Малады рэжысёр Дзяніс Фёдараў распачаў у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы серыю чытак сучаснай драматургіі. 7 снежня быў прачытаны тэкст Максіма Дасько “Лондан”. У гэтай падзеі сышліся важнейшыя трэнды айчыннага тэатра.
Калі гадоў дзесяць таму найважнейшай тэмай парадку дня была драматургія, то цяпер мы мусім прызнаць такой праблемай рэжысуру. Разбор праблемаў сучаснай рэжысуры — тэма асобнай размовы. А вось пра станоўчыя прыклады хочацца расказаць, і прыемную нагоду дае Брэст. Пра спектакль “Навальніца” Фёдарава я расказваў, і той факт, што малады рэжысёр не абмяжоўваецца працай над рэпертуарнымі спектаклямі, але і працуе ў інфармацыйным полі, арганізуе чыткі, дыскусіі, прыемны. Вельмі хочацца, каб з такіх імпрэзаў фармаваўся рэпертуар тэатра, але гэта пытанне ўжо да кіраўніцтва.
Невыпадковым нам тут падаецца і выбар п’есы для чыткі.
Адзін з найважнейшых трэндаў пачатку стагоддзя ў тэатры і ў драматургіі ў прыватнасці — пытанне ўласнай ідэнтычнасці, адвечныя пошукі: хто ж я такі і што мне рабіць.
Найбольш яскравыя тэатральныя падзеі апошніх гадоў сведчаць менавіта пра гэта. Спектакль “Білінгвы” адабралі ў спецыяльную праграму расійскай “Залатой маскі” менавіта з такой фармулёўкай. Праект Дзмітрыя Багаслаўскага і Аляксандра Марчанкі “Мабыць” прысвечаны пошукам “таемнага беларуса”. У гэтым жа кантэксце цікава разглядаць п’есу Максіма Дасько “Лондан” — на маю думку, самы цікавы беларускі драматычны тэкст апошніх гадоў.
Максім Дасько не піша п’есаў у звычайным разуменні. Як і большасць прадстаўнікоў беларускай драматургічнай хвалі, ён не тэатральны аўтар. Ён прыйшоў да ўдзелу ў драматургічным конкурсе ўжо з досведам праектаў, звязаных з фатаграфіяй, дзе таксама прысутнічаў тэкст. І яго драматычныя творы таксама ўтрымліваюць фотаздымкі, аўдыё.
Гэта датычыць і “Лондана”: п’еса пра вандроўку рабацягі-санцехніка ў сталіцу Англіі суправаджаецца фотаздымкамі і любімай песняй галоўнага героя.
Тэма ідэнтычнасці раскрываецца самым простым спосабам: мы глядзім на сябе ў замежным кантэксце. У спектаклі “Мабыць” гэты прыём таксама выкарыстоўваецца.
Але тэкст Дасько выбітны тым, што банальная і занадта “правільная” ідэя пра “дзе нарадзіўся, там і прыдаўся” пададзеная, з аднаго боку, без салодкага сіропу, досыць нейтральна, разважліва, але з іншага боку, адсутнічае звычайная ў гэтай сітуацыі прыніжальная іронія. Хаця пры жаданні да гэтага тэксту можна паставіцца якраз іранічна.
Нейтральная інтанацыя вельмі выразна падкрэсленая ў першых сцэнах, дзе падрабязна расказваецца тэхналогія сантэхнічнай працы. Гэтыя часткі тэксту нагадваюць традыцыі савецкай “вытворчай п’есы”. Звычайна характары раскрываліся ў вытворчых стасунках (як пісаў Брэхт, каханне і сяброўства — гэта найперш пытанні вытворчасці). Беларус на працы выяўляе тыя самыя нацыянальныя рысы характару, якія мы ўсе так любім: стрэсаўстойлівасць, адказнасць і ўважлівасць. Гэта, як звычайна, працяг рысаў адмоўных — закрытасці, якая сягае нават аўтычнасці.
Па сюжэце герой трапляе ў Лондан дзякуючы свайму таленту саломапляцення. Нездарма абраны такі від хобі, дзе ў меншай ступені патрэбныя здольнасці да камунікавання. Чалавек, які стварае інсталяцыі з саломы, чымсьці нагадвае драматурга, які тым самым чынам пляце словы. Беларускія драматургі ў нейкім сэнсе зрабіліся такімі папулярнымі, бо яны якраз не маюць неабходнасці ў калектыўнай працы для сваёй творчасці.
Гэта надае герою аднак іншую здольнасць — рацыянальнага асэнсавання інсайтаў. Унутры героя быццам умантаваны нейкі эмацыянальны тормаз, які не дае яму з’ехаць з катушак у самыя складаныя часы.
Найбольш паказальнымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца сцэны ў Лондане, калі галоўны герой паважліва глядзіць на амуніцыю лонданскіх сантэхнікаў, але зневажальна каментуе якасць вады з крану. Лондан па змоўчанні падаецца горадам-марай, горадам-казкай (“Ці ты дурны не паехаць у Лондан?”), горадам кантрастаў, горадам-выраем, куды мае імкнуцца кожная разумная душа. Але раптоўна высвятляецца, што адчуваць сябе непрытульна можна і ў горадзе-мары. Больш за тое, схільнасць да ідэалізацыі наўпрост уплывае на глыбіню расчараванасці.
Уся гэтая гама пачуццяў вельмі блізкая светаадчуванню большасці сучасных беларусаў, якім і дома цяжка, і ў свеце страшна.
Цікава, што на чытцы ў Брэсце тэкст быў прыняты вельмі прыязна, хоць там мы былі б у праве чакаць кансерватыўнай публікі, якая звычайна крытычна ставіцца да такіх тэатральных эксперыментаў. І тут вельмі важна, каб эксперымент не страціў непасрэднай сувязі са сцэнічнай практыкай.
Асабіста я спадзяюся, што чытанні сучаснай драматургіі ў Брэсце прывядуць урэшце да з’яўлення спектакляў.
Аляксей Стрэльнікаў, фота Дзяніса Фёдарава