Цырымонія адкрыцця XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» другі год запар прайшла ў кінатэатры “Масква”. Гэтым разам уся імпрэза была прасякнутая французскім водарам.
Слоган сёлетняга кінафоруму “Задавальненне для вачэй” – не што іншае, як вядомая назва кнігі мэтра французскага кінематографа Франсуа Труфо.
Нават фільм-адкрыццё фестывалю, як ужо зразумела, таксама належыць французскаму майстру — рэжысёру Гіёму Ніклу, з французскімі ж акторамі — Ізабэль Юпэр і Жэрарам Дэпард’ё.
Прыдатную атмасферу навеяла песня з рэпертуару Лары Фабіян “Je t’aime” у выкананні Аляксандры Гайдук і Карэна Карапецяна.
Але галоўнай зоркай імпрэзы, без сумневу, стала з’яўленне непараўнальнай Фані Ардан, якая прывезла на мінскі кінафорум сваю другую працу ў якасці рэжысёра — “Дакучлівыя рытмы”. Зала вітала акторку стоячы. “Я знала, что это исторический город, в чем-то его история трагична, но жизнь здесь бьет ключом. Я никогда не любила путешествия, но всегда любила кино и благодаря кино могла путешествовать, встречать людей, знакомиться с ними. И очень рада быть сегодня с вами на открытии фестиваля “Лістапад” и провести несколько дней в этом городе”, — усхвалявана прамовіла Фані Ардан.
“Задавальненне для вачэй” гледачам сёлета падораць больш за 180 стужак, што прыехалі ў Мінск з 60 краін свету.
Зарына Кандрацьева