Учора адбылася цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Лаўрэатамі прэміі сталі: за найлепшы пераклад – калектыў часопіса “ПрайдзіСвет”, за найлепшую кнігу паэзіі – Антон Францішак Брыль, за прозу – Віктар Марціновіч.
Згодна са статутам прэміі, прэтэндаваць на яе маглі аўтары да 35 гадоў, якія ў 2011 годзе выдалі сваю першую кнігу або, у выключных выпадках, публікацыю на беларускай мове. Гэта, у прыватнасці, дазволіла намінавацца на прэмію Віктару Марціновічу, які да гэтага не выдаваў прозы па-беларуску: яго насамрэч дэбютны раман “Параноя” быў напісаны па-руску. Па-свойму спрытна скарысталася асаблівасцямі статута і Вера Бурлак, вядомая таксама пад псеўданімам Джэці: маючы паэтычную кніжку, афіцыйна кнігу прозы яна яшчэ не выдавала.
Цырымонію прадказальна распачалі вершам Максіма Багдановіча, які вядоўца Андрэй Хадановіч хацеў прачытаць на памяць, але не даў рады, забыўшыся на радок, чым адразу ж скарыстаўся Эдуард Акулін, падказаўшы працяг, але няправільна. “Вось чалавек, які ў гэтым зале горш за ўсіх ведае Багдановіча, нават горш за мяне”, – парыраваў гэтую рэпліку старшыня Пэн-Цэнтра, напэўна, маючы на ўвазе, што астатнія ведаюць на памяць увесь збор твораў, і прачытаў правільны працяг, падглядаючы ў хіпстарскі нататнік.
Цырымонія праходзіла ў галерэі “Ў” паралельна з персанальнай выставай вядомага актуальнага мастака Антаніны Слабодчыкавай пад назвай “Яно тут”, ад чаго гледачы, што сабраліся павіншаваць маладых літаратараў, пацярпелі, бо палова памяшкання была адгарожаная спецыяльна збудаванай сцяною. З іншага боку, такое суседства было сімвалічным. Антаніна Слабодчыкава працуе ў тэхніцы калажу і ў сваіх працах здзекуецца з друкаванага слова як толькі можа, часам з асаблівым цынізмам, што гучыць ва ўнісон з творчымі метадамі некаторых намінантаў на прэмію. Вымоўным быў і плакат, які заклікаў гледачоў глядзець выставу – выява жанчыны з ружовымі плямамі замест твару і п@@ды: беларускай літаратуры, асабліва маладой, катастрафічна не хапае новых твараў і твораў, якія могуць зацікавіць калі не масавага чытача, дык, прынамсі, двух чытачоў.
Гэта ўскосна пацвярджае і пытанне, якое Андрэй Хадановіч задаў прысутным у зале: “Хто тут чытачы? У сэнсе не пісьменнікі?” Рукі ўзняла прынамсі палова залы, чаму другая палова вельмі парадавалася, але неяк не да канца, нібыта адчуваючы, што ўсе гэтыя “чытачы”, могуць сысціся з імі ў шорт-лісце якой-небудзь прэміі.
Зрабіўшы некалькі рэверансаў у бок Паўла Бераговіча, бізнэсмэна з Расіі, які выступіў ініцыятарам прэміі, вядоўца перадаў слова Уладзіміру Арлову. Той не стаў доўга разважаць пра літаратуру і яе месца ў свеце і, відаць, шкадуючы, што не атрымаў “Еўрапейскага паэта свабоды” пару дзясяткаў гадоў таму, парадаваўся за маладых беларускіх літаратараў і іх “маладыя жаданні”, якія прэмія часткова дазволіць выканаць. Сярод тэрміновых патрэбаў Уладзімір Арлоў асобна адзначыў і выхад другой кнігі кожнага з дэбютантаў. Словы гэтыя таксама былі рэверансам у бок Паўла Бераговіча, што меў сказаць некалькі словаў наступным.
Мецэнат пачаў з просьбы дараваць яму памылкі ў беларускім маўленні, што было, напэўна, шчырым жаданнем выбачыцца, але, улічваючы ўзровень валодання сп. Бераговічам беларускай мовай і ступень значнасці яго асобы да мерапрыемства, – жэстам сімвалічным, кшталту біцця сябе ў грудзі каталіцкім святаром падчас імшы. Далейшая яго прамова мела такі самы рытуальны характар – ён сказаў, што прэмія расце і развіваецца, і калі ў мінулым годзе, яна была немаўляткам, дык у гэтым ужо ўстала на ногі, а неўзабаве ператворыцца ў волата. Палымяна прамовіўшы: “Жыве беларускае слова! Жыве Беларусь!”, мецэнат сеў і больш у развіцці падзеяў удзелу не браў. Ужо пасля сканчэння мерапрыемства ён зазначыў, што зробіць усё, што ў ягоных сілах, каб трэцяя і далейшыя прэміі “Дэбют” адбыліся. Пакуль перашкодаў для гэтага ён не бачыць.
Трэба заўважыць, што Павел Бераговіч – чалавек цікавага лёсу. Ён нарадзіўся і вырас у Расіі, ужо ў сталым узросце зацікавіўся нашай літаратурай, мовай, гісторыяй. Па словах сп. Бераговіча, цяпер ён не толькі адчувае сябе беларусам, але хоча, каб і ягоны сын адчуваў сябе ім і валодаў беларускай мова. Цяпер ужо і жонка мецэната, якая раней ставілася да захаплення мужа “як да вар’яцтва”, памяняла сваё меркаванне, убачыўшы, што гэта сур’ёзная цікавасць, якае дае натхненне і сілы. Прэмія набыла фармат узнагароды маладым літаратарам як адказ “Дэбюту”, што ўжо шмат гадоў праводзіцца ў Расіі.
Пасля прамовы мецэната слова атрымаў сябар журы, які ў мінулым годзе не меў магчымасці ўзяць удзел у яго працы. Як ахарактарызаваў Уладзіміра Някляева Андрэй Хадановіч, — “чалавек, які ведае, што ўзнагароды не варта блытаць з паэзіяй”. У сваёй звычайнай манеры, якая дазваляе без мікрафона выступаць на плошчы, паэт сказаў пра тое, што можа зрабіць яго шчаслівым. Адзначым, што трэба для гэтага не так шмат: каб услед за амбасадарамі еўрапейскіх краінаў “амбасадар Расіі па-беларуску павіншаваў нас з Незалежнасцю”. “Адстраляўшыся” з палітыкаю, сп. Някляеў зрабіў прызнанне, што ягонае пакаленне ўжо “адціснулі маладыя”. На што з месца эмацыйна адрэагаваў паэт Генадзь Бураўкін: “Адпіхнулі!” – выкрыкнуў ён. Смех у залы атрымаўся нацягнутым.
Аднак Уладзімір Някляеў не здаўся і са здаровай самакрытычнасцю прызнаў, што маладое пакаленне стварае на тым узроўні, які быў не па плячы літаратарам ягонага веку. Тым больш светлаю бачыць сп. Някляеў перспектыву беларускай літаратуры. Ён лічыць, што, паказаўшы такі ж творчы рост, як пісьменнікі ягонага пакалення, сённяшнія маладыя майстры слова выведуць беларускую літаратуру на новы ўзровень – “будзе беларукая сусветная літаратура”.
“Вось я не ведаў Брыля Ну, Брыль і Брыль… Але думаю, што Іван Антонавіч вельмі б ганарыўся », — падзяліўся Уладзімір Някляеў сваімі ўражаннямі ад кнігі «Не ўпаў жолуд» аднаго з прэтэндэнтаў на прэмію – Антона Францішка Брыля.
Пасля гэтага прызнання Уладзімір Някляеў павіншаваў прысутных з тым, што «яна ёсць і ёй ніхто нічога не зробіць!»
Гаварылі ўжо доўга, і прысутныя, ладная частка з якіх стаяла, маглі б разбегчыся, таму абачлівыя арганізатары папрасілі Лявона Вольскага, што «адзначыўся ва ўсіх жанрах», прадстаўнікі якіх ганараваліся на прэмію, забавіць публіку. Трэба зазначыць, што спявак, паэт, празаік, перакладчык і драматург Лявон Вольскі зусім нядаўна не трапіў з кнігаю прозы «Міларусь» у шорт-ліст прэміі Гедройца, а ў «Дэбют» узяць яе не маглі праз узрост аўтара. Цяжка сказаць, якія пачуцці ў яго гэта выклікала. «Я тут сёння таму, што няма апаратуры! – пажартаваў Лявон Артуравіч з акустычнай гітарай у руках. – Так бы паклікалі “Песняроў!”» І заспяваў «Скандынаўскую песню» – кампазіцыю з «Белай яблыні грому» на словы Максіма Багдановіча.
Пераклад
«Ганьба тым выдаўцам, які мала выдавалі прозы, і гонар тым, якія шмат выдавалі перакладаў!» – перайшоў Андрэй Хадановіч да блоку ўзнагароджання найлепшых перакладчыкаў, чамусьці забыўшыся сказаць, што людзі, якім «ганьба» і якім «гонар», — гэта адны і тыя ж людзі.
У галіне перакладу намінантаў было чатыры (квоту павялічылі за кошт прозы, дзе трэцяга не знайшлося). Першаю пераклад выйшла чытаць Алеся Башарымава, якая высоўвалася на прэмію за працу па перакладзе кнігі Тувэ Янсан «Капялюш чарадзея», кнігі пра мумітроляў. Але Алеся прачытала ўрывак з іншай кнігі Янсан, пакуль не выдадзенай па-беларуску.
Пакуль перакладчык чытаў тэкст, у памяшканне ўвайшоў Сяргей Патаранскі. «Не, не ведаю, што тут адбываецца. Ніколькі не прыняў », – запэўніў ён нас, і сумнявацца ў ягоных словах як бы і не выпадала.
Алеся Башарымава скончыла рэпрэзент, і яе месца заняла Марына Казлоўская, якая прачытала пранізлівы для кожнага творчага чалавека верш Збігнева Герберта, які, здавалася, апавядаў не толькі пра марнасць усіх прэміяў, але і літаратуры як такой. Прагучаў у яе выкананні і тэкст нядаўна памерлай нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай. Проза з кнігі “Зямля Ульра“ Чэслава Мілаша, за якую перакладчыцу намінавалі на прэмію, не гучала.
Наступнымі Андрэй Хадановіч запрасіў у белы кут, дзе выступоўцы казалі свае словы, калектыў часопіса “ПрайдзіСвет”, які намінаваўся за пераклад кнігі Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці”, якая складаецца як з прозы, так і з паэзіі, аднак, па словах вядоўцы, дзяўчаты намінаваліся “найперш за пераклад навелаў”. Але публіка ўздыхнула, калі намінанткі ўсё ж не сталі чытаць прозу, а прачыталі паэтычныя пераклады. Ганна Янкута прачытала “Лінор” – са словаў перакладчыцы, перадгісторыя знакамітага “Крумкача”, а Кацярына Маціеўская агучыла верш, які “нам падаецца доўгім, а Эдгару По падаваўся кароткім” – “Улялюм”.
Марыя Пушкіна, намінаваная за кнігу Чэслава Мілаша “Даліна Ісы”, атрымала слова наступнай і прачытала пераклад верша, якія яшчэ не друкаваўся на беларускай мове – “Туга марнатраўцы” сучаснага польскага паэта Тадэвуша Дамброўскага. У арыгінале фігуруюць польскія пісьменнікі, а ў беларускім адаптаваным перакладзе згадваліся сучасныя беларускія аўтары, напрыклад, Л. В. Дранько-Майсюк, “якому нельга патэлефанаваць, але можна падалькажыць”, ціАндрэй Хадановіч, у якога наогул “няма мабільніка”. Аўдыторыя адразу ажывілася, і Марыя Пушкіна прачытала пераклад верша вядомага ў Беларусі і ў роднай Украіне паэта Сяргея Жадана. Тэкст заканчваўся словамі “паспрабуй пражыць з чэснай камерцыі”.
Пасля гэтых словаў адкладваць абвяшчэнне пераможцы было ўжо неяк няёмка. Ускрыць канверт даручылі не апошнім перакладчыкам Лявону Баршчэўскаму і Змітру Коласу. Пакуль сп. Баршчэўскі казаў вітальныя словы і даваў рады з папераю, сп. Колас трымаў яму мікрафон. Што гэта сімвалізавала, можна толькі здагадвацца. Магчыма, падказка была ў словах сп. Баршчэўскага пра парадак узнагароджання: “Ты будзеш дыплом уручаць, а я – цалаваць!..”
Цалаваць нікога не пацалавалі, хаця разгарнуцца было дзе, бо журы прысудзіла прэмію калектыву часопіса “ПрайдзіСвет”, то бок чатыром дзяўчатам: Юлі Цімафеевай, Ганне Янкута, Кацярыне Маціеўскай і Алене Пятровіч. І хаця як вядоўца Андрэй Хадановіч агучыў, што “у асноўным за навелы”, адказваючы на пытанні, ён удакладніў: “Паэтычныя пераклады ў кнізе не дазваляюць сумнявацца ў іх высокамастацкасці”. Каментуючы выбар журы, Андрэй Хадановіч выказаў здагадку, што выбіралі самастойную кнігу. Сярод прычынаў таго, чаму ўзнагарода не дасталася Марыне Казлоўскай з перакладам“Зямлі Ульра” Чэслава Мілаша, ён адзначыў, што гэта толькі адна з кнігаў чатарохтомніка, тая самая сітуацыя і з намінаваннем Марыі Пушкінай, а Алеся Башарымава ўжо намінавалася на прэмію (у суаўтарстве) за пераклад папярэдняй кнігі Тувэ Янсан з серыі пра мумітроляў.
Пасля таго як перакладчыцы сышлі і знеслі свой адзін на ўсіх медаль, Лявон Вольскі заспяваў уласны пераклад песніБарыса Грабеншчыкова “Палкоўнік Войніч”.
Паэзія
“У мяне для вас дзве навіны”, – сказаў Андрэй Хадановіч. Добраю навіною стала тое, што геаграфія прэміі пашырылася, і сёлета ні адзін з паэтаў не рэпрэзентаваў Мінск. Ганна Аўчыннікава (за кнігу вершаў «Ад зачыненай брамы») прадстаўляла Горадню, а Антон Францішак Брыль (за кнігу вершаў “Не ўпаў жолуд”) – Цюрых, дзе цяпер працуе. Дрэнная навіна была ў тым, што ні сп. Аўчыннікава, ні сп. Брыль не прыехалі. “Горадня сваіх не адпускае. Не ведаю, ці, згодна з нядаўняй традыцыяй, пусцілі б Брыля”, – пажартаваў на палітычную тэму вядоўца.
Аднак сп. Брыль запісаў відэазваорт, што было дастаткова рызыкоўна, улічваючы няўдалую спробу Аляксандра Лакушука звярнуцца да прысутных на ўручэнні прэміі Гедройца. Пасля таго як святло крыху прыглушылі, аблічча Антона Францішака праступіла на белай сцяне – здавалася, што ён з’явіўся там без дапамогі апаратуры, як нерукатворны абраз, адной моцай уласнага духу. Улічваючы характар вершаў гэтага паэта, ніхто б асабліва гэтаму не здзівіўся. Некалькі хвілінаў сп. Брыль бязгучна варушыў вуснамі, Генадзь Бураўкін другі раз эмацыйна выкрыкнуў з месца: “Да Нобеля навучыцеся!” Аднак арганізатары нейкім містычным чынам далі рады калонкам, і гледачы пачулі канцоўку прамовы: “Калі я буду гаварыць – гэта будзе не ў тэму”, – сказаў намінант і прачытаў новы верш “Нарач”. Ягоныя словы пра “цішыню глухую”, бадай, найлепш апісалі настрой прысутных, што слухалі гэты тэкст.
Трэцяя намінантка Анастасія Кацюргіна (за кнігу вершаў “Пад ветразем ранку”) прадстаўляла Гомель. Дарэчы, у мінулым годзе ў яе выйшла адразу дзве кнігі паэзіі. “Неяк так атрымалася”, – патлумачыла яна. Сп. Кацюргіна прачытала некалькі вершаў, што было вельмі дарэчы, бо пра само яе існаванне большасць прысутных даведалася з афішы мерапрыемства. Хаця, можа быць, на прэміі “Дэбют” гэта нармальна. Чытала намінантка ў крыху дзіўнаватай манеры, з лёгкім прыдыханнем. Тэматычна вершы былі прысвечаныя жаночаму каханню, з цытатамі, якія лавіла вуха: “раскрыю парасон, узбуджаная трошкі”, “пафарбавана ў колер яго вачэй” і г.д.
Абвясціць пераможцу ў намінацыі арганізатары даручылі Віталю Рыжкову, які атрымаў “Дэбют” у галіне паэзіі летась. Узяўшы ў рукі медаль, ён адразу зазначыў: “Гэта не той”. Узнагароду ў якой галіне яму хацелі падсунуць, паэт не ўдакладніў. Як і чакалася, у канверце было імя Антона Францішака Брыля. У прынцыпе, сумневы ў гэтым былі толькі ў тых, хто не чытаў кнігі іншых прэтэндэнтаў.
Як зазначыў Андрэй Хадановіч, адказваючы на пытанне, “прэмія ў галіне паэзіі сёлета абышлася без прафанацыі. Вельмі добра, што другі год запар прэмію імя добрага паэта Багдановіча атрымлівае напраўду варты гэтага добры паэт, а рашэнне журы з’яўляецца бескампрамісным”.
Віталь Рыжкоў далёка ад сцэны не адыходзіў і прачытаў тры вершы – прачытаў так, што стала зразумела, чаму ў мінулым годзе, ён атрымаў першы прыз: ягоныя словы не проста стваралі вобраз і водар у паветры, але нараджалі за сабою гісторыю, гісторыю, якую кожны бачыў перад вачыма, але кожны па-свойму.
За ім слова ўзяў намінант у галіне паэзіі мінулага года Ігар Кулікоў, які чытаў без мікрафона, бо “зранку папрактыкаваўся – пакрычаў на дзяцей” і быў вельмі ўсцешаны тым, што “прэмія не загнулася”. Ягоныя словы і ягоная ўпэўненая манера пакідалі сумневаў, што “Верш пра самавітага чалавека” быў правільна выбраны ім для чытання.
Закрыў блок Лявон Вольскі, праспяваўшы песню “Хто натхніць мяне на смерць” на словы Анатоля Сыса, “на маю думку, вялікага паэта”, зазначыў Вольскі, трапляючы ў трэнд.
Проза
“Мала, мала Брыля!” – ускрыкнуў, нібы на вяселлі, Андрэй Хадановіч і прачытаў верш пераможцы, што заканчваўся словамі “мяне няма”. Антона Брыля напраўду не было ў зале, і слова ўзяў Валянцін Акудовіч.
Ён расказаў у прынцыпе не новую гісторыю пра тое, што беларуская паэзія абагнала беларускую прозу. “Нікога з тых, што былі або ёсць, не магу паставіць упоравень з Алесем Разанавым”, – правакацыйна заўважыў сп. Акудовіч. Галоўнай вартасцю кнігі Веры Бурлак “Творы соннага жанру”, паводле меркавання беларускага філосафа, з’яўляецца мастацкая рэабілітацыя беларускага постмадэрнізму, які на старонках кнігі перастае быць страшнаю пачвараю і ператвараецца ў пухнатае кацяня. Паводле сп. Акудовіча, Вера Бурлак “вызваліла беларускі постмадэрнізм ад пракляцця”. Паколькі слова “постмадэрнізм” з вуснаў Акудовіча не гучала ўжо гадоў сем-восем, відаць, кніга яго напраўду ўразіла.
Бацька “Бум-бам-літу” адзначыў, што другі намінант, Віктар Марціновіч, вершаў, у адрозненне ад Веры Бурлак, не піша і ніколі не пісаў, прынамсі, нікому не паказваў. У рамане “Студзёны вырай” філосаф знайшоў адразу тры вартасці: унікальны стыль, неверагодную структуру і электронную форму выдання. Праўда, тым, хто раман не чытаў, гэта ўсё адно ні пра што не сказала, зрэшты, як і апісанне кнігі Веры Бурлак. Валянцін Акудовіч папрасіў, каб “на наступнай прэміі Гедройца” Віктар Марціновіч паставіў яму аўтограф на сваёй новай папяровай кнізе (мелася на ўвазе, на кнізе, якае атрымае галоўную прэмію).
Затым слова атрымала Вера Бурлак, якая спачатку неяк збянтэжана сказала пра гук мікрафона: “Я чую там чужога чалавека”, а пасля прачытала проста з намінаванай кнігі “можа быць, не найлепшае, але кароткае” апавяданне — па сюжэце пра алергіі, а па сутнасці пра постмадэрнізм. У шапачцы з “вушкамі”, чырвоных боціках і джынсавым камбінезоне, яна нагадвала хутчэй вулічнага артыста, чым празаіка на ўручэнні прэміі. Яна скакала і рабіла акцэнт на кожным слове. Часам было няясна, з чаго смяюцца людзі – з яе апавядання ці з таго, што яна робіць.
Віктар Марціновіч адразу зрабіў “сенсацыйнае прызнанне” пра тое, што ягоны раман “Студзёны вырай” напісаў не ён, а рэдактар тэксту Аляксандра Дорская. Праўда, праз секунду пісьменнік удакладніў, што гэта жарт – даніна павагі рэдактару, якая цярпліва выпраўляла ягоныя памылкі ў беларускай мове, бо раман “Студзёны вырай” – першы беларускамоўны тэкст сп. Марціновіча, які да гэтага пісаў выключна па-руску. А пасля расказаў “Гісторыю пра літару А”, маўляў, ужо сем месяцаў ён вядзе калонку на беларускай мове, якую вывучае, але да канца не ведае. Для праверкі ж арфаграфіі сп. Марціновіч выкарыстоўваў аўтаматычны спэлчэкер, які чамусьці пачаў падкрэсліваць літару “а”. Вырашыўшы, што такой літары ў якасці злучніка няма ў беларускай мове, ён навучыўся абыходзіцца без яго. Для сп. Марціновіча гэтая гісторыя стала прыкрым прыкладам таго, як беларуская мова знікае і дэградуе. Але ў той жа час, ствараючы тэксты па-беларуску, сп. Марціновіч напаўняецца адчуваннем, што робіць важную справу.
Аб’явіць пераможцу на сцэну запрасілі рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча. Ён адзначыў, што ў журы “стала больш працы”, маючы на ўвазе колькасць пададзеных на прэмію кніжак. Але ў той жа час Барыс Пятровіч сказаў, што гатовы працаваць яшчэ болей – абы беларуская літаратура развівалася.
Ён і аб’явіў пераможцу. Ім стаў Віктар Марціновіч, які намінаваўся за раман “Студзёны вырай”. Атрымаўшы медаль і дыплом, празаік ціхенька адышоў у дальні кут і, пакуль ніхто не бачыў, кранальна пацалаваў сваю ўзнагароду.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці не лічаць ён “Дэбют” “падачкаю”, якую яму кінулі за адсутнасць у шорт-лісце прэміі Гедройца, Віктар Марціновіч адзначыў, што “засмучаны тым, што не трапіў у шорт-ліст”, аднак “не сумняецца ў правільнасці выбару і кампетэнтнасці журы”, тым больш што не лічыць прэмію “Дэбют” падачкаю, а, наадварот, вельмі ганарыцца ёю. Па словах Віктара Марціновіча, гэта вельмі важная прэмія, якая вылучаецца не медалямі, дыпломамі і грашоваю часткаю, а спісам тых, хто атрымліваў яе раней. Сярод такіх лаўрэат асабліва адзначыў “пранізлівага”, “найлепшага з паэтаў майго веку” Віталя Рыжкова.
Каментуючы выбар журы, Андрэй Хадановіч адзначыў, што “безальтэрнатыўнасці ў прозе” не было, нягледзячы на тое, што літаратурныя крытыкі лічылі, што перамога адназначна за сп. Марціновічам. Наш суразмоўца адзначыў, што “асабіста ён галасаваў за Віктара”, бо, на думку старшыні Беларускага Пэн-Цэнтра, кніга як такая лепш атрымалася у Віктара, хаця паасобныя старонкі лепшымі былі ў Веры. Аднак, па словах Андрэя Хадановіча, рашэнне журы не было аднадушным, і палеміка на паседжанні разгарнулася даволі вострая, “кожны з сяброў зацята адстойваў аднаго з кандыдатаў”. Філосаф Валянцін Акудовіч таксама прызнаўся нам, што галасаваў за Віктара Марціновіча. А вось вядомы паэт Віктар Жыбуль, які хоць і не з’яўляецца сябрам журы, затое жанаты на Веры Бурлак сказаў, што чытаў абедзве кнігі, але адмовіўся сказаць, каму б ён аддаў перавагу, спаслаўшыся на тое, што гэта “занадта розныя кнігі”.
Мы правялі невялікае апытанне сярод намінантаў на прэмію і высветлілі, што ні сп. Марціновіч, ні сп. Бурлак не чыталі кнігі канкурэнта, за што шчыра папрасілі прабачэння. Не чытала кніг канкурэнтаў і Анастасія Кацюргіна. Хаця апошняй, беручы пад увагу яе напраўду малады ўзрост і не мінскую прапіску, можна дараваць неабазнанасць, аднак пра штосьці ўсё гэта гаворыць. Верагодна, пра тое, што беларускай літаратуры час пазбавіцца “тусовачнасці”, а тры гэтыя аўтары належаць да абсалютна розных “тусовак”. Калі верыць словам Кацярыны, прадавачкі кнігарні “логвінаЎ”, чытачы ўжо пазбаўленыя пісьменніцкіх стэрэатыпаў: “Добра ішлі кнігі ўсіх намінантаў, што былі ў наяўнасці”, і нават тыя, якіх не было, карысталіся попытам. “Сцюдзёны вырай” увесь час пытаюць, бо не дачытваюць анатацыі да канца”, – паскардзілася яна.
Паэт Эдуард Акулін, вядомы тым, што часта папракае маладое пакаленне ў пагардлівым стаўленні да класікаў, сказаў, што вельмі радуецца маладым імёнам, якія былі прадстаўленыя на прэміі, асабліва ён адзначыў “зямлячку” Анастасію Кацюргіну, якая, на яго думку, сфармавалася як творца пад уплывам класічнай традыцыі беларускай літаратуры і з’яўляецца яе апалагетам. Ён яшчэ раз нагадаў маладым, што “трэба шанаваць класікаў”, бо і самі маладыя літаратарамі “калісьці стануць класікамі”. Як той казаў, яго б словы ды Богу ў вушы. Але найбольш трапна акрэсліла сітуацыю з уручэннем прэміі літаратурны крытык Ганна Кісліцына, якая апісала ўвесь працэс вылучэння намінантаў, іх “журэння” і ўручэння прэміі двума словамі: “Усё нармальна!”
Даведка budzma.org
Літаратурная прэмія «Дэбют» заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Прэмія ўручаецца штогод за кнігі ў тых жанрах, у якіх ствараў Максім Багдановіч.
Журы прэміі: Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Павел Бераговіч, Марыя Мартысевіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Скурко, Андрэй Хадановіч.
Андрэй Адамовіч, фота Аляксандра Ждановіча.