“Для мяне фестываль – гэта сустрэчы і станоўчыя эмоцыі, зусім іншы настрой. Тут я адчуваю, што больш люблю людзей, чым звычайна. Я лічу, што нам трэба заўсёды жыць у рэжыме фестываля, каб усе любілі адзін аднаго”, – такія словы прамовіў на адкрыцці XVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” ганаровы госць Кахі Каўсадзэ (Абдула з “Белага сонца пустыні”).
Цырымоніі адкрыцця, якая прайшла ў Палацы Рэспублікі пятага лістапада, папярэднічала цікавае відовішча, якое зрабілася традыцыйным – урачысты праход гасцей і ўдзельнікаў кінафестываля па чырвонай дарожцы.
Вольга Кабо
Павел Латушка са Святланай Сухавей
Кахі Каўсадзэ
Сярод іх: вядомыя беларускія і замежныя акторы, прадусары і сцэнарысты карцін, кінакрытыкі і прадстаўнікі здымачных груп, сябры міжнароднага журы. Цяперашні кінафорум прымае кинематаграфістаў з дзесяткаў краін.
Правесці ўрачыстую цырымонію ўзяліся зорка расійскага кінематорафа Вольга Кабо і беларускі актор Дзяніс Паршын. Гледачоў пазнаёмілі з карцінамі-удзельніцамі фестывалю, прадставілі чальцоў журы, якія будуць працаваць на кінафоруме.
Мінчукоў чакае каля сямідзесяці карцін конкурснай і пазаконкурснай праграмы, шматлікія панарамы (расейскага, карэйка, польскага) кіно, майстар-класы і круглыя сталы. Асноўнымі пляцоўкамі фестывалю стануць кінатэатры “Цэнтральны”, “Перамога” (праграма фільмаў Ёса Стэлінга), “Дом кіно”, “Піянер” (фестываль “Лістападзік”), а таксама малая зала Палаца Рэспублікі і відэакомплекс “Цэнтр-відэа”.
Элеанора Язерская
у цэнтры – Актан Арым Кубат.
Ганаровы госць Веніямін Смехаў (бадай, лепшы савецкі мушкецер), які прыехаў са сваёй дачкой Алікай (актрыса, спявачка і тэлевядучая), прыгадаў гастролі “Тэатра на Таганцы” ў 1979 годзе – “апошнія гастролі Уладзіміра Высоцкага ў Беларусі”, і адзначыў: “Мастацтва не залежыць ад палітыкі. Таму што палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а мастацтва – вечнае. Уладзімір быў забароненым паэтам, але не гледзячы на распараджэнні, яго любілі тысячы”. Дарэчы, Веніямін і Аліка пакажуць у Мінску музычна-паэтычную імпрэзу “Дванаццаць месяцаў танга” – вершы паэтаў Срэбнага стагоддзя, пакладзеныя на музыку танга польскіх кампазітараў 30-х гадоў.
І напрыканцы цырымоніі, былы і сучасны старшыні “Лістапада” Расціслаў Янкоўскі і Генадзь Давыдзька прыгадалі, колькі ўсяго адбылося за гады існавання фестываля і па-традыцыі разбілі талерку, дзе былі аўтографы ўдзельнікаў фестываля мінулага года.
Адзначым таксама, што ў адкрыцці ўзялі ўдзел пластычны тэатр D.O.Z.S.K.I., PALLADIUM electric band і гурт “Горад 312“.
А пасля, ужо на Малой сцэне Палаца Рэспублікі адбыўся прагляд карціны-адкрыцця фестываля – “Елена” Андрэя Звягінцава – трэцяй паўнаметражнай карціны рэжысёра, якая была ўганараваная на Канскім кінафестывалі спецыяльным прызам журы конкурснай праграмы «Адмысловы погляд». Фільм прадстаўляў сам рэжысёр, а па заканчэнні прагляду публіка магла задаць пытанні, даведацца аб падрабязнасцях стварэння сцэнара і самой карціны, падбору акцёраў і многім іншым. Не абыйшлося, як і бывае ў такіх выпадках, без кур’ёзаў – адна з дам старэчага веку ад імя ўсёй беларускай публікі заявіла, што “ў нас заўсёды быў такі пазітыўны і добры фестываль”, і наогул “ў нашай краіне ўсё добра”, “навошта нам такія фільмы”,”навошта выстаўляць свае комплексы на ўсеагульны агляд”. Балазе, аднадумцаў у залі не знайшлося.
Зарына Кандрацьева