Спецыялісты лічаць сур’ёзным парушэннем ужыванне цаліндраваных бярвенняў замест плоскага бруса
Шум вакол Лошыцкай сядзібы ў Мінску падняўся, калі да яе дабраліся айчынныя рэстаўратары. Неабыякавую грамадскасць абурыў не сам факт рэстаўрацыі, а тое, што было прынятае рашэнне цалкам разабраць драўляную частку дома і адбудаваць нанова. Рэстаўратары заўпэўнівалі, што старое дрэва будзе пільна даследавана і па-магчымасці вернецца назад. Учора мне давялося быць у Лошыцы. Нават непадрыхтаваным вокам відаць, што ніводнага старога бервяна ў сядзібу не вярнулася — усё дрэва новае і пахучае. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч кажа, што, у прынцыпе такое дапушчальна.
Антон Астаповіч: Калі рэстаўруюцца зрубныя пабудовы, цалкам дапушчальна, што зруб разбіраецца, частка матэрыялу пакідаецца для рэстаўрацыйных мэтаў — ідзе далей у зруб, а частка, якая непрыгодная, замяняецца новымі элементамі. Гэта цалкам нармалёва для рэстаўрацыі драўляных элементаў.
Аднак спадар Антон таксама абураецца, што ніводнае аўтэнтычнае бервяно не вярнулася назад. Бо ён, як адмысловец, быў на месцы. І перакананы, што такое было магчыма.
Антон Астаповіч: Тое, што зараз цалкам стаіць новы зруб — гэта трэба мне будзе даведвацца, з якіх прычын яны яго паставілі. Бо ўсё ж такі там далёка не ўсё, але каля 20-25% элементаў зруба магло пайсці зноўку ў канструкцыю. Я 17 гадоў працаваў у Музеі народнага дойлідства. І ў мяне гэтыя крытэры — я нават візуальна магу вызначыць.
Але Антон Астаповіч звяртае ўвагу на сапраўды сур’ёзнае парушэнне з боку рэстаўратараў. Калі яно не будзе выпраўлена, спадар Астаповіч звернецца з пратэстам у адпаведныя структуры.
Антон Астаповіч: Мне трэба тэрмінова туды паехаць паглядзець: якое гэта дрэва, як яно зроблена, як там вуглы спалучаны. Я ўжо некалькі разоў чуў, што гэта цыліндраванае дрэва. Тады мне трэба ехаць і глядзець. Таму што стары зруб — ён быў брус. Бярвёны былі ачэсаныя, плоскія. Вось гэта, дарэчы, вельмі вялікае парушэнне.
Лошыцкая сядзіба ў Мінску — яшчэ адзін прыклад беларускай рэстаўрацыі, калі пасля праведзеных прац помнік архітэктуры нібыта выглядае гэтак жа сама, але не паварочваецца язык назваць гэта будынкам ХІХ стагоддзя. На плоце вакол Лошыцкай сядзібы мне кінулася ў вочы звычайная для будовы таблічка “Праход забаронены”. Вось толькі зверху нехта дапісаў там — “рэстаўратарам”. І паставіў гэтае слова ў двукоссе.