На Tuzin.fm – прэм’ера кліпа на новую песьню гурта Dzieciuki «Ладдзя роспачы», зробленым у стылістыцы South Park. Музыкі лічаць яго сваім першым прафесійным ролікам.
Гэтая песьня і кліп створаныя па матывах навэллы «Ладзьдзя роспачы»славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. У гуртаDzieciuki дагэтуль былі ўжо ролікі – на песьні «Мужыцкая праўда» і «Частуханы», але менавіта «Ладзьдзю роспачы» музыкі лічаць сваім першым прафэсійным кліпам. Вакаліст каманды Алесь Дзянісаў кажа, што праца – калектыўная і складана выдзяліць кагосьці, акрамя Веры Cтомы, якой належыць сама ідэя кліпа і праца над ролікам. Само відэа ўяўляе зь сябе кампутарную анімацыю ў стылі перакладкі. Цікава, што ў гэтым стылі зроблены вядомы мультсерыял South Park.
«Мы паспрабавалі паэкспэрымэнтаваць з гучаньнем і песьня атрымалася не зусім падобная на тое, што мы рабілі раней: нейкая сумесь змрочнага рок-н-ролла з элементамі кантры. Гэта не азначае, што мы будзем рухацца ў гэтым накірунку, але гэта сьведчыць яшчэ раз пра тое, што мы будзем экспэрымэнтаваць і надалей», – заўважае Алесь.
Словы песьні належаць Дзянісу Жыгаўцу, музыка – гурту. Дзяніс называе Dzieciuki ня проста музычным гуртом: «Гэта сваесаблівая арт-суполка людзей, што працуюць у розных накірунках мастацтва з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. Dzieciuki – гэта таксама усе тыя, хто падзяляе нашыя жыцьцёвыя прынцыпы: свабоды, незалежнасці ды патрыятызму. Адным з прыкладаў такіх людзейякраз зьяўляецца нашая сяброўка Вера Стома. Менавіта гэты чалавек стварыў лягатып гурта, а цяпер і гэты кліп».
Асноўную вакальную партыю ў творы «Ладзьдзя роспачы» выконвае Павал Трублін. Ён кажа, што гурт ужо цяпер працуе над яшчэ адным відэаўвасабленьнем сваёй песьні – «Сумнае рэгі». «Гэта ўжо будзе не анімацыя, а відэаролік», – кажа Павал. Прэм’ера наступнага відэа ад гурта Dzieciuki можа адбыцца ўжо гэтым летам.
Дзяніс Жыгавец – словы
Павал Трублін – вакал, мэлёдыка
Аляксей Пудзін – акустычная гітара
Алесь Дзянісаў – банджа, вакал
Алесь Рацько – перкусія
Андрэй Пятко – бас
Віталь Лявонаў – запіс ды майстарынг
Вера Стома – аўтар ідэі, мастачка, анімацыя
Дар’я Сугака – анімацыя
Вялікі дзякуй: Сяргею і Тацяне Стомам, а таксама Уладзімеру Караткевічу!!!