Абвешчаны склад удзельнікаў першага акустычнага фэстывалю «Травень». 18 траўня на сцэне клюба «Мулен Руж» выступяць гурты Re1ikt, «Людзі на балоце», HandMade, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая.
У фэсьце возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасьці выканаўцаў. І кожны зь іх рыхтуе свой адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па версіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучаньне з духавымі інструмэнтамі, Naka piano сыграе пад акампанімэнт піяніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт Handmade, Тацяна Беланогаяпрадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а «Людзі на балоце» на вершы Дануты Бічэль, свае найлепшыя песьні за 25 год, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.
Мерапрыемства ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, грамадзка-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» і творчая каманда паб-клюбу «Графіці». «Мы зьбіраем на адной сцэне разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструмэнтаў дасягаюць неверагоднага гучаньня і надаюць вялікую ўвагу Слову», – кажуць арганізатары фэстывалю.
«Травень» мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фэстывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесьціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восеньню. Да 18 траўня музыкі, якія працуюць у фармаце unplugged, могуць падаваць заявы на ўдзел у адборачных канцэртах, якія будуць праходзіць цэлае лета. Падрабязнасці пра ўмовы – тут.
Аўдыё, відэа, каментары ўдзельнікаў фэстываля «Травень» – па гэтай спасылцы.
18.05. Мінск, клуб «Мулен Руж» (вул.Кальварыйская, 1). Пачатак у 17.00. Фэстываль «Травень»: Re1ikt, «Людзі на балоце», Handmade, Тацяна Беланогая, Naka piano і Кася Камоцкая. Вядучы – Алег Хаменка. Пачатак у 17.00. Квіткі – 120 000 – 170 000 руб. (танцпляц на cайце Kvitki.by і ў клубе «Графіці»; столікі – толькі ў клюбе «Графіці»).