Літоўскі фільм Марыса Мартынсонса «Непатрэбныя людзі» (Loss), што намінуецца на преміі «Оскар» і «Залаты глобус», беларускія гледачы ацэняць 5 лістапада ў кінатэатры «Цэнтральны». Перад сеансам Марыс Мартынсонс і прадзюсар кінастужкі Лінда Кална раскажуць гледачам пра тое, як стваралася карціна, якія цяжкасці ўзнікалі падчас працы над ёю.
Драма «Непатрэбныя людзі» звяртаецца да актуальных праблемаў сучаснасці — эміграцыі, усынаўлення, апекі. Режысёр паказвае рэальнасць, у якой вымушаныя існаваць «непатрэбныя» людзі, іх унутраную барацьбу і спробы выжыць у гэтым варожым для іх свеце. Галоўную ролю ў стужцы сыграў вядомы літоўскі рок-музыкант Андрус Мамонтавас, які напісаў і музыку да фільма.
Адметанасць стужкі ў тым, што яна была цалкам знятая на ручную камеру. Яна рухаецца хутка і бесперапынна сочыць за сваімі героямі. Дзякуючы такому прыёму, у гледача складваецца ўражаньне ўцягнутасці ў падзеі на экране і блізкасці да герояў.
Карціна была цалкам створаная на асабістыя сродкі режысёра, пасля таго як яго праект адхілілі ў Міністэрстве культуры Літвы. Фільм атрымаў вялікую папулярнасць сярод кінааматараў, напрыклад, толькі ў Літве яго паглядзелі 50 тысяч чалавек. Ён стаў трэцім фільмам па ўзроўню прыбыткаў за ўсю гісторыю літоўскага кіно.
«Непатрэбныя людзі» былі адзначаныя журы XI Шанхайскага міжнароднага кінафестывалю дзвюма ўзнагародамі: лепшаму рэжысёру і лепшаму кампазытару.