Тры з лішнім месяцы беларускія філолагі слухалі лекцыі знаных навукоўцаў ды спрабавалі сябе ў перастварэнні польскай літаратуры. Своеасаблівы выпускны вечар першай “Лабараторыі літаратурнага перакладу” прайшоў у Амбасадзе Польшчы ў Мінску. Найлепшыя студэнты курса атрымалі ўзнагароду “Лёгкае пяро”, якая гарантуе выданне ўласнай кнігі перакладаў з польскіх аўтараў на беларускую мову.
“Лабараторыя” была створаная летась намаганнямі адукацыйнага цэнтра “Студыя-Мовія” і яго дырэктаркі Інэсы Кур’ян. Ідэю падтрымалі Амбасада Польшчы і кракаўскі Інстытут кнігі. Дзесяць аматараў польскай мовы (з якіх да канца курса з розных прычынаў дайшло восем) вучыліся майстэрству перакладу ў беларускіх даследчыкаў, такіх як Язэп Янушкевіч, Серж Мінскевіч, Марына Шода, Юрый Кузняцоў, а таксама спецыялістаў з Варшавы, Любліна, Познані, Лодзі. Курс ахопліваў чатыры тэмы: авангард, рамантызм, ваенная тэма і педагогіка Януша Корчака. Мэта гэтых заняткаў — на некаторы час адцягнуць увагу перакладчыкаў ад класічных польскамоўных аўтараў, жыццё якіх было знітаванае з Беларуссю, і адкрыць чытачу новыя польскія імёны ў літаратуры. Таму постаць Адама Міцкевіча на занятках “Лабараторыі” была фактычна пад забаронай, а калі без згадкі вядомага паэта-рамантыка было зусім не абысціся, выкладчыкі змушаныя былі падбіраць словы, каб толькі не называць ягонае імя. “Той, каго нельга называць”, “каханак пані Кавальскай”, “пан М.” — як толькі ні даводзілася выкручвацца, каб не парушыць гэтай умовы.
На выпускным вечары “Лабараторыі” гучала шмат падобных забаўных гісторый і перакладчыцкіх жартаў. Студэнты дзякавалі выкладчыкам і дарылі ім падарункі са згадкай пра самыя запамінальныя выпадкі, якія адбыліся за час навучання. Аднаму выкладчыку, напрыклад, была прэзентаваная цюбецейка, таму што падчас паездкі на Браслаўшчыну ў Слабодку, дзе калісьці настаўнічаў паэт-авангардыст Юзэф Чаховіч, у лесе згубіўся польскі навуковец Яраслаў Цымерман, і знайсці групу ён здолеў, толькі заўважыўшы здалёк яркую шапачку свайго калегі.
Згадаўшы Чаховіча, удзельнікі “Лабараторыі” тут жа прадэманстравалі і творчыя нарыхтоўкі. Паэт Юрась Барысевіч, які быў сярод студэнтаў, прачытаў свой спрэчны пераклад — па-беларуску, але ў адваротным, “габрэйскім” парадку.
Перакладчыца Марына Шода, якая чытала лекцыі пра Януша Корчака, параіла выдаць у межах “Лабараторыі” кнігу “Ёські, Моські і Срулі”, фрагменты з якой спрабавалі перакладаць удзельнікі курса.
Студэнтка Дар’я Селянкова, якая для перакладу абрала цяжкую прозу Тадэвуша Бароўскага “А ў нас у Аўшвіцу”, патлумачыла, што такім чынам яна спадзяецца прыцягнуць увагу да гісторыі мінскага лагера смерці “Трасцянец”. “Сёння такая літаратура не перакладаецца, кажуць, час яшчэ не прыйшоў. І многія ўжо не ведаюць, што такое рэпрэсіі. Мы павінныя памятаць пра гэтыя трагічныя моманты нашай гісторыі”, — сказаў гісторык Юрый Кузняцоў. У падарунак яму студэнткі прынеслі гузік афіцэра польскай арміі, знойдзены ў Катыні.
У канцы імпрэзы Андрэй Хадановіч аб’явіў імёны студэнтаў, якія атрымалі ўзнагароду “Залатое пяро”. Імі сталі літаратар Юрась Барысевіч і філолаг, радыёвядучая Вераніка Бандаровіч. Як яны падзеляць між сабой права на выданне кнігі, пакуль не ўдакладнялася.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева