Дзяржаўныя органы, афіцыйна і негалосна зьвязаныя з рэгуляваньнем канцэртнай дзейнасьці ў Беларусі, маюць канкрэтную ўстаноўку – не дапусьціць не пры якіх умовах выхаду на сцэну Сяргея Міхалка.
Пра гэта парталу Tuzin.fm стала вядома ад крыніцы, вартай даверу. У прыватнасьці адзначаецца: «Гэтага чалавека рэальна баяцца ў чыноўніцкіх колах. Нават ня столькі яго самога, колькі ягонага ўплыву на моладзь, таму не выкрэсьліваюць з сьпісу забароненых творцаў. І не выкрэсьляць не пры якіх умовах, прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў-2015». Негалосная забарона распаўсюджвацца канкрэтна на асобу Міхалка з папраўкаю на тое, што назвы ягоных праектаў могуць зьмяняцца. Гэта значыць, выхад на сцэну былога лідэра «Ляпіс Трубяцкога» немагчымы і ў складзе цяперашняй яго каманды Brutto. Таму нядзіўна, што кіраўніцтва ХК «Дынама» (Менск) адмовілася ад анансаванага папярэдне выступу каманды Міхалка 29 лістапада перад матчам у «Менск-Арэне».
Між тым, па інфармацыі Tuzin.fm, на пераемнікаў «Ляпісаў» – гурт Trubetskoy забарона не распаўсюджваецца. Яны могуць спакойна даваць канцэрты на тэрыторыі Беларусі.