць, разбіваем лагер каля вёскі Лядзец. Тут мы правядзем два дні, напішам першы рэпартаж, і ўпэўнімся ў тым, што паляшук караваншчыку заўсёды дапаможа.
— Паважаны спадар, дайце нам разетку папрацаваць!
— Бярыце, хлопцы, няма пытанняў…
Пры ўсім пры гэтым з палешукамі працаваць журналісту вельмі цяжка.
— Скажыце, а чаму ў вас вось так, вось так і вось так?
— А што? А нашто вам гэта, хлопцы? Я не ведаю нічога, не, дыктафона свайго не ўключай!
— Скажыце, можна вас сфатаграфаваць?
— Ай, не, навошта…
Палешукі: разетку дам, але ў душу з роспытамі не лезь.
І няхай на Палессі ўжо няма балотаў, але балота засталося ў характары людзей. У свой час шведскі кароль Карл ХІІ узяў прыступам Пінск, падняўся на самае высокае месца горада, паглядзеў вакол, і сказаў: “Я далей не пайду. Вакол — мая смерць…” І сышоў.
Палешукі сфармаваліся так, што Карл ХІІ, Бона Сфорца, Ленін, Сталін няважныя. Паляшук паслухаў уладу, сышоў у балота і зрабіў усё па-свойму. Галоўнае для палешука — не сказаць лішняга і ў кадр не трапіць: прынамсі, такое адчуванне ў вёсцы Лядзец засталося ва ўсёй нашай каманды.
“Зямля, зямля — бяскрайнiя разлiвы гнiлой тванi ў нiзiнах, зыбучыя пясчаныя хвалi на ўзгорках!” — цытата з “Людзей на балоце” Івана Мележа ў 2015-м годзе на Палессі неактуальная. Раней на Палессі ўсе дамы стаялі на ўзгорках, каб не затапіла вясновай паводкай. Цяпер Лядзец будуецца па чарцяжы: паводак даўно не было.
— Колісь, памятую, на лодках па вёсцы плавалі. А цяпер… Цяпер засуха, вады няма, вось што! Добрага дажду ўжо год не было, сохне ўсё! Рэчку сабака перабяжыць пасля вашай меліярацыі.
І праўда, калі разгледзець раку Ветліца зблізку, становіцца зразумела: праз некалькі гадоў яна знікне. Узровень падае кожны год, гэта добра відаць па берагах, народ з пасылам “усё раскажу летапісцам” крычыць пра шкоду меліярацыі, але ў кадр не ідзе: палешукі.
“Сям-там пападалiся тыповыя постацi палешукоў i паляшучак, надзвычай паважных i нават гордых, бо яны так зняважлiва паглядалi на ўсё, што не было палешуком…” — гэта ўжо Якуб Колас, і ён мае рацыю. Паміж мінчанінам і палешуком ёсць грань, і яна не толькі моўная, яна ментальная. На мяжы 30-х і 40-х палешукі хацелі стварыць дэмакратычную аўтаномную рэспубліку са сталіцай у Пінску. А ў канцы 80-х — пачатку 90-х гэта ледзь не адбылося, пашукайце ў інтэрнэце: Мікалай Шаляговіч, аб’яднанне “Полісьсе”. Мікалай у канцы 80-х разгарнуў шырокую дзейнасць за аўтаномію Палесся, выдавалася нават газета на палескай мове, аб аддзяленні спрачаліся на кухнях вечарамі.
Вось так выглядае дыялог з палескай бабуляй, якая вельмі стараецца, каб палескі гоман стаў зразумелы беларусу.
“Всека мова е ны но за сридка контахтовання мыз людьмы, алы вона е j за нутро, стрыжня, а дэ в чому и форму культуры jитвjежого (этнополiського) этносу”, — фраза на палескай мове, якая ў перакладзе азначае, што так званая палеская мікрамова вельмі падобная да ўкраінскай, хоць і з відавочнымі адценнямі беларускай.
Захочаце моўнай аўтэнтыкі — смела едзьце на Палессе: у вёсках яшчэ засталіся людзі, якія вылучаюцца сваім вымаўленнем, мовай. І, як ні круці, іншыя людзі жывуць тут, на рацэ Прыпяць. Палешукі: маўклівыя, спакойныя, пазбягаюць лішніх кантактаў, хітраватыя. Добрыя фотаздымкі Палесся і палешукоў – у праекце Міхаіла Лешчанкі.
Адпісаўшыся, адстраляўшыся ў вёсцы Лядзец, мы далей едзем — у плане Пінск, сталіца беларускага Палесся.
Але ўбачыўшы калегаў, караваншчыкі не могуць не спыніцца: у паплечнікаў усё як у нас, прычэп-дача, аўтамабіль.
Цыганы. Уладзімір Караткевіч называў Палессе “Краіна Цыганія”, і гэта нікуды не знікла, усё тут, Палессе — “Цыганія” і ў ХХІ стагоддзі.
— Чайку з самавара?
— Так, вядома…
Высвятляецца, што цыганы верныя сваім традыцыям і ў 2015 годзе. Цыган ніколі не працаваў на зямлі, гэта прэрагатыва беларусаў. Цыган вольны як вецер, вандруе, і каня без нагляду лепш побач з ім не пакідаць.
— Мы пастухі. Дакладней, муж працуе пастухом, я да яго ў госці прыехала. Сезон адпрацуем, дадому паедзем. Узімку нічога не робім, сезон пастухом адпрацаваў, грошай на ўвесь год хапае. Колькі зарабляем? Ён тут адзін за траіх, дык мільёнаў 8-10 у месяц атрымлівае.
— А чаму мясцовыя, беларусы не працуюць пастухамі?
— Беларусы п’юць. Цыганы на працы не п’юць.
Mickey: Good dags. D’ya like dags?
Tommy: Dags?
Mickey: Dags. Ya like dags?
Mrs. O’Neil: Yeah, dags.
Tommy: Oh, dogs. Sure, I like dags. I like caravans more
Гэта цытата з фільма “Вялікі куш”, перагледзьце ў вольны час, абсалютна ўсё тое самае пад Пінскам: цыганы, сабакі і караваны. Ды і размова прыкладна тая ж: палескі дыялект.
Прыбываем у Пінск, сталіцу беларускага Палесся. Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, як і раней, бачны здалёк, ля касцёла запланаваная сустрэча з краязнаўцам-палешуком.
Знаёмцеся, Эдвард Злобін, нам здалося — пінскі Даўлатаў. Прайшліся па горадзе, пагаварылі.
— Эдвард, раскажыце, чаму многія палешукі лічаць сябе асобнай нацыяй?
— Многія, можа, і лічаць, але я наогул за Польшчу, я паляк па духу, як і многія пінчукі.
Па дарозе ўшанавалі памяць Казіміра Свёнтка, першага беларускага кардынала з 1798 года.
— Ён быў анёлам для Пінска, такі чалавек, такі чалавек, — Эдвард плача. У Палессі сапраўды цяжка разабрацца. Для палякаў Палессе польскае, для ўкраінцаў — украінскае, для беларусаў — нашае, для палешукоў — сваё, таму падсумаваць светаадчуванне Палесся можна так: яшчэ ў ХХ стагоддзі на пытанне “Хто ты, чалавек?” адказам было “Я не чалавек, я пінчук”.
Сутыкненне культур, вось што такое беларускае Палессе. Далей з Эдвардам гуляем.
— Што я магу расказаць пра Пінск у 2015 годзе? Культурная дэградацыя, дэкаданс. Просты прыклад: вось гарадскі тэатр на 120 месцаў. Пры тым, што ў горадзе насельніцтва больш за 130 000 чалавек. Сто гадоў таму было два тэатры, адзін сінематограф на 25 000 насельніцтва! Прычым адзін з тэатраў быў на тысячу месцаў, і ў ім быў заўсёды аншлаг. Культурны заняпад, дэкаданс…
— А навабуд вы наш бачылі? Што казаць, калі ў гэтым горадзе з руінаў замка зрабілі трубу кацельні, пра што можна казаць.
«Поэты пылятся в могилах,
И вот я остался один.
Я тост поднимаю без силы:
О, траурный мой господин»
Застаецца цытаваць Эндзі Крыца і ўсё.
Але гэта ўсё рэфлексіі інтэлігента: Эдвард Пінск рэкамендуе ўсім. Горад не знішчылі вайной, добрае, спакойнае мястэчка.
Для маршрута выхаднога дня Пінск рэкамендуем, прыгожы ціхі горад.
“Пiнск — адзiн з улюбёных маiх гарадоў. Ён, як Гродна, мае сваю фiзiяномiю. Гэта Горад з вялiкай лiтары…” — так пісаў Уладзімір Караткевіч.
А мы далей едзем вывучаць Палессе, як карту, чытаючы назвы вёсак. Ведаеце, што такое “лапаціна”? Старажытны палескі абрад. Калі стары рабіўся клопатам для сям’і, ён прасіў зрабіць яму “лапаціну”. Яго вялі на сямейнае капішча, і ўся сям’я забівала яго насмерць лапатай для выпечкі хлеба. Хлеб дае жыццё, хлеб яго і адбірае, кола замкнулася, галоўнае, што выжыве сям’я. “Лапаціну” рабілі зусім нядаўна, нейкіх дзвесце гадоў таму. Але з асушваннем балот знікла ўсё, цяпер “лапаціну” па галаве можа схапіць толькі цікаўны журналіст.
Доўга ці каротка, вёска Качановічы: тут правядзем некалькі дзён. У вёсцы Качановічы сядзіба апошняга рыцара ВКЛ, які змагаецца за традыцыі свайго роду.
Мікалай Качаноўскі, пчаляр, яго род займаецца бортніцтвам яшчэ з часоў ВКЛ, на што ў Мікалая ёсць копія граматы ВКЛ 1554 года. З тых часоў ён не толькі здабывае мёд з калод, але нават заснаваў фарма-кампанію “Качаноўскі”, якая пастаўляе мёд у многія гіпермаркеты Мінска.
— Вось, хлопцы, глядзіце, так раней баранілі борці ад мядзведзяў. Раней на Палессі шмат было “мішак”, трэба было рабіць спецыяльныя канструкцыі, каб захаваць мёд.
Але сам Мікалай — гэта не бортнік, а філосаф, які з сумам разважае… правільна, пра дэкаданс, канец шчаслівай эпохі для зямлі пад белымі крыламі. Гэтая ідэя чамусьці ў галаве ў многіх палешукоў.
— Я недавно понял, — пераходзячы з беларускай на рускую і наадварот, расказвае Качаноўскі, — что деревня была сердцем нашего государства. Откуда все активные люди Беларуси ХХ века? Из деревни! Откуда все работящие, откуда все энергичные, пассионарные — из деревни! Деревня — сердце нашего государства, а сейчас в деревнях людей нет, люди не рожают. А городские не хотят работать, они уже совсем не то… И белорус уже не тот, лентяев, лодырей стало намного больше.
— Пчелы работящие, а люди в городах не любят работать. И детей никто сейчас не рожает, вы посмотрите, сколько — один, два ребенка на семью. А раньше в Кочановичах пять-семь детей было у всех. Наверное, скоро снова придут люди из Индии, как было раньше, чтобы заселять наши земли. Или из Китая, там еще работу любят, а у нас нет, трудолюбивых среди белорусов осталось мало… Хотя, что это я, хлопцы, о грустном? Сейчас вам приведу полесских женщин, ну то яны вам заспяваюць!
Вось што такое палеская культура ў 2015 годзе. І рэпертуар палескіх песень: тэлебачанне і Савецкі Саюз аўтэнтыку амаль забілі. Калі жанчын просіш “заспяваць” палескае, яны спяваюць савецкае — значыць, і праўда эксперымент па стварэнні “гома саветыкуса” амаль атрымаўся. Як там мроіў персанаж Апейкі з “Палескай хронікі” Івана Мележа: “Па такiх грэблях пойдзе ў нашы балоты, у нашу цемру святло, новае жыццё! Культура i дастатак!.. Кнiжкi, кiно i трактары!..”
Новае жыццё прыйшло: тэлевізар забіў старое.
— А што-небудзь сваё, аўтэнтычнае, ведаеце?
— Трэба падумаць…
О, добра! Але ж гэта беларуская песня — а сваю, палескую, ведаеце?
Палескую ведала толькі мама Мікалая Качаноўскага, усё — з жывых стасункаў сышла культура, засталіся толькі адгалоскі. Зямны паклон жанчынам за тое, што пагадзіліся праспяваць. І канстатацыя, што ў тэлебачанні патрэбная нацыянальная культура, інакш нават у самым глухім сяле людзі пачынаюць спяваць Кабзона.
Калі цікава, можаце паслухаць, як людзі жылі раней на Палессі. Расказвае Марыя Качаноўская, вёска Качановічы.
Кароткі змест аповеду Марыі тут:
“Цяпер найлушчэй жыці! Грошы даюць, хлеба прывязуць, прадукты прывязуць. Дай бог жыткі, але няма калі ўжо жыці…”
У Качановічах на Прыпяці сярод калодаў з пчоламі можна правесці хоць вечнасць, але нам ехаць далей.
На досвітку табар сыходзіць у Столін.
Па дарозе — кінутыя, амаль памерлыя дамы. Я не буду пісаць назвы вёсак, каб не прыцягваць марадзёраў, скажу словамі мясцовых жыхароў.
— Раней у нас нібы Кітай быў, столькі людзей жыло! А цяпер… Цяпер няма нікога, пуста на Палессі! На ўсю вёску чатыры старыя, адзін малады, ды і той п’е.
«Раней людзей було багата», — цяпер у многіх дамах адкрыта, жыві, ды няма каму.
Дамы да пражывання гатовыя, ёсць ложкі, скрыні з адзеннем, печкі працуюць, вокны цэлыя — але ўсё ўрасло ў зямлю, уюць ластаўкі гнёзды, ціха, сумна, пыльна. Хто мог сабе ўявіць такое яшчэ 50 гадоў таму? Калі ў кожнай сям’і па 5-7 дзяцей…
— Зара нікому нічога не трэба. Раней людзі душыліся за зямлю, за сенажаці — а зараз нічога нікому не трэба, зарастае ўсё…
Узровень радыяцыі ў гэтых раёнах у норме, проста людзі сышлі і ўсё.
«Зямляяя, зямлііі”, — стагналі героі Мележа, а цяпер не тое што зямлі, дамоў на Палессі ўдосталь. Стаяць пустыя, не патрэбныя нікому. Пакуль мы лазілі-здымалі, з суседніх хат ніхто не выйшаў: старыя ляжачыя, засталося максімум пяць гадоў, потым?.. Потым — што? Кінутыя вёскі на Палессі. Можа, і мае рацыю Мікалай Качаноўскі: час людзей з Індыі перасяляць.
“Бацька павесіўся!” — так і хочацца крыкнуць цытатай з “Раскіданага гнязда”, але толькі клёкат буслоў над калісьці пасіянарным краем.
Мы кіруемся на Столін, едзем дробнымі вёскамі, і краявіды, вядома, тыя яшчэ: дамы культуры забітыя, бібліятэкі зачыненыя, дробныя школы ўсе зніклі, вось яна, твая “Краіна”, беларус. Ад будынкаў савецкага рэжыму ўлады гатовыя пазбавіцца і за адну базавую, але пакупнікоў на іх не будзе.
— Журналісты? Ат, што вы там напішаце — ёсць Беларусь тая, што па тэлевізары, і тая, што на самай справе! Што вы там напішаце, усё лухта! Ніхто з вас праўды не скажа!
Яшчэ Тутанхамон сцвярджаў, што праўда заўсёды адна, і гучыць яна прыкладна так: дробныя вёскі ў нашай краіне хутка знікнуць, будуць сцёртыя з твару зямлі. Але, калі прыцісне крызіс, калі зрабіць праграму перасялення звольненых рабочых у добрыя дамы… Ці знойдзецца ў Беларусі свой Сталыпін?
З апакаліптычнымі думкамі атрад прыбывае ў Столін, які адразу зараджае савецкім аптымізмам. Наколькі бывае сумна ў вёсках, настолькі Столін палае росквітам і пасылам “усё добра”. Плакаты, клумбы, планёркі, мужчыны ў касцюмах і партфелях: рана Палессе хаваць.
Пад ўсёвідушчым вокам адміністрацыі столінцы ўвесь час фарбуюць, чысцяць, мыюць, што, дрэнна? Добра!
— Улады трымаюць нас моцна, сочаць за парадкам, — каментуе мінак, адскокваючы ўбок пры спробе фотасэту.
Асобны журналісцкі дзякуй — за “брукаванку-трылінку”.
Паважаныя ўлады Століна, не закочвайце яе, калі ласка, у асфальт. Эдвард у Пінску не перанясе, мы ў Мінску таксама заскрыпім зубамі.
З аўтэнтыкі: Столін можа ганарыцца тым, што ў яго ваколіцах нарадзіўся Змей Гарыныч. У наваколлі горада цячэ рака Гарынь, таму ў Століне ўсё называецца “Гарынь”: гасцініцы, кавярні і рэстараны. Пра Гарыныча не жарт: паводле паданняў, менавіта на рацэ Гарынь жыў велізарны цмок-змей.
Пасля некалькіх дзён тулянняў па вёсках мы не адмовілі сабе ў абедзе ў рэстаране — правільна, з назвай “Гарынь”. Змей Гарыныч па-беларуску “цмок”. А ў нашай кішэні — картка “Альфа Банка” з выявай цмока, таму сам бог загадаў гуляць на ўсе ў аўтэнтычным рэстаране. Балазе, карткі з цмокам у “Гарыні” прымаюць на ўра.
Паспытаўшы абедзеннага меню за 4,5 даляра за комплексны абед, мы ледзь не заснулі ў прычэпе: кормяць у “Змей Гарынычы” выдатна.
Да Століна ў нас канкрэтны інтарэс: па плане ў наступным рэпартажы мы павінныя паказытаць Змея Гарыныча за брушка, а дзе яго шукаць — у балоце.
Альманскае балота, “сэрца” столінскага краю. Яно натуральны буфер паміж Беларуссю і Украінай, менавіта тут напэўна стаіўся апошні беларускі цмок, але мы пакуль бачым толькі расянку. Расліну, якая есць насякомых. Пра яе шмат казалі ў дзяцінстве, нарэшце вось яна жыўцом.
Вось сцежка, па якой мы хадзілі, вось возера Вялікае Засамінае. Але мы сюды прыйшлі не па расянку і не па самоў. Нам трэба Альманскае балота!
Яно на відэа, і мы з Антонам збіраемся ўзяць яго штурмам. Навошта і чаму? Таму што на балоце быў ваенны авіяпалігон. Недзе там, у глыбіні, стаяць цэлыя танкі, самалёты — і чакаюць свайго Сталкера, гэта значыць нас.
Унізе кадра апошні краёчак зямлі, а далей да самай Украіны балота і балота. Яно хавае сапраўдны палігон, з радыяцыяй, снарадамі і самалётамі.
Але штурм балота трэба добра абдумаць, таму, як заўсёды, разбіваем лагер каля разеткі 220 вольт, як заўсёды, палешукі нам дапамагаюць, і як заўсёды:
— Як нам пайсці ў балота?
— Ай, хлопцы, вы дурныя, не трэба вам туды ісці!
Давялося нават тэлефанаваць у міністэрства, каб дазволілі. Але пра гэта — наступная гісторыя ў “Краіне”.
тэкст – Зміцер Навіцкі, фота – Антон Шаўковіч
Партнёры праекта:
Інфармацыйныя партнёры: