13.03.2017 | Грамадства

Курапацкі вузел або развязка?

Падчас аднаго з паседжанняў аргкамітэта па абароне Курапатаў прагучала думка – маўляў, няблага было б на месцы дзялянкі, вылучанай пад бізнес-цэнтр, якая і стала прычынай канфлікту, пабудаваць развязку. Развязка – гэта з’езд з МКАД і адначасна стаянка для наведнікаў мемарыялу. Тут жа змогуць паркавацца і мясцовыя жыхары – адзін з зацікаўленых бакоў у супрацьстаянні. Такі сцэнар быў, зрэшты, прапісаны яшчэ ў адным з праектаў мемарыялу 2000-х гадоў.

Рэакцыя была імгненнай. Якая развязка? Новае будаўніцтва? Машыны? Гэта ж Курапаты. Ку-ра-па-ты! Тут расстрэльвалі. А значыць, маюць быць дрэвы, сцяжынка ў жыце, капліца, крыжы, усё, што заўгодна іншае. Развязка – не. Па логіцы, у выніку маем вузел… А магла быць развязка.

Нехта назваў канфлікт у Курапатах фабрыкай клішэ. Не ведаю, што меў на ўвазе аўтар, але калі ставіць паводле падзеяў у Курапатах драму, то ўпор меў бы быць на тое, што абодва бакі (а іх два як мінімум) адзін аднаго не чуюць. Або размаўляюць на розных мовах, кідаюцца брудам і праклёнамі ў твар апанента. З аднаго боку – злачынная ўлада ды інвестар-гіпнатызёр, з іншага – актывісты са светлымі тварамі.

Як у Толкіна, карацей. Анішчанка – злы маг Саруман, камеры супрацоўнікаў у цывільным – вока Саўрона, рабочыя – оркі, “цітушкі” ў чорным – урукхаі. Ну і, адпаведна,  Дашкевіч з “маладафронтаўцамі” – Фрода і яго каманда, Марат Гаравы – добры Гэндальф, Севярынец – Арагорн…

Кранальную казку можна працягваць, але ці насамрэч усё так проста?

Курапаты апроч эйфарыі ад нечаканай перамогі нарадзілі безліч парадоксаў. Напрыклад, чаму “круглы стол” склікаў рэдактар “СБ” Якубовіч, а не кіраўнік аднаго з незалежных СМІ? Чаму за Курапаты ўступіліся такія адыёзныя фігуры, як Гайдукевіч і Марзалюк, але змаўчалі Анісім і Канапацкая, якія маглі дапамагчы і дэпутацкімі зваротамі, і паходамі да чыноўнікаў? Магчыма, Сяргей Пальчэўскі дарма сябе прыкаваў да МАЗа – трэба было да Анісім альбо да дзвярэй яе прыёмнага пакоя?..

Відавочна, што ва ўладзе ёсць плынь, якая таксама не супраць кампрамісу ў пытанні Курапатаў, не супраць развязкі драмы. Бо вузлоў і так цяпер зашмат. Але разблытваць яго магчыма толькі разам, дзвюма рукамі.

Далейшы сцэнар разгортвання падзеяў даволі прадказальны. Затрыманыя хлопцы адсядзяць сваё, выйдуць. Тэма сыдзе з топаў у навінах, саступіўшы месца сацыяльным пратэстам. Будаўнічы пяціметровы плот, які ахоўвае пустку (унутры ўжо нічога не засталося – тэхніка і бетонныя пліты вывезеныя), будзе стаяць надалей. То бок вузел так і застанецца, да развязкі яшчэ далёка.

Па логіцы, услед за валявой часткай (пратэстам і лагерам абаронцаў) мае ісці інтэлектуальна-прававая, то бок “папяровы джыхад” з чыноўнікамі за аднаўленне ахоўнай зоны і пазітыўнымі прапановамі наконт будучыні самога мемарыялу ды спрэчных дзялянак. Але гэта ўжо паслядоўная праца экспертаў, незаўважная ды безэмацыйная. Гэта ўжо не тэма для топавых навінаў.

Калі экспертам з розных асяродкаў (КХП-БНФ, Таварыства аховы помнікаў, ініцыятывы па вяртанні памяці і інш.) удасца дамовіцца і выпрацаваць агульную прагматычную і рэалістычную пазіцыю, якая будзе прадстаўленая ўладам, ёсць шанец, што нешта атрымаецца. Значыць, Пальчэўскі не дарма прыкоўваў сябе да МАЗа, а Дашкевіч недарма пацягнуў за нітачку ў вузялку.

Наша найноўшая гісторыя – гэта суцэльныя вузлы. Моўны вузел, вузел нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі, курапацкі вузел (за якім пытанне аб стаўленні да сталінізму)… Калі ў Курапатах усё ж удасца дабіцца перамогі, не рассячы вузел, а развязаць, гэта будзе моцнай “добрай весткай” для нашай нацыі. Значыць, дыялог магчымы, Беларусь – наш агульны дом, а мы – адзін народ.

Калі не, то мы зноў і зноў будзем вяртацца ў Курапаты, нібы ходзячы па коле. Пазняк – у канцы 1980-х, Дашкевіч – у 2017-м, нехта яшчэ – у 2045-м… А свет будзе жыць сваім жыццём, не зважаючы на краіну, якая вельмі хоча, але ніяк не можа пасталець.

 

Алесь Кіркевіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика