З 23 па 28 кастрычніка на Падляшшы ў Польшчы прайшла “Бардаўская восень – 2014”. Галоўнай падзеяй фестывалю традыцыйна стаў конкурс маладых выканаўцаў. Нечаканую перамогу ў конкурснай праграме сёлетняга фэсту атрымаў Аляксандр Ясінскі, дагэтуль вядомы ўсім як адзін з найбольш яскравых баяністаў у Беларусі, а з нядаўніх часоў і ў замежжы. Сваімі ўражаннямі ад перамогі на “Бардаўскай восені” Аляксандр падзяліўся са сваім сябрам і калегам па гурце “BosaeSonca” Алесем Кот-Зайцавым.
Алесь Кот-Зайцаў: Да свайго пераможнага выступу ты казаў, што не маеш ніякіх амбіцыяў адносна конкурсу, а хочаш выступіць у якасці выканаўцы ўласных песень проста каб паспрабаваць штосьці новае для сябе. Якія цяпер думкі, уражанні ад усяго, што адбылося?
Аляксандр Ясінскі: Пра амбіцыі я звычайна не думаю, я проста лячу па жыцці, як па паветры, і мне гэта падабаецца. І калі жыццё прыносіць штосьці такое, як перамога на “Бардаўскай восені”, то гэта проста здорава. А далей ёсць два варыянты – альбо жыць сабе, як жыў раней, альбо штосьці з гэтым рабіць. Мне падабаецца другі варыянт, і я буду спрабаваць пісаць песні і тэксты далей, ствараць паўнавартасную праграму і развівацца ў гэтым жанры.
АК-З: А не было ў цябе ў сувязі з перамогай думкі, што ты, з’яўляючыся ўжо досыць складзеным і прафесійным музыкам, кампазітарам, у пэўным сэнсе адбіраеш шанец у астатніх?
АЯ: Было! Больш за тое, я нават не надта хацеў, каб мне давалі Гран-пры, бо я і так буду працаваць далей у гэтым рэчышчы, незалежна ад таго, адзначылі мяне ці не. А вось некаторым маладым выканаўцам не хапае ўпартасці і мэтанакіраванасці, і ім вельмі патрэбная такая падтрымка, такія штуршкі, што прымушаюць працаваць. Магчыма, некаторым маладым аўтарам гэта патрэбна больш, чым мне.
АК-З: Але ты таксама малады ў гэтым кірунку, бо раней не пісаў песень.
АЯ: Так, але пісаць я пачаў і ў любым выпадку збіраўся гэтую справу працягваць. Адзінае, што калі б не гэтая перамога, то я, напэўна, рабіў бы гэта не так актыўна. А цяпер адчуваю адказнасць і патрэбу ў тым, каб хутчэй выводзіць гэтую справу на належны ўзровень.
АК-З: Што можаш сказаць пра агулам конкурсную праграму і тых лаўрэатаў, якіх абрала журы?
АЯ: Магу сказаць, што мне цяжка лічыць сябе пераможцам у такой кампаніі. Бо канкурсанты ў гэтым годзе былі ўсе вельмі моцныя, разнастайныя і арыгінальныя. Таму можна сказаць, што мне проста пашанцавала.
АК-З: І ўсё ж перамога на такім фестывалі, на тваю думку, – гэта выпадак ці заканамернасць, за якой стаіць шмат зробленай працы?
АЯ: Адназначна не скажаш. Думаю, бывае па-рознаму, але я б сказаў, што тут гэта ўсё ж выпадак. Таму што ёсць людзі, якія грунтоўна і паслядоўна гадамі ідуць да гэтага, граюць на розных конкурсах, ладзяць канцэрты. У выніку напрацаваны досвед дапамагае ім перамагчы. А ў маім выпадку гэта была спроба чагосьці новага для сябе.
АК-З: Каму б ты аддаў прызавыя месцы, калі не сабе?
АЯ: Я б аддаў абсалютную перамогу Сяргею Башлыкевічу. Гэта выканаўца з неверагоднай харызмай, са сваім стылем, з цікавымі тэкстамі. Ён умее працаваць з публікай, трымаць яе. Да таго ж і ў жыцці, і на сцэне гэта неверагодна пазітыўны чалавек. Таму перамогу я б аддаў яму. Але зноў жа паўтару: абсалютна ўсе выглядалі досыць моцна, і кожны па-свойму быў варты перамогі на фэсце.
АК-З: Башлыкевіча журы і без цябе адзначыла, а каго б яшчэ ты мог вылучыць? Што скажаш пра трэцяга пераможцу – Змітра Вінаградава?
АЯ: Я шмат магу пра ўсіх сказаць, але важна тут іншае. Трэба апроч усяго разумець, што “Бардаўская восень” – фестываль са шматгадовай гісторыяй, са сваёй традыцыяй і сваім стылем. І калі казаць пра традыцыю, якой фэст трымаецца нягледзячы на ўсе новаўвядзенні, то Зміцер Вінаградаў – якраз пераможца ад традыцыі. А ўвогуле я б параіў усім, каго не адзначылі, не турбавацца ні ў якім разе на гэты конт. У любым выпадку для кожнага гэта пэўны крок, падзея. Але галоўнае – калі вам ёсць што сказаць слухачу, кажыце! Кажыце незалежна ні ад чога.
АК-З: Як думаеш, сёлетнія канкурсанты маюць шанец у найбліжэйшай будучыні стаць нейкай новай генерацыяй у беларускай музыцы?
АЯ: Ёсць абсалютна ўсе шанцы! А ёсць жа яшчэ вельмі шмат людзей, якія не ўдзельнічалі ў фэсце ці якіх мы пакуль з нейкіх прычынаў не чулі нідзе і ніяк. Але можна смела сказаць, што за апошнія гады беларуская музыка ўсё больш і больш развіваецца, павышаецца якасны ўзровень выканаўцаў. Аранжыроўкі, запісы робяцца ўсё больш і больш цікавымі і прафесійнымі. Шмат у каго з’яўляецца канцэптуальны падыход да музыкі. Так што я лічу, што перад намі будучыня і мы мусім працаваць на гэтую будучыню.
АК-З: А ў самога з’явіліся амбіцыі заняць сваю нішу ў гэтай новай генерацыі беларускай музыкі?
АЯ: Я занадта творчая асоба, каб мець такія амбіцыі і планы. Я проста раблю тое, што раблю. А ўжо калі хтосьці палічыць, што я заняў пэўную нішу, то супер, я буду не супраць. Але мне здаецца, што мне яшчэ трэба зрабіць вельмі шмат працы, каб гэта адбылося. Я, да прыкладу, не думаю, што Зміцер Вайцюшкевіч, калі пачынаў, ведаў, што зойме менавіта такое месца ў беларускай музыцы. Ён мог нешта адчуваць, на штосьці спадзявацца, але, думаю, атрымалася ўсё роўна як атрымалася, а не як задумвалася.
АК-З: Дарэчы Вайцюшкевіч на сёлетнім фэсце быў адным з сябраў журы і сказаў цікавую рэч пра тое, што спакойны за будучыню беларускай музыкі. Па ягоных словах, усё, што адбывалася на сцэне “Бардаўскай восені” ў гэтым годзе, сведчыць, што маладыя музыкі паверылі ў авантуру пад назвай “беларуская музыка” і гатовыя працягваць яго працу.
АЯ: Я б з такім словам, як авантура не пагадзіўся і думаю, што ён у пэўным сэнсе жартаваў. Але з іншага боку, часткова ён мае рацыю. Бо беларуская музыка – гэта не шоў-бізнес, не музычны рынак у тым выглядзе, якім мы яго ведаем у іншых краінах. На дадзены момант гэта ўсё ж у большасці выпадкаў некамерцыйная справа. Але ў гэтым ёсць і свае плюсы. Па-першае, ёсць над чым працаваць. Ёсць шанец стварыць гэты рынак, зрабіць так, каб беларуская музыка для тых, хто ёй займаецца, была і бізнесам таксама. У нас цяпер больш спрыяльныя ўмовы, каб гэта ствараць, чым былі ў тых людзей, хто, да прыкладу, займаўся беларускай музыкай у савецкія, постсавецкія часы. Мне падаецца, што ў Беларусі людзі пачынаюць усё больш і больш адкрывацца свайму, любіць сваё. У Брытаніі ці ў ЗША таксама ж некалі не было музычнага рынку і яго нехта ствараў. Давайце і мы зробім тое ж, замест таго каб глядзець вакол і думаць, што недзе ў Еўропе ці Амерыцы ўсё крута, а ў нас і музыка кепская, і піва нясмачнае, і шоў-бізу няма. Я як чалавек, які некалькі гадоў пражыў у Празе, магу сказаць, што нам, беларусам, трэба больш любіць сябе, прымаць сябе з усімі мінусамі і плюсамі. Любіць сябе, любіць сваё і разумець, што насамрэч усё залежыць ад нас саміх.
АК-З: Дык што, чакаць нам новага беларускага артыста Аляксандра Ясінскага?
АЯ: Чакайце, канечне! Я думаю, што ў найбліжэйшай будучыні я абавязкова зраблю запісы сваіх песень, буду рыхтаваць паўнавартасную праграму, развівацца як выканаўца.
АК-З: Ты ў складзе нашага гурта “BosaeSonca” ўжо шмат гадоў запар выступаеш на “Бардаўскай восені”. Ці мяняецца ўспрыняцце фестывалю ў залежнасці ад таго, граеш ты як госць альбо як канкурсант?
АЯ: Для мяне выступ – гэта выступ, незалежна ад таго, конкурс гэта ці не. У мяне ёсць тое, што я хачу данесці і перадаць людзям, і я перадаю, даношу. Таму я не думаў нават пра тое, што ў зале ёсць журы і яны будуць кагосьці судзіць. А што датычыць успрымання фестывалю, то пра “Бардаўскую восень” я магу сказаць, што гэта ўнікальны фэст. Мне пашчасціла за апошнія гады пайграць на розных фестывалях у розных краінах, але фестываляў з такой неверагоднай атмасферай братэрства і любові проста нідзе няма. Спадзяюся, што “Бардаўская восень” будзе заставацца такой і трымацца сваёй унікальнасці. Я вельмі ўдзячны арганізатарам і яшчэ больш удзячны гурту “BosaeSonca”, дзякуючы якому я на гэты фэст трапіў. Хацелася б, каб мы бралі прыклад з гэтага фэсту і рабілі такое ў Беларусі таксама.
АК-З: На тваю думку, наколькі моцна “Бардаўская восень” уплывае на тое, як выглядае сучасная незалежная беларуская сцэна?
АЯ: Я думаю, што ўплывае. Як мінімум на тых, хто сюды хоць раз трапляў, а такіх нямала ўжо. Яскравым прыкладам можа паслужыць гурт “Re1ikt”, якія гралі такі дабротны, якасны постметал, спявалі на рускай і ангельскай мовах. Але аднойчы яны трапілі на “Бардаўскую восень”, для выступу на якой адмыслова зрабілі некалькі беларускамоўных песень. І, атрымаўшы добры штуршок у выглядзе Гран-пры фестывалю, гэты гурт моцна змяніўся. Па-першае, яны пачалі граць больш акустычную музыку, знайшлі сябе ў такім гучанні. Але самае галоўнае – яны пачалі капаць у сутнасць сваёй беларускасці, звяртацца да беларускага фольку. Што зрабіла іх абсалютна аўтэнтычным і менавіта беларускім гуртом, аналагаў якому няма ні ў адной краіне. І, што самае прыемнае, што “Re1ikt” – не адзіны такі прыклад.
АК-З: Што далей? Якіх крокаў чакаць ад цябе, што можаш прагназаваць наконт астатніх удзельнікаў сёлетняга фэсту?
АЯ: Галоўнае, каб гэтыя крокі рабіліся. Я думаю, што і мне, і ўсім астатнім вельмі важна цяпер не засяроджваць увагу на гэтай адной падзеі, на перамозе ці не перамозе ў “Бардаўскай восені”. Гэта, безумоўна, важная і значная падзея, але варта разумець, што гэта толькі адзін з крокаў, якіх мусіць быць вельмі шмат. Апроч таго, важна, каб гэтыя крокі былі ў адным кірунку, рабіліся мэтанакіравана і асэнсавана. Трэба лёгка і з усмешкай успрымаць любыя перамогі і паразы, ісці да сваёй мэты, вучыцца новаму, быць адкрытым і працаваць.
Алесь Кот-Зайцаў для budzma.by
Фота – Алесь Кот-Зайцаў