Папулярнай беларускай песні “Бывайце здаровы, жывіце багата!” споўнілася 80 гадоў. Пра гэта распавёў 8 красавіка ў сваёй новай праграме Зміцер Вайцюшкевіч. На канцэрце прагучалі творы на вершы Адама Русака аўтарства Ігара Лучанка, Ісака Любана, Юрыя Семянякі: “Мой край”, “Дзе ты, зорка мая?”, “Не шукай ты мяне”, “Песня Марыны”. Ужо не ўпершыню артыст звяртаецца да песеннай спадчыны легендарнага паэта і музыкі. У 2004 годзе, да 100-годдзя Адама Русака, выканаўца падрыхтаваў цэлую праграму, у якой песня “Бывайце здаровы” ўпершыню прагучала па-італьянску.
Мы пагутарылі з дачкой паэта і музыкі Людмілай Адамаўнай Русак, былой выкладчыцай кафедры раманскіх моваў БДУ.
— Мае калегі-перакладчыкі пазнаёмілі мяне са Змітром Вайцюшкевічам у 2004 годзе. Ён прыйшоў да нас, праглядаў фотаздымкі і вершы і быў вельмі ўзрушаны: лёс і творчасць Адама Русака былі яму роднасныя. Тады ён падрыхтаваў цэлы канцэрт, прысвечаны майму бацьку.
— Тата нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна на вуліцы Воўчы Хвост, — працягвае Людміла Адамаўна. — Яго бацька Герасім Сямёнавіч часта граў на вяселлях, і малы Адась з васьмі гадоў граў на скрыпачцы разам з ім. Русакоў называлі цыганамі за іх вясёлы нораў і за тое, што больш за ўсё на свеце яны любілі песні і танцы. Дзед Сямён сапраўды прывёз на радзіму пасля службы ў царскай арміі смуглявую малдаванку, з якой у іх нарадзілася чацвёра сыноў. У яе і пайшлі ўсе смуглявыя і музычна адораныя хлопцы. Чароўны голас скрыпкі запаў у татаву душу. Ён часта браў скрыпку ў рукі і падбіраў полечкі і кадрылі, а потым разам са сваім бацькам граў на вяселлях і вечарынках. Гэты хатні аркестр і вызначыў яго незвычайныя здольнасці.
У 1924 годзе тата пешкі пайшоў у Мінск, каб паступіць у музычнае вучылішча. Спыніцца яму было недзе, і ён начаваў на лаве ў парку імя Горкага. У той жа год у вучылішча паступілі будучыя кампазітары Ю. Семяняка, Ул. Алоўнікаў.
Пра гісторыю стварэння самай вядомай песні Адама Русака напісаў у асобнай кніжачцы “Жыццё песні” Іван Цішчанка. Ён зазначае, што ў 1930 годзе пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага музычнага тэхнікума Адам Русак быў залічаны ў Леніградскую кансерваторыю ў клас прафесара М. М. Буяноўскага і адначасова прыняты салістам сімфанічнага аркестра Малога опернага тэатра. Ён палюбіў горад на Няве, але кожнае лета прыязджаў на радзіму. Ліст да матулі склаўся ў яго ў форме верша: “Бывайце здаровы, жывіце багата…” Назаўтра ён дапісаў верш, які ператварыўся ў вельмі ўдалую песню. Першай яе заспявала ў 1936 годзе яго матуля Марыя Ігнатаўна на вядомы вясельны матыў.
Адам Русак падзяліўся ўдалым вершам з земляком, маладым паэтам Анатолем Астрэйкам, а той перадаў верш у Мінск рэдактару “Літаратуры і мастацтва” І. Д. Гурскаму. Потым вучоны-філолаг з Масквы ўключыў тэкст у зборнік “Творчасць народаў СССР”. Адчуваючы рытміку, напеўнасць верша, вобразнасць і трапнасць слова, якія ідуць ад вуснай народнай творчасці, вучоны засумняваўся ў аўтарстве і падпісаў тэкст так: “Записано в колхозе “Красный пахарь” Копыльского района от Адама Русака”.
У 1937 годзе песня была надрукаваная ў навагоднім нумары газеты “Праўда”. Яе заўважылі кампазітары. Мастацкі кіраўнік хору імя Пятніцкага У. Захараў напісаў музыку на гэты тэкст. Песня ў выкананні калектыву загучала ў канцэртных залах, па радыё і трапіла на грампласцінкі. Аднак сапраўдную славу вершу Адама Русака прынесла мелодыя Ісака Любана, якая і зрабіла “Бывайце здаровы” беларускай музычнай класікай.
Пазней Рыгор Шырма адзначаў, што русакоўскі верш глыбока музычны, напеўны і лірычны, і кампазітар Любан злавіў менавіта ўнутраную мелодыю твора. “Між яго вершаваных радкоў, — сцвярджаў Г. І. Цітовіч, — нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану”.
Для вялікай аўдыторыі песня ўпершыню прагучала 15 чэрвеня 1937 года ў выкананні Ларысы Александроўскай і засталася ў рэпертуары артысткі назаўжды. Калі яна выконвала яе ў час гастрольных паездак у Германіі, Англіі і Францыі, беларусы, рускія і ўкраінцы, што жылі ў эміграцыі, плакалі, бо ўспаміналі страчаную Радзіму. У гады Вялікай Айчыннай вайны Ларыса Пампееўна выконвала песню на фронце і ў глыбокім тыле. У 1974 годзе ў лісце да Адама Русака народны артыст СССР Леанід Уцёсаў пісаў: “Вашу цудоўную песню я пачаў пець яшчэ ў 1938 годзе. Поспех быў велізарны. Як ні дзіўна, яна гучала не толькі ў мірныя дні, але і на фронце, дзе мы яе спявалі, выклікаючы ў байцоў добрую, радасную усмешку, падзяку за нястрыманы аптымізм гэтай песні”. Аднак Леанід Уцёсаў выконваў песню Адама Русака ў перакладзе на рускую мову Міхаіла Ісакоўскага. Савецкі паэт, стварыўшы пераклад, не звярнуў увагу на аўтарства А. Русака і прыпісаў тэкст сабе.
Сапраўднае аўтарства было пацверджанае, калі ў 1940 годзе Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да М. Ісакоўскага з лістом, у якім засведчыў пра беларускага аўтара. У адказе на ліст паэт выбачаўся за памылку.
За свае жыццё Адам Русак напісаў шмат душэўных песень. Натхняла яго на іх яго жонка Марыя Яўгенаўна.
— Тата з мамай пазнаёміліся ў Ленінградзе, — успамінае Людміла Адамаўна. — Яна была родам з Карэліі і вучылася на выкладчыцу рускай мовы і літаратуры. Аднойчы мама пайшла на Новы год у малы Ленінградскі оперны тэатр. Там яны з татам і пазнаёміліся. Песню “Толькі з табою” тата прысвяціў менавіта маме. Жывучы ўжо ў Мінску, яна старалася вывучыць беларускую мову. Мама захоўвала ўсе татавы рукапісы.
Толькі з табою мне хочацца быць,
Толькі з табою,
Радасць і шчасце з табою дзяліць
Толькі з табою.
— Майму тату, па вялікім рахунку, няшмат чаго было трэба ў жыцці, акрамя песень, — успамінае спадарыня Людміла.— Да Ігара Міхайлавіча Лучанка як да старшыні Саюза кампазітараў Беларусі многія звярталіся з просьбамі “машына, кватэра, гараж”. А той адказваў: “А дзе песні?”. Бацька жыў менавіта песнямі, а кватэра ў нас была яшчэ з пасляваенных часоў. У двух пакоях жыла наша сям’я, а астатнія былі аддадзеныя пад камуналку. Мама, скончыўшы курсы кройкі і шыцця, абшывала ўсіх суседзяў і знаёмых. Жонкі пісьменнікаў ішлі да яе.
— Тата быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў СССР. Яго песні часта гучалі па радыё, і тады ён не стрымліваў слёз. У 50-я — 60-я гады яго імя было на слыху. Ён карыстаўся ўсенароднай любоўю і пашанай. Тату было ўласцівае пачуццё гумару. Ён казаў: “Я найлепшы паэт сярод музыкантаў (маючы на ўвазе свой аркестр) і найлепшы музыкант сярод паэтаў”.
Калі Зміцер Вайцюшкевіч гартаў у нас дома кніжку “Жыццё песні”, ён убачыў фотаздымак бацькавага першага вясковага аркестра і адчуў, што яго лёс як музыкі вельмі блізкі да лёсу Адама Русака. Ён быў вельмі ўсхваляваны і з тых часоў пастаянна ў сваіх праграмах выконвае песню “Бывайце здаровы, жывіце багата!” на розных мовах.
Цяпер гэтую песню спяваюць у Літве, Казахстане, Расіі. Акрамя таго, яна будзе перакладзеная на кітайскую мову і выдадзеная ў Кітаі ў зборніку нашых песень. Мы спяваем яе на кожным сямейным свяце разам з сястрой Наталляй з сынам Юргесам і дачкой Крысцінай, — паведаміла Людміла Адамаўна Русак.
Эла Дзвінская, budzma.by
Фота Яўгена Ерчака і з архіва сям’і Русакоў