Кватэрныя канцэрты, ці, як іх часцей называюць, «кватэрнікi», нярэдка праходзяць у Магілёве. Але калі звычайна на іх выступаюць маладыя аўтары і выканаўцы, то на кватэрнiку, які прайшоў 24 чэрвеня, можна было пачуць ўжо вельмі вядомых і любімых магілёўскай публікай аўтараў: паэта Віталя Рыжкова, лідара гурта «Сердце Дурака» Цімафея Яравікова, групу «НеАвстралия», Вольгу Гонакову і Аляксандра Мельнікава.
На гэты раз кватэрнік прайшоў у прыватным доме на выездзе з Магілёва. Таму выступы праходзілі як у самім доме, так і на двары перад ім.
Пачаўся вечар з выступу паэта Віталя Рыжкова. Хоць Віталь нарадзіўся і жыў у Магілёве шмат гадоў, выступаў ён у родным горадзе ўпершыню за доўгі час. Паэт прачытаў некалькі вершаў са сваёй кнігі «Дзверы, замкнёныя на ключы», а таксама парадаваў публіку цікавымі перакладамі замежных аўтараў.
Потым перад гледачамі выступіла Вольга Гонакова – цікавы аўтар-выканаўца, якая ўжо паспела палюбiцца магілёўскай публіцы. Вольга піша вельмі меладычныя песні як на рускай, так і на беларускай мовах, а ў гэты вечар нават выканала адну песню на ўкраінскай.
Вольгу Гонакову на імправізаванай сцэне змяніла група «НеАвстралия». Хоць група ўжо даволі даўно выступае, гэты кватэрны канцэрт стаў для яе першым – раней музыкi гралi толькі ў электрычнасці. На кватэрніку жа «НеАвстралия» выступіла ў няпоўным складзе: клавішы, гітара і вакал. Выступ спадабаўся не толькі гледачам, але і самім музыкам – яны абяцалі абавязкова зграць зноў у такой утульнай абстаноўцы.
Пасля невялікага перапынку, праведзенага на двары, публіка ўжо не захацела вяртацца ў дом і размясцілася на траве перад ім – там і працягнуўся канцэрт. Перад магілёўцамі выступілі Аляксандр Мельнікаў і Цімафей Яравікоў. Песні Аляксандра Мельнікава многія з прысутных чулі ўпершыню: аўтар ужо даўно не выступаў на канцэртах. Аднак атрымалася ў яго нядрэнна – гледачы не хацелі адпускаць музыку і прасілі праспяваць яшчэ.
І нарэшце, свае песні выканаў Цімафей Яравікоў, лідар гурта «Сердце Дурака». Цімафея і яго творы ў родным горадзе ведаюць і любяць вельмі многія, таму атмасфера атрымалася прыемнай і цёплай – гледачы з задавальненнем падпявалі любімым песням. Цімафей граў і спяваў, пакуль на дварэ канчаткова не пахаладала і азяблыя гледачы не зазбіралiся дадому. На гэтым і скончыўся вельмі цікавы кватэрнік, які ў кожнага пакінуў добрыя ўспаміны.
Марыя Гілёва