Гурт «Крама» прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню «Дзяўчынка». Музыкі называюць яго першым сур’ёзным кліпам за ўсю гісторыю існаваньня каманды.
Да здымкаў кліпа на адну зь песень з свайго новага альбому гурт «Крама» падыйшоў адказна. Дагэтуль было некалькі ролікаў, але ўсе яны, як зазначае гітарыст Сяргей Трухановіч, былі зьнятыя на хуткую руку і ніводзін зь іх «крамаўцаў» не задавальняў. Новае відэа даверылі здымаць маладому рэжысэру Андрэю Ляўковічу. У яго даробку 3D-кліп для амэрыканскага гурта IcodoraCrane і перамога на фэсьце мабільнага кіно Smartfilm. Андрэю было прапанавана на выбар дзьве песьні – «Дзякуй Богу мы ідзем дамоў» і «Дзяўчынка з шклянымі вачыма».
«Я абраў “Дзяўчынку” без ваганьняў, бо яна больш мэлядычныя і добра падыходзіць для візуалізацыі, – кажа рэжысэр у камэнтары для Tuzin.fm, – Паколькі гэтая песня зьвязана з асабістымі перажываньнямі, то я пастараўся стварыць атмасфэрны кінаматаграфічны эмацыйны відэакліп».
Матэлыял для відэа здымалі ў два дні. «Мы падыйшлі грунтоўна, як ніколі: узялі ў арэнду на ноч Тэатар беларускай драматургіі, паставілі сьвятло і гук і здымалі да раніцы. Сюжэтную лінію зь дзяўчынай Андрэй здымаў ужо бяз нас на вуліцах Менску», – апавядае гітарыст «Крамы» Сяргей Трухановіч.
Працай над «Дзяўчынкай» музыкі засталіся задаволеныя. Цалкам магчыма, што ў будучыні Андрэя Ляўковіча запросяць яшчэ раз. «Я буду рады зрабіць нешта яшчэ для гэтай каманды, якая ўвасабляе для мяне ўсю хвалю беларускага року», – кажа рэжысэр.
Песьня «Дзяўчынка» увойдзе ў новы альбом «Крамы» пад назваю «Белая вада», праца над якім практычна завершаная. Лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч з задавальненьнем апавядае пра будучы рэліз: «Альбом абяцае быць вельмі моцным і сур’ёзным, бо ён ужо прайшоў праверку часам. Аніводнай прахадной песьні ў ім ня будзе. Як ня дзіўна, у дыск увойдзе нямала лірычных твораў. Ён пачаў стварацца ў няпросты час (пасьля сьнежня 2010 году – ТГ), але песьні будуць не пра гэта. Як у «Океана Ельзи», якія сьпяваюць пра каханьне, але зьяўляюцца пры гэтым сымбалем свабоды ва Ўкраіне. Жартую, канечне, але мушу сказаць дакладна: альбом будзе добры!».
Рэліз альбому гурта «Крама» – «Белая вада» заплянаваны на восень.
Рэжысэр: Андрэй Ляўковіч
Апэратары: Андрэй Ляўковіч, Вадзім Пацееў
Акторка: Валерыя Лютарэвіч