Апошнім часам з бояззю ідзеш на канцэрты нашых выканаўцаў: то з гукам нейкія праблемы, то выканаўцы не ў лепшай форме, а, можа быць, і сам бываеш не ў адпаведным настроі для абраных выступаў. Ну, вы разумееце. А тут яшчэ азнаёміўся перад паходам на ЛСП з парай іх канцэртных відэа ды адразу падрыхтаваўся не чакаць многага: відосы, падалося, дэманстравалі слаба развітыя сцэнічныя мускулы гурта. Для справядлівасці адзначу, што цікаўнасць да праекта ЛСП выклікаў сам песенны матэрыял – узроўнем сонграйтарскага майстэрства і такім, ведаеце, блізкім нігілістычна-дэпрэсіўным пасылам.
Чарга да клуба “Re:public” шматабяцальна агінала другі кут будынка і складалася з мэтавай аўдыторыі: старэйшыя класы школаў і ўніверсітэцкія “пяршакі”. Насцярожана прыгладзіўшы бараду, скіроўваюся ўсярэдзіну памяшкання. Падгледжаны асцярожны спосаб ужываць піва проста з рыльца бутэлькі, здабытага юнымі наведвальнікамі канцэрта на бары, дарэчы, таксама з галавой выдаваў прыкладны ўзрост публікі.
Разаграваў натоўп сайд-праект Алега ЛСП – гурт з удала падабранай назвай “Piggy Bang”, які пад трэпавыя мінусы вырашаў у трэках нейкія пытанні і прасіў слухача больш не тэлефанаваць. Часам, чуючы нешта такое, сорамна разумець, што ўвогуле таксама належыш да насельніцтва планеты Зямля. Увогуле, як вучыла школьная настаўніца, не скажу, што “не спадабалася” – скажу, што не зразумеў. Зрэшты, нельга не падзячыць гурту хаця б за тое, што разагрэў апынуўся кароткім.
Зрэшты, са з’яўленнем Ромы Англічаніна (вядомага пад некалькімі псеўданімамі і па ўдзеле яшчэ ў некалькіх вядомых праектах) і Алега “ЛСП” Саўчанкі суб’ектыўны скепсіс неўзабаве растаў: гучанне ў клубе апынулася добрым, а музыкі, хоць, магчыма, крыху і хваляваліся напачатку, хутка папусціліся і адпрацавалі праграму на выдатна. У залі быў заўважаны не толькі пазнавальны мінскі рэдактар сайта пра рэп-музыку The Flow Аляксей Горбаш (узяты туды не за прыгожыя вочы), але і рэпер Вожык, які прыйшоў парадвацца за свайго калегу па ТО “Лопата”. Са сцэны слэм у залі сузіраў і Рома Жыгараў з гурта “Akute”.
Канцэртная праграма ЛСП скончылася даволі хутка, так што “на біс” засталося хіба пару даволі старых песень з рэпертуару Алега. Добра прагрэтая публіка нават у істотнай колькасці нечакана ўзлезла на сцэну – агаломшаныя музыкі не зусім разумелі, што з гэтым рабіць, але, здаецца, усе былі вельмі задаволеныя тым, што адбылося на мінскім канцэрце.
Глядзі таксама: ЛСП: аншлаг у Магілёве
Рыгор Скабічэўскі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»