«ДАРОГІ» — першы сумесны альбом двух выбітных творцаў: Аляксандра Ясінскага і Сержука Доўгушава. Іх творчыя шляхі перасякліся яшчэ ў 2010 годзе, калі музыкі пачалі граць у праекце Fratrez, пазней Аляксандр далучыўся да этна-гурта Vuraj. А зараз у музыкаў новы праект — вакальна-інструментальны дуэт, канцэрты якога адбыліся ў Празе, Мінску, а таксама на фестывалі «Бардаўская восень» у Польшчы.
Альбом «Дарогі» складаецца з аўтарскіх песень на вершы паэта-рэвалюцыянера Анатоля Сыса і славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Сяржук Доўгушаў напісаў гэтыя песні на сваёй малой радзіме — Аршаншчыне — у перыяд з 2011 па 2013 год, а ў 2016 годзе песні загучалі ў дуэце з Аляксандрам Ясінскім. Аляксандр віртуозна і па-мастацку аздобіў кампазіцыі партыямі баяна.
У альбом таксама ўвайшлі: народная палеская песня «Ой, жураўко», песня на польскім дыялекце «Тры сіроты» і аўтарская песня А. Ясінскага «Цягнікі».
«Гэта дзве маіх Радзімы, дзве Бацькаўшчыны — Віцебшчына і Гомельшчына — з’яўляюцца яшчэ і радзімай паэтаў. Што ёсць аўтарская песня? Гэта, па-першае, тэкст і яго якаснае спалучэнне з музыкай. Мы хацелі перадаць у песнях менавіта думкі аўтараў праз іх глыбокую і вобразную паэзію, не ўскладняючы яе аранжыроўкамі, інструментамі ды формай. Фестываль «Бардаўская восень» таксама паспрыяў гэтаму: асноўныя выступы і першая прэзентацыя праграмы адбыліся менавіта там. Фэст дапамог нам больш арганізавацца, дарабіць праграму і ў выніку запісаць плытку.
Наперадзе прэзентацыі на Радзіме: у лютым 2018-га мы плануем зладзіць канцэрты ў Мінску ды ў іншых гарадах Беларусі», — распавядае Сяржук Доўгушаў.
«Калі я ўпершыню пачуў гэтыя песні ад Сержука, то быў вельмі ўражаны іхняй глыбінёю і шчырасцю. На маю думку, заўжды можна адрозніць песні, якія напісаныя на заказ, штучна, ад тых, якія напісаныя натуральна, з-за ўнутранай патрэбы аўтара выразіць свае пачуцці і думкі. Песні Сяржука якраз і з’яўляюцца такой чыстай творчасцю.
Таксама мяне вельмі ўразіла арганічнае і чыстае музычнае ўвасабленне творчасці майстроў беларускай паэзіі, якое трапна дапаўняе кожную дэталь у вершах. У гэтых песнях вы можаце адчуць моц, замілаванне, натхненне, безвыходнасць, пратэст, шчасце і радасць. А працаваць з такім якасным матэрыялам — гэта як трымаць у руках скарб. З аднаго боку, радуешся, што можаш дакрануцца да чагосьці сапраўды каштоўнага і выбітнага, а з іншага боку, мусіш працаваць асцярожна і вельмі чулліва, каб гарманічна дапоўніць ужо складзены шэдэўр», — дзеліцца думкамі Аляксандр Ясінскі.
У Мінску ўжывую пачуць альбом «ДАРОГІ» можна будзе 8 лютага ў КЗ «Верхні горад».
Прэзентацыя ў гарадах Беларусі:
06.02 — Баранавічы
07.02 — Берасце
08.02 — Мінск
09.02 — Ворша
10.02 — Віцебск
11.02 — Магілёў
Альбом «ДАРОГІ»
Аляксандр Ясінскі: баян, гітара, запіс і звядзенне.
Сяржук Доўгушаў: спевы, гітара, сапілка.
Вокладка: Васіліса Паляніна.
Запіс быў зроблены ў студыі А. Ясінскага (Прага, жнівень-верасень 2017)